Пра салдацкія будні ўспамінаюць астраўчане

10:21 / 23.02.2021
Кожны раз напярэдадні 23 лютага нашы браты, бацькі, дзяды – тыя, хто прайшоў школу сапраўднага мужчыны, – успамінаюць гады салдацкага жыцця – для многіх вельмі далёкія, але ад гэтага яшчэ больш цікавыя і дарагія…

Рамуальд Журэйка (на фота справа), тракта­рыст-машыніст саўгаса «Падоль­скі»:

Ромуальд Журейко (справа).jpg


– Прызываўся ў 1984 годзе. З землякоў са мной пайшлі хлопец з Катлоўкі і астраўчанін Ігар Ялоўскі. 

Адразу трапіў у каранцін у Мар’іну Горку, потым на машынах адвезлі ў аэрапорт Мінск-2 – ён тады толькі будаваўся, там была ўсяго адна ўзлётная паласа. Палову дня праляжалі на свежанькім асфальце ў чаканні самалёта. Потым нас выстраілі ў 2 доўгія шарэнгі і раздзялілі – направа і налева. Мы не ведалі, навошта. Аказалася: «правыя» пайшлі на Афган, а нас, «левых», пасадзілі ў самалёт…

Гадзіну ляцім, другую. Калі прызямліліся, убачыў бярозавы гай, дрэвы зялёныя – слава богу, думаю, не на поўнач закінулі.

Там у лесе была вялізная казарма, дзе і начавалі. Пазней даведаліся, што мы ў Чэхаславакіі, трапілі ў цэнтральную групу войскаў. Адтуль мы паехалі ў часці. Я служыў у невялікім гарадку Багданіч.

Першыя паўгода быў  у вучэбнай роце, дзе атрымаў спецыяльнасць радыётэлеграфіста. Мы займаліся радыёперахопам і пеленгацыяй  наземных станцый ФРГ і Аўстрыі. 

Потым была баявая рота: 6 гадзін у дзень адслужыў – 6 праводзіш у казарме.  Спаць даводзілася па 4 гадзіны. Але мне хапала. Праз паўтара гады службы мяне, ужо сяржанта, направілі ў вучэбку – вучыць маладых. 

Сядзіш у прыёмным цэнтры  ў навушніках, слухаеш і пішаш у спецыяльных кніжках. Лісты  такіх запісаў доўгія – скручваць можна было. 

Пакуль быў радавым, атрым­ліваў 70 крон – 7 рублёў на «нашы», сяржантам – 130. За 180 крон у магазіне ў часці можна было купіць джынсы, майку і красоўкі. Набывалі – такога моднага  адзення і абутку ў Саюзе не было!

Лісты дахаты адпраўляў часта. Пісалі ўсе дружна – бацькам, родзічам, сябрам. Пісаў і каханай, прычым часцей, чым бацькам. (Смяецца.) Яна мяне чакала – і дачакалася. А  па-іншаму і быць не магло: мы з Валянцінай у адзін клас, пачынаючы з 1-га, хадзілі, усе школьныя гады разам. 

Што цікавага падчас службы было? Кожную раніцу 6 кіла­метраў бегалі – для гэтага нас выпускалі за агароджу часці. Бяжыш па населеных пунктах, а там дамы такія дабротныя, сады вялікія, персікі і абрыкосы на дрэвах вісяць… Хочацца сарваць – а забаронена. Міма возера прабягаеш – а купацца нельга. Залезеш у ваду – дзісбат. 

Тэхніку чэшскую бачылі – у іх не такія машыны былі, як у нас. 

Два разы  вазілі нас на работы да чэхаў. Пасля камбайна для ўборкі буракоў мы па полі сабіралі бацвінне – дзіва! 

За 2 гады службы самы вялікі мароз ціскануў –10 °С. У шапках апускалі «вушы» – было вельмі холадна, бо там  высокая вільгаць. 

Дэмабілізаваўся – там сады цвілі, дадому прыехаў – на вуліцы каля +8 °С, а я без шыняля – у нас яго не было. Трое сутак дабіраўся – праз Украіну ў Мінск, потым у Вільнюс і ў Астравец. Прыехаў аўтобусам, іду, бачу: метрах у 500-х маці стаіць. Яна паглядзела ў мой бок – і прайшла міма. Не пазнала. 


Іван Гарбачэўскі, вартаўнік Мальскага ясляў-сада:

Иван Горбачевский.jpg


– Прызы­ваўся ў 1983-м.  Трапіў на Чарна­морскі флот. Далёка паслалі? Ну і што! Ніхто пра гэта не думаў. Гэта быў Савецкі Саюз – за Радзіму толькі наперад! 

У Міжземнамор’і мы раман­тавалі надводныя караблі і падводныя лодкі. Выходзілі ў мора некалькі разоў. Экіпаж – 150 чалавек. Баявая служба мінімум на 9 месяцаў, а здаралася бываць па 12 і 14. 

Традыцыя ў «першакоў» была: першы раз выходзячы ў мора, п’еш з яго ваду. А праходзілі мы Чорнае, Марму­ровае, Эгейскае, Міжзем­на­мор’е – 4 «пля­фончыкі» потым выходзілі «бокам». (Смяецца.)

Стаялі спачатку ў Тартусе – гэта горад у Сірыі. У порце да нас прышвартоўвалася падводка, экіпаж адпраўляўся адпачываць у Сочы, а мы працавалі. Я быў кранаўшчыком – выцягваў праз люкі зламаныя запчасткі, рухавікі. Мы тачылі, фрэзеравалі, варылі, рамантавалі – на судне быў сапраўдны міні-завод. Здаць лодку павінны былі не пазней чым праз месяц. 

Другая баявая служба праходзіла ў Тунісе. Тут мы дакаваліся самі: ставілі на вонкавы рамонт свой карабель. Было спякотна: +500С. Стаіш на палубе, нібы на патэльні смажышся.  Таму прачыналіся ў 4 гадзіны, працавалі да 8-мі, а ў самую спякоту адпачывалі.

У Тунісе быў рамонтнікам станочнага абсталявання.  Вахта – на камбузе, прасцей – кухні. Яна лічылася адной з лепшых у брыгадзе – стараліся гатаваць смачна. Фрукты і гародніну на карабель пастаўлялі арабы. Аднойчы мы заўважылі, што дзіркі ў мяхах з бульбай заткнуты кропам – у іх такая зеляніна лічылася травой. Мы яе раз забралі і замарынавалі, другі – а потым пастаўшчык заўважыў гэта і пачаў нам кроп прывозіць і пятрушку. 

Тры гады праляцелі як 3 дні. Мне, лічу, пашанцавала: не было ў службе манатоннасці – увесь час нечым займаліся. Культпаход у горад заўсёды быў цікавым. У Тунісе з гэтым прасцей, а вось сірыйскія законы больш строгія – нават зрабіць фотаздымак, на якім на заднім плане будзе іх жанчына, было забаронена. 

З 19 гадзін – вольны час. Выходзіш на ют, а там ужо 2 баяны, акардэон – і «Маруся раз-два-тры…» раздаецца. Быў свой кінатэатр і свой ансамбль. Гарадскія танцы нас не цікавілі – былі такія ж, як у Саюзе. Ды і патруль любіў да чаго-небудзь прычапіцца. Таму ў горад хадзілі рэдка. Хоць шмат чаго маглі там купіць, у асноўным амерыканскага, – аднак не ўсё было можна. Купіў неяк флакон туалетнай вады, дык меў бяды: камандзір доўга бараніны даваў!  І швэдар махеравы ў атэлье сабе заказаў, мяккі такі, дабротны – насіў яго доўга.

У горад хадзілі за прадук­тамі. Дзівоцтва такое бачылі: стаіць на базары мужык з дзецьмі, прадае жывых курэй. Паказваем, што трэба 10. Тут жа гэтыя малыя іх абскубалі, абсмалілі  і аддалі. 

