Пра школы, якіх няма, расказваюць настаўнікі і выпускнікі

09:29 / 06.02.2021
Сёлета выпускнікі не змогуць сустрэцца ў школьных сценах, каб прайсціся па знаёмых  аўдыторыях, разам з настаўнікамі прыгадаць урокі, свавольствы – сабрацца на вечарыну ім перашкодзіў «ковід». Але ёсць і тыя, хто не трапляў на вечары сустрэч даўно, – бо іх альма-матар не існуе. 

Пра некаторыя школы, дзе калісьці званкі збіралі навакольную дзетвару на ўрокі, чытайце ў гэтым матэрыяле.


Клюшчаны

Анастасія Каванская, дырэктар: Анастасія Каванская.jpg

– Я прыехала працаваць у Клюшчаны ў сярэдзіне 1970-х; педкалектыў тады быў чалавек 8, вучняў – 60.

Школу пабудавалі яшчэ пры польскім часе. Па форме будынак нагадвае літару «г». Па абодва бакі доўгага калідора ішлі класныя пакоі, настаўніцкая, піянерская, бібліятэка, кухня з печчу, на якой гатавалі абеды. Калі зрабілі сталоўку ў вясковым клубе, вучняў пачалі вадзіць туды. 

Былі пры школе агарод і яблыневы сад. Садзілі моркву, цыбулю, буракі, агуркі, памідоры. Бульбу капалі ў калгасе, лес садзілі, яблыкі здавалі – усё заробленае на школу ішло.

Мы цесна сябравалі з літоўскай Ропішскай школай: ездзілі адзін да аднаго ў госці, ладзілі сумесныя святы, канцэрты. Да слова, на вечарыны ў Клюшчанскую школу прыходзілі не толькі вучні, але і навакольная моладзь.

1.jpg

Пяць гадоў таму з выпускнікамі, якія скончылі нашу 8-годку 30 гадоў таму, хадзіла на вечар сустрэчы – менавіта ў будынак колішняй школы. Тут даўно ўжо прыватны дом, але сям’я Марозік, якая там жыве, пусціла нас і па «аўдыторыях» прайціся, і нават выдзеліла пакой для святкавання.


Дайноўка

Генрых Мястоўскі.jpgГенрых Мястоўскі, выпускнік:

– Спярша вучыўся  на хутары Раймундова – там пачатковая школа была, гэта ля Байкан, дзе я жыў. Маёй першай настаўніцай была Валянціна Яскулоўская. 

У сярэднія класы нас адправілі ў Дайноўскую 8-годку – гэта сённяшні адміністрацыйны будынак лагера «Ластаўка». У школе было 2 паверхі: на 1-м – настаўніцкая і класныя кабінеты, на 2-м – бібліятэка, пакойчык, дзе захоўваліся карты, і  2 аўдыторыі. З кабінета ў кабінет вучні не хадзілі. 

На тым месцы, дзе цяпер сталовая, быў драўляны будынак, у адной палове якога  жыў дырэктар Іван Іванавіч Лавар са  сваёй жонкай Нінай Аляксандраўнай – яна выкладала матэматыку. 

На тэрыторыі школы раслі вялікія ліпы, яблыневы сад; быў агарод – там і клубніцы вырошчвалі, мы на ім праца­валі, і практыку там жа праходзілі. Агародам апекавалася настаўніца біялогіі Ганарата Баляславаўна Пілімон.

Дабіраліся ў Дайноўку з Байкан пешшу, напрасткі. У 9 гадзін пачыналіся заняткі. Зімы снежныя былі, хто на лыжах ішоў, хто нагамі. Бывала, пашчасціць, дык на санях крыху пад’едзеш. Хадзілі гуртам, бо можна было па дарозе і на ваўкоў трапіць, і абавязкова бралі з сабой факелы. 

2.jpg

А якія вечарыны добрыя  рабілі! Танцавалі пад прайгравальнік альбо пад гармонік братоў Васілеўскіх – яны ў нашай школе вучыліся. 

