У беларускіх паляўнічых і рыбаловаў – юбілей

08:00 / 22.12.2011

Дзевяноста гадоў таму, у канцы снежня 1921 года ў Мінскім клубе транспартных рабочых адбыўся першы Усебеларускі з’езд паляўнічых. Быў ён не асабліва прадстаўнічым: дваццаць пяць дэлегатаў, якія прадстаўлялі крыху больш за тысячу аматараў палявання, але зацвердзіў статут Паляўнічага саюза і абраў яго праўленне.
Сёння Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) – самая масавая дзяржаўна-грамадская арганізацыя ў рэспубліцы: у яе радах налічваецца больш за 63 тысячы чалавек. Яна арэндуе больш за 10 мільёнаў гектараў паляўнічых угоддзяў краіны.
Раённае аддзяленне БТПР арэндуе 101 тысячу гектараў лясоў, палёў і водна-балотных угоддзяў, якімі карыстаюцца 243 паляўнічыя і 161 рыбалоў таварыства. Узначальвае раённае аддзяленне Іван Іванавіч Мушніцкі, які напярэдадні 90-гадовага (саліднага!) юбілею арганізацыі заглянуў у рэдакцыю “Астравецкай праўды”, каб адказаць на нашы пытанні.


– Іван Іванавіч, як вы лічыце, чаму наогул узнікла ідэя аб’яднання паляўнічых у саюз, так бы мовіць, па інтарэсах? Тысячагоддзямі людзі здабывалі звера без ніякіх таварыстваў – здабывалі б і далей…
– Можна было б, канешне. Толькі неўзабаве не стала б чаго здабываць. Чалавецтва дасягнула такіх поспехаў у вытворчасці зброі, у тым ліку і паляўнічай, што калі б не было законаў, рэгулюючых адносіны паміж чалавекам і фаўнай, большую частку апошняй ужо можна было б адшукаць хіба што на старонках “Чырвонай кнігі”. Дарэчы, у падобных законаў і падзаконных актаў, якія рэгламентуюць правілы палявання і арэнды ўгоддзяў і ствараюць перадпасылкі для аховы каштоўных відаў дзікай жывёлы, даўняя гісторыя – яны існавалі і ў царскай Расіі, і ў Рэчы Паспалітай, і ва ўсіх больш-менш цывілізаваных краінах таго часу. Што ж тычыцца БТПР, то неабходнасць і несумненная карысць ад яго існавання і жыццядзейнасці заключаецца ў ахове дзікай жывёлы і правядзенні біятэхнічных мерапрыемстваў.
– Расшыфруйце, калі ласка, якім чынам вы, паляўнічыя і рыбаловы, ахоўваеце звера і рыбу, і што канкрэтна маецца на ўвазе пад выразам “біятэхнічныя мерапрыемствы”?
– Ахоўваем самым непасрэдным чынам. Сапраўдны рыбалоў не толькі не будзе сам здабываць рыбу з дапамогай электравуды, сеткі або выбуховых рэчываў, але і не дазволіць рабіць гэта браканьеру. Вядома, у рукапашную з парушальнікам ён не пойдзе (хаця час ад часу і такое здараецца), затое ён патэлефануе ў інспекцыю аховы прыроды. Тое ж самае зробіць і паляўнічы, які ўбачыць браканьера або наступствы яго дзейнасці. З інспекцыямі, як Астравецкай раённай, так і Смаргонскай міжраённай, мы супрацоўнічаем вельмі актыўна: праводзім сумесныя рэйды, нарады, вучобу…
Аснова біятэхнічных мерапрыемстваў – гэта падкормка лясных жыхароў. Пачынаючы з лета, мы нарыхтоўваем кармы: косім траву (балазе, сёння незапатрабаваных няўдобіц хапае) і сушым сена, у гаспадарках і ў фермераў набываем збожжа і яго адходы, бульбу, караняплоды… Усё гэта складзіруецца ў кормасховішчах егераў або “нічыйных” памяшканнях. Зімой, калі снежнае покрыва “садзіць” звера на галодны паёк, мы бяромся за справу. На тэрыторыі арэндуемых угоддзяў мы стварылі 67 кармавых пляцовак, на якія і выкладаем нарыхтаваныя прысмакі. Звер добра ведае схему іх размяшчэння – чысціць кармушкі нам не прыходзіцца.
– Але ж у гэтым “добра ведае” закладзена вялікая небяспека для звера – паляўнічы таксама ведае, куды яго патэнцыяльная здабыча прыходзіць падкарміцца. Трэба толькі пачакаць… Пры тым, што сённяшнія паляўнічыя ўзброены вінтоўкамі з аптычнымі прыцэламі, прыборамі начнога бачання і іншымі хітрыкамі, у звера застаецца ўсё менш шансаў уцалець?
– Не варта драматызаваць сітуацыю. Па-першае, таму што прырода сама вельмі старанна абараняе сваіх выхаванцаў, узнагародзіўшы каго – слыхам, каго – зрокам, каго – нюхам. І ўсіх – хуткімі нагамі. Здабыць звера далёка не такая простая задача. Нават калі ты да зубоў узброены суперсучаснымі прыстасаваннямі… І потым перыяды, у якія можна здабываць звера, рыбу, птушку, рэгламентаваны законам. Да прыкладу, праводзіць калектыўнае загоннае паляванне дазваляецца з 1 кастрычніка па 30 снежня. Новы год звяры адзначаюць ужо ў бяспечнай абстаноўцы, таму што набліжаецца час іх прыплоду. Гэтак жа з рыбай падчас яе нераставання. З птушкамі...
Той факт, што шансаў уцалець у звера не змяншаецца, пацвярджаюць даныя дынамікі іх колькасці. За апошнія гады пагалоўе асноўных відаў лясных жыхароў амаль што падвоілася:
Від               2009           2010                2011
Алень            27                35                      38
Лось              157               159                   159
Касуля       489              535                  547
Кабан           364              536                 556

Да прыкладу, быў час, калі лася ў нашых лясах не было наогул. А цяпер не толькі з’явіўся, але яго колькасць з году ў год павялічваецца. Хаця ў нас і дазволена паляванне на яго.
– Як вы думаеце, чаму?
– Напэўна таму, што скончыўся той “беспредел”, які існаваў у паляванні. Звер стаў вяртацца ў нашы лясы. Тым больш, што прыродныя ўмовы тут выдатныя – вялікія лясы, гарыстасць, шмат маладога лесу і хмызнякі, якімі ён харчуецца.
– Хто і якім чынам праводзіць улік звера? Наколькі гэтыя дадзеныя адпавядаюць рэчаіснасці?
– Улік праводзіцца зімой па слядах, пакінутых жывёлай на снезе. Займаюцца ім егеры, а дапамагаюць самыя вопытныя паляўнічыя таварыства. Колькасць налічаных слядоў пераводзіцца ў пагалоўе па спецыяльнай методыцы. Вядома, верагоднасць пагрэшнасці існуе заўсёды. Але нават перапіс насельніцтва не дае стопрацэнтнай колькасці жыхароў краіны або нават горада… Думаю, лічбы, якія мы атрымліваем пасля штогадовага “перапісу” насельнікаў лесу, адпавядаюць ісціне на 90 – 95 працэнтаў.
– Іван Іванавіч, раскажыце крыху аб структуры вашай аргнізацыі.
– Раённае аддзяленне БТПР складаецца з сямі паляўнічых калектываў: у Спондаўскім налічваецца 58 членаў, у Гервяцкім – 31, у Варнянскім – 28, у Кямелішкаўскім – 34, у Міхалішкаўскім – 15, у Падольскім – 20, у Астравецкім – 77. За парадкам сочаць восем егераў, самыя вопытныя і надзейныя з якіх Р.У Рабянок, У.М. Васілеўскі, І.І. Валадзько і іншыя. Кожны раз пасля заканчэння палявання ў калектывах праводзяцца “разборкі палётаў”: падводзіцца ўлік здабытага звера, абмен інфармацыяй, гутаркі, вучоба і г.д.
– БТПР – гэта цалкам мужчынская арганізацыя?
– Не зусім. Сярод паляўнічых ёсць тры жанчыны. Ганна Іванаўна Серада, да прыкладу, ужо здабыла трох кабаноў. Яна не ўдзельнічае ў загонным паляванні – яе “канёк” індывідуальнае паляванне з вышкі. А Валянціна Генрыхаўна Кветкаўскене любіць разам з усімі пастаяць на “нумары”. Нядаўна далучылася да нас Святлана Барысаўна Яхімовіч – яе паляўнічыя трафеі яшчэ наперадзе. Ёсць у нас і свая рыбачка. Дарэчы, вельмі паспяховая. Гэта астраўчанка Ірына Станіславаўна Юркойць.
– А так вось калі браць наогул… Навошта сучаснаму чалавеку тое ж паляванне? Усё ж можна купіць…
– Як вам сказаць… Справа нават не ў мясе, хаця яно паляўнічаму абыходзіцца значна танней, чым у краме. Паляванне – гэта актыўны адпачынак, свайго роду спорт. Тут спалучаюцца і азарт, і назіральнасць, і цярпенне, і веданне павадак звера… А яшчэ гэта яднанне з прыродай. Магчымасць убачыць прыгажосць. Зразумейце, паляўнічы ставіцца да леса, як да сябра – ён не дазволіць сабе без патрэбы зламаць дрэва або кінуць непатушаны акурак. Урэшце паляванне, калі выказвацца сучаснай мовай, гэта адрэналін.
– А вы самі даўно прыстрасціліся да гэтага спосабу атрымання адрэналіну?
– Даўно. У 1978 годзе. Служыў у арміі на Далёкім Усходзе і ўступіў там у Ваеннае паляўнічае таварыства. Пасля дэмабілізацыі перавёўся ў Астравецкае.
– Якому віду палявання аддаеце перавагу?
– Усім. З задавальненнем удзельнічаю ў загонным паляванні, але люблю пахадзіць па лесе і адзін. Зрэшты, са мной заўсёды нехта з маіх чацвёраногіх памочнікаў – у мяне ёсць тры сабакі: дзве заходнесібірскія лайкі і гончая. Любімы? Усе любімыя. Кожнага з іх я набыў у, так бы мовіць, падлеткавым узросце і сам потым вучыў тонкасцям палявання. Хаця, калі быць шчырым да канца, любімчык усё ж такі ёсць – лайка Туман.
– І як паляўнічыя поспехі?
– Па-рознаму. Хаця часцей за ўсё з пустымі рукамі не вяртаюся.
– У такім разе адкрыйце таямніцу: колькі ў вашай жонкі натуральных футраў?
-- (Смяецца). Ніводнага. Пушніну я, вядома, здабываю, але прадаю яе і на выручаныя грошы набываю боепрыпасы. А яны сёння – дарагая рэч. Адзін кулявы патрон каштуе 9 тысяч, карцеч – 7 тысяч рублёў. Разок стрэльнуў – дзесяці тысяч няма…
– Хто з лясных жыхароў самы мілы вашаму сэрцу? І на каго паляваць цікавей, чым на іншых?
– Самая прыгожая касуля – столькі грацыі, нават нейкай паветранасці ў яе стройнай постаці… А найбольш цікава паляваць на дзіка – разумнейшы праціўнік! Слых, маланкавая рэакцыя. А нюх проста ідэальны – па ветру ён бярэ не тое што пахі, іх сляды. Дарэчы, у дзікіх кабаноў – матрыярхат. У сям’і кіруе самка. Самец жа толькі абараняе статак. Калі паляўнічыя “абкладаюць” сям’ю, ён бярэ на сябе сабак, даючы шанс свінні з парасятамі схавацца. Тое ж самае, калі на статак нападаюць ваўкі.
– І гэтыя водзяцца ў нашых лясах?
– А як жа без санітара лесу? Хаця ваўкі – гэта праблема. Яны прыходзяць у нашы лясы з Літвы і з Нарачанскага запаведніка – набедакураць і назад, у зону недасягальнасці.
– Не раз даводзілася чуць, што зніклі зайцы – гэта праўда?
– Не. Было змяншэнне, але ў апошнія гады колькасць зайцоў расце. Думаю, мае словы пацвердзяць паляўнічыя і… садаводы, якім бывае няпроста абараніць сад ад гэтых грызуноў. Сёлета мы яшчэ не падлічвалі, а за мінулы год паляўнічыя нашага аддзялення БТПР здабылі сто зайцоў.
– Іван Іванавіч, як і кожная арганізацыя БТПР павінна працаваць з прыбыткам – інакш ёй давядзецца самараспусціцца. Раскажыце крыху пра фінансавы стан дзейнасці раённага аддзялення: якія крыніцы даходаў, на што расходуеце атрыманыя сродкі?
– Калі намаляваць карціну двума словамі, то на прыбытак мы выходзім. Грошы атрымліваем за выдачу паляўнічых пуцёвак, разавых дазволаў, за здабытае паляўнічымі мяса, членскія ўзносы. Яшчэ адной крыніцай даходу з’яўляецца паляванне замежных гасцей – за бягучы год у нашых угоддзях мы прынялі 13 тураў. Гэта былі паляўнічыя з Італіі, Расіі, Літвы. Яны прынеслі больш 50 мільёнаў прыбытку. Атрыманыя сродкі расходуем на ахову ўгоддзяў (зарплата егераў, правядзенне рэйдаў і г.д.), на набыццё кармоў для лясных насельнікаў, а яшчэ на зарыбленне Мальскага вадасховішча, якое мы сёлета правялі ўжо ў другі раз. Задумак наогул многа – былі б грошы…
– І напрыканцы нашай размовы… Вашы віншаванні ўсім аматарам палявання і рыбалкі, калі ласка.
– З задавальненнем. Усіх паляўнічых і рыбаловаў раёна віншую з дзевяностагоддзем нашай арганізацыі, а таксама з Ражаством і Новым годам. Жадаю ўсім здароўя і поспехаў у паляванні і рыбалцы. Ні пуха вам, ні пяра, ні чашуінкі! Можаце быць упэўненымі, што ў адказ мне прагучыць дружнае: “К чорту!”.


Размову вяла Ганна ЧАКУР.