…Пісаў на радзіму шмат і часта. Асабліва будучай жонцы – мы з Верай у адным класе вучыліся, яна мяне ў армію праводзіла і дачакалася. Увогуле, каб не наша каханне, я застаўся б на флоце.  

А чаму б і не? Зараблялі мічманы і афіцэры тады доб­ра: мічман прыкладна 24 000 рублёў меў, калі долар быў па 73 капейкі. Я быў старшы мат­рос – канешне, да такіх лічбаў яшчэ служыць і служыць, але і мне хапала.

Не адпусцілі дахаты, пакуль не прыйшла замена, таму заявіўся дадому толькі 4 ліпеня. У дэмбельскім альбоме – уся памяць. Я для яго з мельхіёравых трубак літары выразаў, уручную, напільнікам. Заклёпкі на станках тачыў…


Віктар Трусевіч, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў, дзіцячы сад №1:

Виктор Трусевич.jpg


– Прызвалі мяне ў 80-х у Грод­на, адтуль пайшоў на Прыбалтыку – у авіяцыйныя войскі. На памяць на руцэ засталася татуіроўка «Шаўляй-Астравец». Рабіў сам. Модна было.

На зборным пункце ў Гродне спыталі: «Ну і куды вас?» Мог жа ў Вільнюсе служыць – амаль дома. Але ж такі разгільдзяй быў. «Хачу, – кажу, – Прыбалтыку паглядзець». Ну на табе – глядзі.

Быў радавым, абслугоўваў самалёты – акумулятары зараджаў на АЗС – у нас так называлі акумулятарную станцыю. Без майго подпісу ні адзін самалёт не мог узляцець. Адказнасць была вялікая: самалёт – не машына: у паветры, калі што здарыцца, на абочыну не паставіш. І не заглушыш, калі матор забарахліць… 

У Шаўляі тады быў вялікі аэрадром, там стаялі МІГ-23, СУ-7Б і нават АН-2 «кукурузнік». Да арміі быў вадзіцелем-электрамеханікам, аднак павучыцца ўсё ж давялося – такія грошы ўкладзены ў авіяцыю, страшна падумаць – права на памылку не было. Адзін сярэбрана-цынкавы акумулятар каштаваў дорага – крый божа загубіць! 

Салдацкія будні праходзілі на турніках – без спартыўнай  падрыхтоўкі ніяк! Работы хапала. Мы нават кветкі высаджвалі на клумбы. Усё праполата, паліта, пабелена – чысценька. Парадак заўсёды –  гэта ж армія!

Якія звальняльныя?! На сваім месцы я працаваў адзін, падмяніць не было каму. Таму вырываўся ў горад пару разоў. У водпуск дахаты таксама з’ездзіць не давялося. Затое бацькі да мяне прыязджалі – Шаўляй ад Астраўца недалёка.

Добра было.  Кармілі, як дзетак у лагеры. Рэжым дня: усталі, паелі, папрацавалі… Ні аб чым хвалявацца не трэба. Ды і зарплата салдата была 3,80 рубля, а сяржанта – 11 «з капейкамі»: каўнерык падшыць, зубную пасту купіць і яшчэ чаго па дробязі.  А тады гэта грошы былі!

Хацелі мяне там пакінуць – але я  сумняваўся. Сказаў, што падумаю. А афіцэр заўважыў: «Пачынаеш думаць – значыць, не вернешся». Так і сталася. Ды мне дахаты хацелася: гэта ж 730 дзён без жаночай ласкі! (Смяецца.)

Але ж як гэта захапляльна: самалёты ўзлятаюць, гул стаіць неймаверны, а зімой такое рэха – аж за душу хапае…

Лятаць самому? Хацелася. Але ж хто пусціць? Толькі на «кукурузніку» атрымалася ў неба ўзняцца – знаёмыя хлопцы «пракацілі». 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: