Алена Рабкоўская з Трокенік узнагароджана Ордэнам Маці

10:33 / 09.12.2011

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Алена Віктараўна Рабкоўская, жыхарка вёскі Трокенікі, узнагароджана Ордэнам Маці. На мінулым тыдні дзяржаўную ўзнагароду і прадугледжаную ў такіх выпадках матэрыяльную дапамогу ў раённым выканаўчым камітэце ёй уручыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.


Алена Віктараўна, якая працуе ў Трокеніцкай базавай школе, і яе муж Пётр Віктаравіч, адзін з лепшых механізатараў СВК “Варняны”, выхоўваюць пяцёра дзяцей. Вадзім, Эла, Кірыл і Мікіта вучацца ў школе, а малодшая Даша наведвае дзіцячы садок. Як сказала, віншуючы сваю падначаленую і аднавяскоўку з узнагародай, дырэктар Трокеніцкай школы Жанна Яўгенаўна Бяляўская, дзеці Рабкоўскіх з’яўляюцца гонарам школы, а іх сям’я – прыкладам для аднавяскоўцаў.
У нашым раёне дваццаць жанчын, якія нарадзілі і выхавалі пяцёра і больш дзяцей, узнагароджаны Ордэнам Маці. Алена Віктараўна распачала адлік трэцяга дзясятка астравецкіх маці-гераінь.