Расказваем, як прайшла прафсаюзная акцыя ў саўгасе «Падольскі»

08:13 / 05.02.2021
429

Рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод» працягваецца на Астравеччыне ўвесь зімне-стойлавы перыяд.

Нагадаем: ужо падарункі і Падзякі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі працаўнікі КСУП «Гудагай», а на гэтым тыдні – жывёлаводы РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».

У гэтай гаспадарцы, у адрозненне ад іншых, вытворчасцю малака займаюцца толькі на малочна-таварных комплексах «Рытань» і «Падольцы», на іншых фермах – вырошчваннем і адкормам буйной рагатай жывёлы. Дарэчы, па выніках раённага сельскагаспадарчага спаборніцтва, якія штогод напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў падводзіць упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, РУП «Астравецкі саўгас «Падольцы” займае ІІІ месца, прапусціўшы наперад толькі «малочнага» і «мяснога» флагманаў – КСУП «Гудагай» і «Гервяты» адпаведна.

З прафсаюзнымі лідарамі аграрыяў і гаспадаркі Юрыем Адулам і Людмілай Казлоўскай наш карэспандэнт пабываў на ўсіх комплексах і фермах РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».


З першых вуснаў

Юрый Адула, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

– Хлебаробы найбольш напружана працуюць з вясны да восені, зіма для іх больш спакойная, чаго не скажаш пра жывёлаводаў. Мэта прафсаюзнай акцыі – адзначыць работу людзей, незалежна ад вытворчых паказчыкаў; паглядзець, у якіх умовах яны працуюць; даведацца, што іх хвалюе.

Працаўнікам вёскі хочацца данесці: кожны работнік можа аздаравіцца, і прафсаюзная арганізацыя гатова ў гэтым яму дапамагчы. Да канца сакавіка дзейнічае акцыя: члены прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу могуць скарыстацца турам выхаднога дня і цалкам бясплатна цягам 3-х дзён адпачыць у санаторыі, дзе прадугледжана 2-разовае харчаванне і аздараўленчыя працэдуры. Кошт адпачынку на больш працяглы тэрмін прафсаюзная арганізацыя аплаціць у памеры 25% ад пуцёўкі.


***

МТК «Рытань»

Без малога на комплексе ўтрымліваецца амаль 1,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, з якой 800 – дойны статак. Надой ад каровы за студзень склаў 18,3 кілаграмы малака.

Алена Бараноўская працуе ветэрынарным урачом з 1994 года.

– Я мясцовая, нарадзілася ў Парцэль-Палянах, што каля Падольцаў. Жыць у вялікім горадзе ніколі не марыла. Пра мяне выслоўе: дзе нарадзілася, там і спатрэбілася, – расказвае пра сябе жанчына. – Хоць у ветэрынарыі мяняюцца тэхналогіі, з’яўляюцца лякарствы новага пакалення, але па-ранейшаму многае залежыць ад чалавека.

IMG_2932.jpg

Ветурач Алена Бараноўская і даярка Алена Чарняўская з МТК «Рытань»


Гэтага меркавання прытрымліваецца і аператар машыннага даення Алена Чарняўская – дарэчы, віншаванні ад прафсаюза даярка прымала напярэдадні свайго дня нараджэння.

Лёс прывёў жанчыну на Астравеччыну з далёкай Караганды. Яна – адна з лепшых кандытараў у горадзе, калісьці нават і падумаць не магла, што стане адной з лепшых даярак, навучыцца прымаць ацёлы.

– У маёй групе каля 100 хворых і навацельных кароў, якія дояцца асобна ад асноўнага малочнага статка, – расказвае даярка. – Масцітныя каровы часам брыкаюцца – саскі баляць. Даільная зала, дзе працую, разлічана на 12 галоў і дазваляе сарціраваць жывёлу, у адрозненне ад асноўнай даільнай залы.

Жывёлаводу Вользе Слепіка, якая ў дзень нашага прыезду была ў адпачынку, паабяцалі перадаць падарунак.

***

Ферма «Падольцы»

Менавіта тут мы заспелі загадчыка Алімпію Валынец. Да слова, жанчына яшчэ «кіруе» і фермай у вёсцы Дуда.

– Як паспяваю? – з усмешкай перапытвае Алімпія Вікенцьеўна. – Проста! Да абеду тут, пасля абеду – там. Выдам муку, пракантралюю, пакуль работнікі жывёле яе раздадуць, – і на Дуду. Зімой, здараецца, пешшу круг даю – гэта каля 4-х кіламетраў, летам на скутары дабіраюся.

IMG_2942.jpg

Загадчык ферм «Падольцы» і «Дуда» Алімпія Валынец


На ферме «Падольцы» разам з загадчыкам пра 400 галоў клапоціцца 5 працаўнікоў.

***

МТК «Падольцы»

У параўнанні са сваёй цёзкай фермай, малочна-таварны комплекс значна буйнейшы і больш сучасны – тут створаны камфортныя ўмовы для працы чалавека.

Валянціна Казлоўская працуе цялятніцай у саўгасе з 1996 года.

– Разам з 2-ма напарніцамі клапоцімся пра 300 рознаўзроставых цялят, – расказвае жанчына. –Дома чакаюць мае рагуля, кабанчыкі, куры… Не па-людску гэта – жыць на вёсцы і не трымаць гаспадарку.

IMG_2950.jpg

Цялятніца Валянціна Казлоўская (МТК «Падольцы»)


Зусім нядаўна ў саўгасе Сяргей Бернюкевіч. Па словах маладога мужчыны, пэўны час ён працаваў у Астраўцы на хлебазаводзе, пазней – на кардоннай фабрыцы ў Альхоўцы, але вярнуўся на малую радзіму. Сяргей клапоціцца, каб кармавыя сталы дойных кароў не пуставалі, – і, відаць, у яго гэта добра атрымліваецца.

IMG_2947.jpg

Юрый Адула віншуе Сяргея Бернюкевіча з МТК «Падольцы»


***

Ферма «Талюшаны»

Хоць і не можа пахваліцца сучасным рамонтам ці абсталяваннем, але тут пануе створаная рукамі работнікаў утульнасць, паўсюль чысціня.

Пасля заканчэння Ільянскага каледжа Павел Аўсюкевіч вярнуўся ў родны саўгас – працуе тут ужо два гады і пакідаць яго не збіраецца. Штодзень малады чалавек дабіраецца з Кямелішак на ферму ў Талюшаны на ўласнай машыне. Работу на месцы ў Кямелішках, нават не разглядвае: трымае «талюшанскі”, хоць невялікі, але дружны калектыў.

IMG_2959.jpg

Маладыя кадры фермы «Талюшаны»: даглядчык Павел Аўсюкевіч


***

Ферма «Кямелішкі»

Не ўпершыню ў межах прафсаюзнай акцыі тут адзначаюць адных і тых жа работнікаў, якія з году ў год паказваюць добрыя вынікі ў гадоўлі буйной рагатай жывёлы.

Больш за 20 гадоў на ферме «Кямелішкі» працуе Тарэса Марцінкевіч. Доўгі час жанчына была даяркай. Калі дойны статак перавялі ў Рытань і Падольцы, стала даглядчыцай.

Пад апекай Святланы Будзько знаходзяцца бычкі дарошчвання. Пасля таго, як жывёліна набярэ вагу ў 250-280 кілаграмаў, яе пераводзяць на адкорм: у іншае памяшканне на ферме, а таксама ў «Стрыпуны» і «Падольцы».

IMG_2964.jpg

Святлана Будзько і Тарэса Марцінкевіч шмат гадоў працуюць на ферме «Кямелішкі»


***

Ферма «Стрыпуны»

Маленькі, але дружны калектыў працуе тут шмат гадоў. Жывёлаводы шкадуюць, што вёскі пакрысе выміраюць, але просяць не закрываць невялікія фермы, бо, дзякуючы ім, у маленькіх населеных пунктах яшчэ ёсць жыццё.

Уладзіслава Гарбачова, лічы, усё жыццё ў жывёлагадоўлі: у Літве працавала даяркай, у Беларусі – жывёлаводам.

– На Астравеччыну мяне прывяло каханне: выйшла замуж – пераехалі сюды, – расказвае жанчына. – Муж дапамагае клапаціцца пра быкоў: без яго, напэўна, не справілася б – кармы, канцэнтраты раздаём уручную.

IMG_2969.jpg

Уладзіслава Гарбачова з фермы «Стрыпуны»







Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений