Што хвалюе беларусаў?

09:01 / 19.12.2011

Найбольш хвалюючай насельніцтва праблемай (76,5 працэнта) па-ранейшаму з’яўляецца рост цэн на тавары і паслугі. Такія даныя чарговага штомесячнага рэспубліканскага тэлефоннага апытання грамадзян «Меркаванне насельніцтва па актуальных пытаннях жыцця», праведзенага ў лістападзе 2011 года Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ІАЦ).


У параўнанні з кастрычнікам рэспандэнты часцей адзначаюць павелічэнне цэн на паслугі пасажырскага транспарту, медыкаменты, радзей – на дзіцячыя тавары, мыйныя сродкі, будаўнічыя матэрыялы, адзенне, абутак, электратавары і бытавыя прыборы.
За мінулы месяц ацэнка апытанымі сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне практычна не змянілася. Палавіна рэспандэнтаў, як і ў папярэднія месяцы, лічаць, што бліжэйшыя планы кіраўніцтва рэспублікі па стабілізацыі валютнага рынку, цэн і эканомікі ў цэлым дадуць пазітыўны вынік.
Надзеі на выхад краіны са складанай эканамічнай сітуацыі грамадзяне па-ранейшаму звязваюць перш за ўсё з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Разлічваюць на ўрад і Мытны саюз у сярэднім па 20 працэнтаў апытаных.
Пратэстны патэнцыял беларусаў застаецца нізкім. У розных акцыях пратэсту прынялі б удзел толькі 5 працэнтаў рэспандэнтаў.
Сацыёлагі апыталі 1 тыс. рэспандэнтаў ва ўсіх абласцях і Мінску. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,1 працэнта.


БелТА.