25 снежня ў Астраўцы пройдзе дабрачынны турнір па міні-футболе

13:16 / 23.12.2011
Падчас святкавання Калядаў, 25 снежня, на гарадскім стадыёне адбудзецца турнір па міні-футболе. Аднак гэта будзе не проста звычайнае спаборніцтва, а дабрачынная акцыя, дзе кожны можа пабываць у ролі Дзеда Мароза і стварыць хоць і невялікі, але сапраўдны цуд.

Арганізатарамі і ініцыятарамі добрай справы сталі аддзел па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама сумесна з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа. Дабрачынная акцыя так і называецца “Спартсмены – дзецям!”.
У гэты дзень на стадыёне збяруцца футбалісты з Астравеччыны, плануецца таксама і прыезд каманд-гасцей, каб згуляць некалькі сяброўскіх матчаў па міні-футболе. Аднак не гэта галоўнае. Ля стадыёна будзе размешчана спецыяльная ўрна, куды кожны жадаючы – як ігракі, так і балельшчыкі ці проста прахожыя, змогуць ахвяраваць грошы. На гэтыя сродкі будуць куплены навагоднія падарункі для дзяцей, якія наведваюць аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў.
Такім чынам, хто хоча паўдзельнічаць у акцыі, прыходзьце 25 снежня ў 11.00 на гарадскі стадыён.


Марына МАЦКЕВІЧ.