Прыязджалі кіно круціць 2 разы на тыдзень, дзеці заставаліся пасля ўрокаў, каб паглядзець. Больш рэвалюцыйныя і ваенныя карціны паказвалі, мне запомніліся «Няўлоўныя мсціўцы». 

У маім класе было 5 дзяўчат і 11 хлопцаў. Сем гадоў за адной партай з Іванам Пешкурам прасядзелі, а тады сталі свавольнічаць на ўроках – і нас рассадзілі. Хоць школа і базавая, а выпускны мы адзначалі: спярша была ўрачыстая лінейка, тады святочны вечар, а на застолле пайшлі ў хату да Валі Зезюлевіч.  Як развітваліся, дамаўляліся, што будзем збірацца, а тады ўсе раз’ехаліся і… засталіся толькі ўспаміны.

Трокенікі

Таццяна Падворская.jpgТаццяна Падворская, выпускніца:

– Гэта была базавая школа, нам, малышам, яна здавалася вялізнай. Сталовая, качагарка, гардэроб і спартзал размяшчаліся на цокальным паверсе, калі не памыляюся, на 9 прыступак трэба было спускацца ўніз. Пазней каля школы пабудавалі інтэрнат для дзяцей, якія далёка жывуць, там жа зрабілі бібліятэку.

Я пайшла не ў 1-ы клас, а ў нулявы. Нас вучыла Ірына Мітрафанаўна Сідарэнка, а ў 4-м – гэта як цяпер 5-ы – класным кіраўніком стала настаўнік хіміі і біялогіі Тамара Васільеўна Сібірцава.

Калі вучылася ў пачатковых класах дырэктарам была Фаіна Быкава, не помню, на жаль, імя па бацьку. Яна заўсёды хадзіла ў касцюмах – у вёсцы так не апраналіся, для нас, вясковых, гэта было нечым нерэальным. А выпускаліся мы пры Валянціне Антонаўне Сасноўскай; дарэчы, яна яшчэ і танцавальны гурток вяла.

Помню, як у 1-м класе на лінейцы аб’явілі, што пасля ўрокаў будзе працаваць група падоўжанага дня, дзе можна будзе паспаць, а потым зрабіць хатняе заданне. Я спалохалася і заявіла бацькам: у школу не пайду, бо спаць там не збіраюся! З цяжкасцю мяне пераўпэўнілі, што буду хадзіць толькі на ўрокі.

3.jpg

Цікава было вучыцца і праводзіць вольны час. Вельмі падабаліся прадметныя тыдні – святочнае падвядзенне іх вынікаў праходзіла ў спартзале. Дзеці ездзілі па бясплатных пуцёўках у «Зубронак» – і заўсёды адтуль прывозілі шмат цікавых ідэй, якія мы ўвасаблялі ў жыццё.

Здаецца, цяпер будынак нашай школы належыць прыватніку. Але прагуляцца па ёй можна – завочна: у «Аднакласніках» ёсць суполка «Трокеніцкая школа», дзе былыя вучні дзеляцца фотаздымкамі.


Альгіняны

Аляксандр Рынкевіч.jpgАляксандр Рынкевіч, выпускнік:

– Школа скла­далася з 3-х будынкаў. У галоўным – былы панскі дом – было 2 паверхі, дзе месціліся кабінеты, настаўніцкая, бібліятэка. У 2-м – майстэрня і аўдыторыі 1,2 і 9-га класаў, а ў 3-м – сталовая. Выгод ніякіх не было: ацяплялі печкамі,  на калідоры рукамыйнік з падстаўленым пад яго вядром, туалет на вуліцы… 

Першыя 2 класы нас вучыла Аксана Францаўна Юркойць. Потым – Ала Генрыхаўна Вакулік, а як перайшлі ў сярэдняе звяно, яна ў нас і беларускую мову вяла. Гэты настаўнік аж да заканчэння школы быў з намі і ў святы, і ў будні, і ў паходах. Аднойчы прыйшлі з паходу і амаль суткі адсыпаліся.  

Ды ўвогуле класна было ў школьныя гады: піянерскія вогнішчы  на беразе Лошы, КВЗ, навагоднія вечары – збіраліся, рыхтаваліся, нешта прыдумвалі! Адно толькі, калі абавязалі па суботах хадзіць у школу на гурткі – то ніхто не хацеў, і тады Ірына Віктараўна Юркойць прыдумала, каб нас заахвоціць, квэст: мы бегалі па школе і двары ў пошуках заданняў, падказак да іх – так падабалася!

4.jpg

Альгінянскай школы ўжо няма… Нават будынка.


Карвэлі

Жанна Русак.jpgЖанна Русак, настаўнік:

– Карвэльскую пачатковую школу закрылі дзесьці 15 гадоў таму. Па распо­ведах ведаю, што раней гэта была 8-годка, а яшчэ ў вёсцы працаваў дзіцячы сад – у асобным ад школы будынку.

Я прыйшла на работу ўжо ў пачатковую школу – яна была малакамплектнай: настаўнікі адначасова вучылі некалькі класаў, бо ў іх хадзіла па 2-4 вучні. Невялікі быў педагагічны калектыў – 2 чалавекі.  Пры мне працавалі Вольга Альбертаўна Шоцік, Жанна Іванаўна Лоўкіс, часта на падмену выходзіла Таццяна Нікіфараўна Волкава.  Асобнай пасады дырэктара не было – гэтыя абавязкі выконвала я.

5.jpg

Памяшканні для кухні і сталовай былі прыстасаванымі. Абеды прыбі­ральшчыца, яна ж па сумяшчаль­ніцтву повар, гатавала на электрычнай плітцы – вядома ж пюрэ ці якія катлеты рабіць не было магчымасці. Хлеб, макароны, крупу, сардэлькі, пячэнне і іншыя прадукты бралі ў мясцовым магазіне.

А будынка школы ўжо і не засталося.


Завідзіненты

Віктар Мацкела.jpgВіктар Мацкела, выпускнік і настаўнік:

– Гэта была базавая школа. Нашай першай настаўніцай была Марыя Францаўна Лаўрыновіч. Нас з Жаннай Ражко як пасадзілі разам у 1-м класе, так мы да заканчэння школы і прасядзелі за адной партай.

Каб нейкія шкоды вырабляць што тычыцца мяне, то аб гэтым і размовы быць не магло – бацькі ж працавалі там: маці – дырэктарам, бацька настаўнікам, і бабуля – прыбіральшчыцай. А калі што якое, дык у класе пры ўсіх атрымаю, а тады яшчэ і ў хаце дададуць! Пазней і мы з сястрой працавалі ў Завідзінентах настаўнікамі.

У мой час пра пачатак урокаў абвяшчаў электрычны званок, а для тых, хто забегаўся на перапынку па вуліцы, выходзілі званіць у звычайны. Кожны панядзелак праводзілі лінейкі, на якіх рабілі аб’явы, хвалілі за поспехі – і саромелі: хто правініўся – крок наперад. Я часта ездзіў на спартыўныя спаборніцтвы ў Астравец. Да слова сказаць, не было такога, каб дзеці выбрыкваліся, не хацелі чагосьці рабіць, дзесьці удзельнічаць. Атрымлівалася, не атрымлівалася, а ўсе імкнуліся. Гэта, лічу, савецкае выхаванне – імкнуцца.

6.jpg

Дзеці з іншых вёсак дабіраліся на вучобу хто як мог. Пазней, калі Альхоўскую школу пабудавалі, сталі туды вучняў, якія жылі ў навакольных Супранентах і Крываносах, пераманьваць – і пераманілі. З-за гэтага наша школа пачала пусцець. Тады калгас выдзеліў аўтобус-будку для падвозу вучняў – і частка дзяцей вярнулася вучыцца ў Завідзіненты.

Калі школа працавала, то збіраліся на вечар сустрэчы. А потым ужо, каб дзесьці асобна, то і не. А будынак нашай 8-годкі ўжо і не знойдзеш – закапалі.






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 



Текст: