Дзякуй, добрыя людзі!

12:02 / 26.12.2011

Пяць гадоў таму ў нашым раёне праз беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пры матэрыяльнай падтрымцы кансорцыума Германскага, Аўстрыйскага і Швейцарскага Чырвонага Крыжа пачаў дзейнічаць праект “Гармонія дабра і ўзаемадапамогі”, а з 2010 года пры падтрымцы пасольства Фінляндыі ў Літоўскай рэспубліцы праект “Цяпло сэрцаў дзецям”. Абодва праекты накіраваны на аб’яднанне бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у групу аднадумцаў для вырашэння праблем агульнымі намаганнямі і паляпшэння якасці жыцця гэтых сем”яў.


У ходзе дзейнасці праектаў было запланавана і рэалізавана шмат мерапрыемстваў: гэта і паездка ў Мінск на кансультацыі да вузкіх спецыялістаў, і сумесная экскурсія ў сталіцу з наведваннем парка імя Горкага, Нацыянальнай бібліятэкі, дзяржаўнага цырка, паездка ў конна-спартыўны комплекс “Гіпіка”. Традыцыяй сталі сустрэчы, прымеркаваныя да Дня інвалідаў, Дня маці, навагодніх свят.
Зусім нядаўна ў рамках праекта “Цяпло сэрцаў дзецям” з мэтай узаемадапамогі быў арганізаваны мацярынскі клуб “Надзея”, у які ўвайшлі многія мамы, якія выхоўваюць хворых дзетак.
Але ўсё гэта было б немагчыма без падтрымкі нашых партнёраў і проста зацікаўленых людзей. На працягу пяці гадоў побач з намі заўсёды былі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтра пазашкольнай работы, нас заўсёды падтрымліваў раённы выканаўчы камітэт, раённая газета і прыватныя прадпрымальнікі.
У кастрычніку ў рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” па ініцыятыве раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа прайшоў круглы стол, які прысвячаўся праблемам дзяцей-інвалідаў і іх сем’яў. На такі вынік гэтага мерапрыемства мы не маглі спадзявацца нават у самых сваіх смелых марах. Сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеткі з самай цяжкой, чацвёртай ступенню страты здароўя, атрымалі і працягваюць атрымліваць матэрыяльную дапамогу на набыццё падгузнікаў. Шчыры дзякуй хочацца сказаць тым людзям, якія адгукнуліся на нашу просьбу аб дапамозе ў арганізацыі круглага стала. Гэта ў першую чаргу намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, галоўны ўрач ЦРБ В.І. Тачоны, а асабліва дзякуй галоўнаму рэдактару газеты Н.А. Рыбік, якая, як старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, выступіла ініцыятарам акцыі па збору сродкаў для цяжка хворых дзяцей-інвалідаў.
Нельга словамі выказаць нашу ўдзячнасць тым людзям, якія, ахвяруючы сваімі сродкамі, хочуць дапамагчы нам у бядзе. Хай міласцівы Бог беражэ вашыя сем’і.
Асаблівыя словы падзякі хочацца сказаць і старшыні раённай арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вользе Іосіфаўне Руднік, чалавеку з вялікім шчырым сэрцам, якое заўсёды гатовае адгукнуцца на чужы боль. І не таму, што яна ўзначальвае такую гуманную арганізацыю, а таму, што проста не можа інакш. Менавіта дзякуючы ёй мы змаглі аб’яднацца ў клуб “Надзея”, дзе сталі фактычна адной сям’ёй. Дзякуй Вам, Вольга Іосіфаўна, за тое, што вы ёсць у нашым жыцці.
І напярэдадні свят усім добрым людзям хацелі б пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, цяпла і ўтульнасці вам і вашым сем’ям, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай у наступным годзе споўняцца ўсе самыя запаветныя жаданні і кожнаму спадарожнічае ўдача. Шчаслівага Новага года і шчаслівых Калядаў!


Ад імя бацькоў мацярынскага клуба “Надзея” Люцыя МАЦКЕВІЧ.