Гонар раёна: вадзіцель аўтапарка №4 Генадзь Філіповіч

12:07 / 17.01.2021
Напэўна, няшмат людзей могуць пахваліцца адным запісам у працоўнай кніжцы. Генадзь Філіповіч адносіцца да такой рэдкай «касты» – як прыйшоў у 1988 годзе ў аўтапарк №4, так і «руліць» да гэтага часу. І няхай за акном аўтобуса з дня ў дзень мільгаюць знаёмыя краявіды, мужчына заўсёды бачыць у іх штосьці новае, і, хаваючы  ўсмешку, з задавальненнем круціць «баранку».

1.jpg


– Я ж з дзяцінства марыў сесці за руль, – расказвае Генадзь Станіслававіч. – Ого, стаць вадзіцелем! У той час, напэўна, не было хлопчыка, які б не мроіў пра гэта. У школе нас часта адпраўлялі капаць бульбу ў калгас, дык мы першай справай ішлі да вадзіцеляў грузавікоў дамаўляцца, каб далі хоць крыху праехаць за рулём. (Усміхаецца.) Мужыкі спагадлівыя трапляліся, дазва­лялі – бачылі, што ў нас вочы гараць, магчыма, і сябе ў такім узросце пазнавалі. Праедзеш так круг-другі – і дадому шчаслівы вяртаешся. Праўда, спачатку я на трактарыста здаў – у Варнянах тады на шафёра толькі некалькі чалавек бралі. А пасля ад ваенкамата ў Ашмянскім ДАСААФ адвучыўся і служыць пайшоў.

Пасля арміі, дзе 2 гады адшлі­фоўваў вадзіцельскія навыкі на ЗІЛе ў вучэбным цэнтры ракетных войск, хлопец прыйшоў уладкоўвацца на працу ў астравецкі аўтапарк і сеў на МАЗа. Праз некаторы час у яго вадзіцельскім пасведчанні, акрамя катэгорый «А», «В», «С» з’явілася «Е», а затым і «D». Зараз Генадзь Станіслававіч з’яўляец­ца вадзіцелем 6 разрада 1 класа – гэта значыць, няма таго транспарту, якім бы ён не змог кіраваць.

– Цікава было навучыцца таму, чаго яшчэ не ведаў, – дадат­ковае ўменне за плячыма не насіць, – з усмешкай тлумачыць мужчына. – Сеў на МАЗа – добра, а за работу з прычэпам больш плацілі. Каму ж пашкодзіць лішняя капейка?  У той час тэхніка з аўтапарка ўвесь раён абслугоўвала – на якіх толькі аб’ектах мы ні працавалі. Была работа і зацікаўленасць. І машын было – не злічыць. Толькі я паспеў 7 МАЗаў «з’ездзіць». А пасля арганізацыі сталі ўласныя грузавікі набываць, работы стала менш, у нас пачалі скарачаць адзінкі тэхнікі – і я задумаўся, што рабіць далей.

Мужчына прызнаецца, што ў той пераломны момант была думка звольніцца і пашукаць іншую работу, ды тагачасны начальнік эксплуатацыі Мартынаў параіў Генадзю і яшчэ двум яго сябрам не пароць гарачку, а проста перасесці на іншы транспарт. Так былыя МАЗаўцы перакваліфікаваліся ў вадзіцеляў аўтобуса. 

– Спачатку па раёне катаўся, пасля на Мінск ездзіў, цяпер вось на пляцоўку Беларускай АЭС работнікаў важу, – працягвае Генадзь Філіповіч. – Усюды свая спецыфіка, дарога і пасажыры, якіх трэба даставіць у пункт назначэння своечасова і з камфортам. Калі падлічыць, дык больш 20-ці гадоў ужо «баранку» аўтобуса кручу. Услых сказаў – і самому не верыцца. (Усміхаецца). Хаця з іншага боку, чаго толькі не здаралася за гэты час. У аварыі, дзякуй Богу, ні разу не трапляў. Хоць, бывала, да няшчасця лічаныя сантыметры заставаліся. Памятаю, на МАЗах за Спондамі гравій вазілі. Едзем, значыць, некалькі машын калонай з Астраўца, наперадзе сябар мой, затым я, пасля яшчэ некалькі машын. А тут дзяўчаты па дарозе сустрэліся. Ну і таварыш вырашыў падвезці іх, пачаў тармазіць, ды крыху не разлічыў – галалёдзіца была, машыну занесла, а пасля і «на спіну» палажыла. А мы ж следам ехалі – ох, і выкручваліся, як маглі. Але абышлося – ніхто не пацярпеў і не перакуліўся. З іншага боку, і кур’ёзаў хапала – усяго не раскажаш. Дарога яна такая – непрадказальная і багатая на неспадзяванкі. 

Бацькавы гены перадаліся ўсім чацвярым дзецям Філі­повіча: 2-е сыноў таксама некаторы час працавалі вадзі­целямі, а дочкі ўпэўнена кі­руюць уласнымі аўто. Генадзь Стані­слававіч з гонарам расказвае пра кожнага з іх, а вось пра свае прафесійныя дасягненні гаворыць сціпла. Між іншым сярод узнагарод – граматы і Падзячныя лісты абласнога і раённага ўзроўняў, уся калекцыя вадзіцельскіх значкоў, а сёлета партрэт Філіповіча занесены на раённую Дошку гонару. Але найлепшы доказ адданасці працы – стаж, які пераваліў на 4-ты дзясятак.
 
– Гэта маладыя няхай спрабуюць, дзе лепш, а я мітусіцца не люблю, – адзначае мужчына. – І прафесію сваю ні на якую іншую ні прамяняю. Я вадзіцель – і кропка.

І няхай за акном аўтобуса з дня ў дзень мільгаюць знаёмыя краявіды, Генадзь Станіслававіч  ведае: аднолькавай дарогі не бывае, таму ўпэўнена трымае руль і цісне на газ.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: