Як сям’я Садоўскіх атрымала жыллё ў Астраўцы

14:39 / 04.02.2021
Садоўскім пашанцавала: як шматдзетная сям’я яны атрымалі кватэру ў Астраўцы. І пашанцавала двойчы: як успамінае Алена, іх 2-пакаёўка была «адказной» – на тое, што хтосьці адмовіцца ад свайго шчасця і тым самым саступіць месца ім, жанчына нават не спадзявалася…

На «жыллёвую» чаргу маладая сям’я стала яшчэ ў 2011-м, аднак разлічваць на хуткае засяленне не даводзілася: да 2020-га будаўніцтва жылля ў раёне ішло вялымі тэмпамі.

Аднак не прайшло і года ад нараджэння ў Садоўскіх 3-га дзіцяці – дачкі Палінкі, як Алене патэлефанавалі: ёсць магчымасць атрымаць кватэру ў доме, які будуецца з дзяржпадтрымкай для шматдзетных сямей.

1.jpg


– Мы разлічвалі на 3-пакаёвую і гатовы былі даплочваць за лішнія метры, колькі трэба, – гаворыць Алена. – Пра­панавалі «дзвюшку». Выра­шылі браць, палічылі, што які-ніякі, а шанс: кватэра гэта была апошняй свабоднай у доме, які будаваўся па дзярж­праграме для шматдзетных сямей, а значыць,  па «льготным тарыфе». Ды і прапанавалі яе менавіта нам – значыць, нам і наканавана. Можна сказаць, ускочылі ў апошні вагон.

Неабходныя дакументы трэба было паспець сабраць тэрмінова. 

– Безумоўна, дапамог льгот­­ны крэдыт, які выдаецца шмат­дзетным сем’ям на будаў­­ніцт­ва жылля, – гаворыць жан­чына. – Вырашылі ска­­ры­стац­­ца і сямейным  капі­­талам: 10 тысяч долараў пайшлі на пага­шэнне 2-га крэ­дыту, які нам давялося ўзяць «на даплату». 

– Ведаю, у многіх сямей былі праблемы з пару­чы­целямі, – працягвае Алена. – Нам і тут пашанцавала: згадзіліся стрыечныя браты і сяброўка, за што ім шчыра дзякую. Увогуле, родзічаў у мяне шмат: маці была 12-м дзіцем, ды і ў сястры сям’я шматдзетная – яны атрымалі кватэру ў суседнім доме.

За 2-пакаёвую кватэру па ільготным крэдыце Садоўскія кожны месяц выплочваюць усяго па 55 рублёў.

На рамонт і аддзелку Алена і Павел не   затрацілі ні капейкі, толькі мэблю  неабходную купілі. «Навошта перарабляць тое, што добра зроблена?» – паціскае плячыма жанчына.  

– Кватэра цёплая, з вялікай кухняй, – пералічвае галава сямейства. – Хоць я марыў пра дом, ды і дзецям там было б лепш, прасторней, аднак не скарджуся. (Смяецца.) Увогуле, лічу, вельмі добра, што ў нашай краіне ў кожнага ёсць магчымасць будавацца, а дапамога шматдзетным – правільная палітыка. Толькі вось прык­ра, калі сустракаеш сем’і, якія нараджаюць не для сябе, а менавіта дзеля квад­ратных метраў. Бедныя тыя дзеці, ды і бацькі таксама, бо мала прывесці немаўля ў свет – яго трэба на ногі паставіць, многаму навучыць, правільна выхаваць. А гэта вялікая адказнасць. 

Таму Павел не сядзіць склаўшы рукі, а працуе дальнабойшчыкам. Да таго, што муж дома бывае наездамі, Алена адносіцца спакойна, хоць адной спраўляцца з 3-ма дзецьмі нялёгка. Таму старэйшая дачка Валерыя пры кожнай магчы­масці дапамагае маці з малодшымі братам і сястрой.

Адзінае, што засмучае Алену, дык гэта недахоп часу – ёй хацелася б больш быць з дзецьмі. 

– Леры пашанцавала больш: з ёй я шмат займалася, пакуль у дэкрэце была, і потым часу свабоднага  шмат было, – успамінае маці. – Яна пайшла ў 1 клас – умела ў слупок складваць,  4-ты скончыла на адны «дзясят­кі». Цяпер я з работы пасля 7-мі вечара прыходжу, таму малодшанькім маёй увагі менш перападае. 

Я ўпэўнена, што менавіта дзеці прыносяць шчасце ў сям’ю. І неабавязкова іх павін­на быць шмат. Нават маючы грошы, вялікі дом і дарагую машыну, без дзяцей будзеш адчуваць, што жыццё пустое. 


Адным сказам

Алена:

– Спачатку сямейны капітал хацелі прыберагчы, а потым падумалі: лепш патраціць цяпер – тым больш з толкам. 

Павел:

– Быў бы рады, каб у нас з’явілася папаўненне ў сям’і, але жонка пакуль супраць, лічыць – гэта вельмі адказна. 

Валерыя:

– Мне ў кватэры падабаецца ўсё: яна вялікая, светлая, утульная і прыгожая. 

На развітанне Алена прызналася, што некалькі гадоў запар пад бой курантаў загадвала адно і тое ж жаданне: жыллё. У 2020-м яно ажыццявілася, дзякуючы падтрымцы дзяржавы і блізкіх людзей. І цяпер шчаслівы «вагончык» сям’і Садоўскіх упэўнена імчыць наперад з верай у цуды і заўтрашні дзень.


У Астраўцы пабудавана 46 кватэр агульнай плошчай 3,4 тыс. м для шматдзетных сем’яў у 2020 годзе.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: