Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Алена Юркойць: «Будучыня залежыць ад моладзі»

08:22 / 29.01.2021
Алена Юркойць, дырэктар Варнянскага НПК.

1.jpg

Нарадзілася ў 1971 годзе ў вёсцы Вароне Астравецкага раёна. Скончыла Гродзенскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці «выхавацель у дашкольных установах». У 2003 годзе – Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе атрымала спецыяльнасць «біялогія». Працавала выхавацелем у Варнянскім дзіцячым садзе і сацыяльна-педагагічным прытулку, настаўнікам хіміі і біялогіі ў Варонскай і Гозскай базавых школах. Была намеснікам дырэктара Варнянскіх ясляў-сада – сярэдняй школы, а ў 2016 годзе ўзначаліла гэтую ўстанову. 

Партрэт Алены Юркойць заносілі на раённую Дошку гонару. Па ініцыятыве дырэктара ў Варнянскім НПК створаны міжнародны інфармацыйны цэнтр «Захаваем атлантычных ласосяў» і школьнае лясніцтва «Лесавічок», члены якога неаднароза перамагалі ў конкурсах розных узроўняў. Прозвішча Алены Іванаўны трапіла ў міжнародную энцыклапедыю «Хто ёсць Хто» (2020). 

– У такім значным форуме буду ўдзельнічаць упершыню  і, зразумела, адчуваю гордасць. Хвалююча, што ад нас, дэлегатаў, залежыць будучыня краіны ў наступныя 5 гадоў. 

Праграма сацыяльна-экана­мічнага развіцця накіра­вана на павышэнне дабрабыту людзей і развіццё рэгіёнаў. Аналіз мінулай 5-годкі дазволіць намеціць планы на будучыню. У любой кропцы Беларусі – неістотна, гэта горад ці вёска, – чалавек павінен адчуваць сябе камфортна. 

Дырэктарам школы працую 5 гадоў. Напачатку было складана, але пашчасціла, што побач былі людзі, якія дапамагалі парадамі. За гэты час, лічу,  можна падвесці пэўныя вынікі. Так, мы палепшылі тэхнічнае асна­шчанне нашага навучальна-педагагічнага комплексу: з’явіліся новыя камп‘ютары, мульціборд, тэлевізар. Адкрыццё міжнароднага цэнт­ра па захаванні ласосевых  паспрыяла таму, што на базе нашай установы праходзілі семінары, сустрэчы – вучні праводзілі экскурсіі для гасцей, у тым ліку і на замежнай мове. У нас з’явіліся элект­рычныя мікраскопы, якія павялічваюць выяву і пераносяць яе на камп’ютар, – такога абсталявання на той момант не было ні ў адной школе раёна. Змянілася спартыўная база: пабудавана каробка для катка, зроблена баскетбольная пляцоўка, абноўлена трэнажорная зала. Дзякуючы перамозе ў «Энергамарафоне», мы атрымалі сродкі на рэканструкцыю харчблока і набыццё неабходнага для яго абсталявання. Сёлета ля школы з’явіўся новы асфальт. 

Пра што мару і якія планы стаўлю перад сабой і камандай на бліжэйшую 5-годку? Галоўнае, каб нашы дзеці не хварэлі. Хочацца палепшыць спартыўную базу. Летась мы заклалі плантацыю буякаў, ёсць сад. У планах – прыцягваць вучняў да бізнес-кампаній. На мой погляд, вельмі важна, каб вясковыя дзеці ўсведамлялі, што можна зарабляць, працуючы на зямлі, і рабілі гэта якасна. Зразумела, што далёка не ўсе з іх пойдуць у аграрыі. 

Мяне, як дырэктара школы, цікавіць, як будзе развівацца, магчыма, трансфарміравацца сістэма адукацыі; якія інавацыя і тэхналогіі будуць укараняцця.

На форуме хацелася б узняць пытанне маральна-духоўнага выхавання падрастаючага пакалення. Добра, што кожны год праходзіць пад рознымі эгідамі: на змену Году малой радзімы прыйшоў Год народнага адзінства. На аснове традыцый, агульначалавечых і сямейных каштоўнасцей, этычных прынцыпаў варта выхоўваць моладзь – гэта будучыня нашай краіны. Дзецям трэба прывіваць патрыятызм, вучыць іх дабрыні, а разам значна лягчэй дасягнуць пастаўленай мэты. Важна навучыць аналізаваць інфармацыю, каб юнакі і дзяўчаты на веру не ўспрымалі ўсё, што падаецца ў інтэрнэце, вучыліся думаць, адрозніваць чорнае ад белага. 

Перад настаўнікамі ключавым застаецца пытанне фарміравання асобы пад­рас­таючага пакалення на аснове базавых каштоўнасцей нашай нацыі, патрыятычнага накіравання і развіцця нацыянальнай культуры. Нашы дзеці – гэта наша будучыня, і ад нас, педагогаў, залежыць, ці вырастуць яны сапраўднымі беларусамі. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: из архива «АП»