«Наш жывёлавод» завітаў у «Гервяты»

11:53 / 18.02.2021

На Астравеччыне працягваецца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод». Па традыцыі на працягу зімне-стойлавага перыяду старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула сумесна з лідарамі прафсаюзных пярвічак гаспадарак з Падзякамі і падарункамі аб’язджае ўсе малочна-таварныя фермы і комплексы.

Узнагароды ўжо знайшлі сваіх герояў у КСУП «Гудагай» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – чарга дайшла і да КСУП «Гервяты».

Акцыя ў гэтай гаспадарцы распачалася з комплекса ў Дайлідках, дзе адзначылі работу ажно 7 працаўнікоў.

Не першы год зладжаны тандэм аператараў машыннага даення ў складзе Ганны Захарэўскай, Святланы Барташэвіч і Ірыны Алітойць працуе на раздоі. Задача жанчын – прывучыць да дойкі навацельных кароў. А гэта нялёгка: рагулі не хочуць стаяць на месцы ў спецыяльных станках, больш таго, могуць і брыкнуць.

IMG_3205.jpg

Ганна Захарэўская, Святлана Барташэвіч і Ірына Алітойць – лепшыя даяркі на раздоі


– У групе раздоя цяпер 120 галоў. Працуем пазменна: два дні праз дзень, – расказвае Святлана Барташэвіч.

Выслоўе «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся» найлепш характарызуе жывёлавода па доглядзе маладняку Галіну Каляду. Жанчына родам з Дайлідак, на аднайменнай ферме, якая потым стала комплексам, яна працуе амаль 40 гадоў.

– Я на заслужаным адпачынку, але без сваіх цялушак не магу. Сядзець дома, асабліва зімой, калі няма работы, не па мне, – расказвае Галіна Мечыславаўна. – У маю групу – гэта ў сярэднім каля 100 галоў – трапляюць цялушкі вагой каля 50 кілаграмаў, гадую іх, пакуль яны не набяруць 120. У маёй рабоце ўсё залежыць ад прывагі. З пачатку года, калі не памыляюся, на галаву яна склала каля кілаграма.

IMG_3209.jpg

Галіна Каляда


Жывёлавод Валерый Буцько апякуецца навацельнымі рагулямі ў радзільным аддзяленні. Своечасовасць ацёлу і выпойванне малозівам нованароджанага цяляці – з гэтым і не толькі мужчына спраўляецца выдатна.

Увесь комплекс, дзе ўтрымліваецца каля 2,5 тысячы галоў, корміць Валерый Весялоў, чый патрэт некалькі гадоў назад быў занесены на раённую Дошку гонару.

– У «Дайлідках» працую з 2013 года – з моманту аб’яднання нашай гаспадаркі з «Гервятамі», – тлумачыць трактарыст-машыніст. – На кормараздатчыку «Гаспадар» развожу канцэнтраты. Кароў кармлю 3 разы на дзень, цялушак – 2.

IMG_3219.jpg

Валерый Буцько, Уладзімір Пятровіч і Валерый Весялоў


Жывёлавод Уладзімір Пятровіч даглядае за цёлкамі – усяго каля 500 галоў: падсоўвае кармы, прыкмячае нездаровых. Калі будучая рагуля дасягае 350 кілаграмаў, яна пераводзіцца ў групу на пакрыццё.

Нараканняў у дайлідскага калектыву амаль не было: на комплексе створаны ўмовы для працы і адпачынку, спецадзенне работнікам выдзяляюць своечасова, вось толькі не хапае культурнага адпачынку. Па словах працаўнікоў, у аграгарадку няма бібліятэкі, клуба, выязныя канцэрты да святаў, па іх меркаванні, сталі б аптымальным вырашэннем гэтай праблемы.

Старшыня прафсаюзнай пярвічкі КСУП «Гервяты» Марына Івашка нагадала прысутным, што кожны жадаючы за кошт сродкаў наймальніка можа наведваць астравецкія фізкультурна-аздараўленчы комплекс і спартыўна-аздараўленчы комплекс «Імпульс», а таксама скарыстацца турам выхаднога дня, які аплоціць прафсаюзная арганізацыя.

Лепшай на малочна-таварнай ферме «Міцюны» сёлета прызнана аператар машыннага даення Надзея Таргун. Больш за 30 гадоў назад жанчына з сям’ёй пераехала з Украіны ў Беларусь, і за гэты час Гервяты для яе сталі роднымі.

– У маёй групе 49 кароў і 8 цялятак, – расказвае даярка. – У нашай рабоце самае галоўнае – тэхналогія дойкі і якасць малака. З пачатку года амаль усё ідзе на перапрацоўку вышэйшым гатункам.

IMG_3233.jpg

Віншаванні прымае даярка МТФ «Міцюны» Надзея Таргун


Сёстры Ларыса Гілевіч і Алена Дзямідчык не першы год працуюць аператарамі машыннага даення на комплексе «Рымдзюны» і атрымліваюць падарункі ад прафсаюза аграрыяў за сваю стараннасць.

IMG_3229.jpg

Ларыса Гілевіч і Алена Дзямідчык з МТК «Рымдзюны»


…У бліжэйшы час будзе адзначана работа і іншых працаўнікоў ферм і комплексаў КСУП «Гервяты».






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич