І хлеб таксама ў печы пяклі?

09:01 / 21.02.2021
Спасцігаць спадчыну беларускага народа вучаць малышоў у яслях-садзе №5 Астраўца – тут створана музейная экспазіцыя «Беларуская хатка».

З моманту адкрыцця ўста­новы прыярытэтным накі­рун­кам работы стала далучэнне дашкольнікаў да беларускай культуры мовы, быта і гісторыі. 

1.jpg


– Ідэя нарадзілася ў загадчыка нашага садка Анастасіі Кулеш, – расказвае педагог-псі­­холаг Вераніка Пятровіч, якая пра­водзіць для дашкалят экс­курсіі па музейнай экспа­зіцыі. – Гэту задумку пад­хапілі ўсе выхавальнікі – і мы ўзяліся за працу.

Супрацоўнікі сталі прыносіць збанкі, старыя чугунныя прасы, газавыя лямпы.

– Экспанаты мы пачалі збі­раць сваімі сіламі, – расказвае Анас­тасія Кулеш. – Спачатку іх было толькі 5, потым стала 10 – і атрымаўся невялікі этнаграфічны куток. Убачыўшы наша захапленне, да справы сталі далучацца бацькі выхаванцаў. Прадметаў быта станавілася больш – і мы зразумелі, што трэба рабіць музейны пакой.

5.jpg


Для яго выдзелілі асобнае памяшканне, распрацавалі праект – хацелася, каб пакой адпавядаў сапраўднай беларускай хатцы. У выніку адну сцяну пабялілі, астатнія размалявалі пад дрэва.

Справа заставалася за яго напаўненнем. Але і тут праблем не ўзнікла. Жалезны ложак загадчык садка прывезла ад сваёй бабулі. На вокнах з’явіліся вышываныя фіранкі, на стале – саматканы абрус, а на сцяне – льняныя ручнікі. 

– І абавязкова печ, якая заў­сёды была гаспадыняй у вясковай хаце. Па фотаздымках з пад­ручнага матэрыялу яе зрабіў наш работнік Васіль Максімаў, – расказвае Анастасія Кулеш. – Трэба бачыць эмоцыі дзяцей, калі яны трапляюць сюды! Ім хочацца ўсё пакратаць, прысесці на ложак і лавачку. А колькі пытанняў яны задаюць нашаму экскурсаводу!

2.jpg


Знаёмства з музейным пакоем пачынаецца ад печы – дзецям расказваюць пра яе прызначэнне і прапануюць пачаставацца свежым духмяным хлебам. І тут пачынаецца: «А ў нас дома хлеб не такі! І пахне ён зусім не так! І ляжыць ён у поліэтыленавым пакеце!»

Вераніка Станіславаўна расказвае выхаванцам пра тое, як замешвалі цеста, паказвае сіта для прасейвання мукі – і па позірках малышоў бачна: ім тут і сапраўды цікава.

– Я родам з Астраўца, а вось мае бабулі і прабабулі жылі ў вёсцы – усё дзяцінства праводзіла ў іх, – расказвае педагог-псіхолаг. – Помню рускую печку, на якой можна было і спаць, і ежу гатаваць. Помню, як бабуля пякла хлеб і булкі на дубовых і кляновых лістах. Дарэчы, жыта і пшаніцу бабуля вырошчвала на сваім участку, сама жала, рабіла муку…  Які ж духмяны, пульхны і смачны быў гэты хлеб! Зусім не такі, які прадаваўся ў магазіне. А колькі эмоцый у мяне было, калі бабуля біла масла ў драўлянай маслабойцы. Мяне да гэтай працы не дапускалі – 5-цігадовай  дзяўчынцы яна была не па сілах. А вось «паляпаць» пустой маслабойкай я любіла.

3.jpg


Гэтак жа робяць і малышы – наведвальнікі музейнай экс­пазіцыі, калі педагог знаё­міць іх са старым прадметам, які нячаста ўжо ўбачыш нават у вясковых дамах.

– Мы павінны быць патрыё­тамі роднай краіны, ведаць яе гісторыю і народныя традыцыі, – упэўнена Вераніка Станіславаўна. – Магчыма, таму, што я на свае вочы бачыла вясковае жыццё, быт людзей старэйшага пакалення, і зацікавілася беларускай культурай і спадчынай – і хачу гэта данесці да нашых малышоў.

Намаганнямі калектыву садка і бацькоў выхаванцаў удалося сабраць 72 экспанаты – усе яны занесены ў каталог. І фонды музейнай экспазіцыі пастаянна папаўняюцца. 

– Яшчэ мы збіраем творы дэкаратыўна-прыкладнога мас­тацтва, якія былі не рэдкасцю ў вясковай хаце, – гаворыць загадчык установы. – Дарэчы, экспанаты з музейнага пакою на сваіх занятках выкарыстоўваюць і выхавальнікі – кожны можа ўзяць патрэбную рэч, але пасля абавязкова вярнуць у пакой.

Індывідуальны падыход выка­рыс­тоўвае педагог-псіхолаг і пры правядзенні экскурсій. Калі для старэйшых дашкольнікаў праводзіцца паўнавартасная экскурсія, то самыя маленькія выхаванцы знаёмяцца з асобным прадметам. Як правіла, у канцы музейнай сустрэчы малышоў чакае забаўляльна-развіваючая праграма: яны гуляюць у народныя гульні, адгадваюць загадкі.

4.jpg


– Пакуль музейны пакой выкарыстоўваем для сваіх патрэб. Але ж некалі эпідэмія каронавіруса скончыцца, і тады плануем запрашаць на экскурсіі выхаванцаў іншых садкоў горада, вучняў пачатковых класаў – упэўнена, ім будзе цікава, – гаворыць загадчык садка Анастасія Кулеш.

У планах таксама правядзенне экскурсій дзецьмі – некаторыя з іх ужо рыхтуюцца да гэтага. Прычым праводзіць іх будуць на беларускай мове.


З першых вуснаў

Вераніка Пятровіч, экскурсавод:

– Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы вярнулася на радзіму. Другі год працую ў садку. Калі прапанавалі арганізаваць музейную экспазіцыю, я адразу адгукнулася. Першым чынам паехала да бабулі, адшукала ў яе старыя рэчы, якія маглі нам спатрэбіцца. Я патрыёт сваёй краіны: тут жыву – і  гэта мая радзіма. І для мяне важна захаваць нашу спадчыну і пазнаёміць з ёю дзяцей.

Анастасія Кулеш, загадчык ясляў-сада №5:

– Каб адчуць сябе беларусамі, трэба ведаць, як жылі нашы бабулі, дзядулі, чым яны карысталіся ў паўсядзённым жыцці. Маючы памяшканне, мы папрасілі мастачку аформіць яго пад вясковую хатку. Кожны супрацоўнік садка стараўся прынесці нейкую рэч і расказаць яе гісторыю. Цікавыя расповеды слухалі ўсе дарослыя – цяпер гэтыя гісторыі мы расказваем сваім выхаванцам. Пакой заўсёды адчынены –  кожны можа зайсці сюды і прыдачыніцца да нашай гісторыі. 

Даша Богдан, выхаванка:

– Мне вельмі тут спадабалася. У нас дома таксама ёсць прас – толькі ён зусім не такі. І малако мы  наліваем  не ў збанок, яно стаіць у халадзільніку ў пушцы альбо ў пакеціку. І хлеб мне таксама вельмі спадабаўся! Ён смачна пахне!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич