На Каляды ў Калядзе

16:23 / 07.01.2021
На ўскрайку старога лесу, над азярком, некалі стаяла  вёсачка ў паўтара дзясятка двароў – Каляда. Хто і калі даў ёй такую дзіўную назву, невядома. Зрэшты, ёсць Калядна, Калядзічы, то чаму не быць Калядзе? Месцілася яна воддаль ад шумных гарадоў, у зацішку. З вялікім светам злучаў  вузкі прасёлак, па якім снавалі  падводы, тарахцелі матацыклы, шаргаталі па пяску веласіпеды. Так ездзілі на працу вясковыя мужыкі ды жанчыны. А на веласіпедах зазвычай дабіраліся да школы дзеці. У вёсцы не было значных калгасных аб’ектаў, нават брыгада з суседнімі Навасёлкамі агульная. Ды рабочых рук хапала – амаль у кожнай хаце жыло  3 пакаленні: дзяды, бацькі, дзеці...

Кампанія ссялення не­пер­спек­­­тыўных вёсак Каляду абмі­нула, а вось непазбежнае ста­рэн­не і запусценне з часам надышлі. Моладзь асела ў гарадах або перабралася на цэнтральную сядзібу калгаса, дзеля выгод і камфорту. Некато­рыя будынкі паперавозілі, давялі да сучаснага ладу. І стала Каляда  падобнай да шчарбатага рота: усяго 4 сялібы тырчэлі абапал віхлястай вулічкі ды некалькі разбураных зрубаў – бы з’едзеныя  старэчыя зубы...

* * *
Улетку насельніц – трох удоў Ганну, Марылю ды Анэлю – будзілі пеўні. Пачынаў самы галасісты, Анэлін, за ім –  астат­нія. Бабулькі ўзялі  за звычку, ледзь усхапіўшыся, бегчы на вуліцу, пазіраць з канца ў канец,  ці ўсе жывыя. А потым ішлі дадому – абыходзіцца: карміць курэй, катоў з сабакамі – як жа без іх? Ды і сабе сёе-тое на дзень згатаваць...

Наймаладзейшай у гэтай кампаніі была Анэля – 65 гадкоў. Цудоўных дачок выга­давала са сваім Пятром: увішных, працавітых, акуратных. І зяці ім раўня.  Прыязджаюць сем’ямі з горада ў водпуск. Гарод пасадзяць, будынкі, платы падладзяць. Ды не толькі маці дапамогуць, але і яе сяброўкам. Клікалі дочкі Анэлю да сябе жыць – у абе­дзвюх  прасторныя дамы,  а тая наадрэз: у вёсцы лепш – і павет­ра чыстае, і на гародзе сёе-тое вырасце, сваё, без хіміі, і грыбы-ягады ў лесе...  

А галоўны аргумент: як жа яна пакіне Ганну ды Марылю? У іх жа нікога з родных няма.  Марыля дзетак не мела, пасля двух выкідышаў зацяжарыць больш не змагла. Так і жылі адныя з мужам Іванам у згодзе ды ладзе. Надта ж добры характар меў Ваня, шанаваў жонку.   Пад старасць моцна хварэў  і  5 гадоў таму  пакінуў Марылю ўдавой.

У Ганны таксама лёс – не цукар. Усяго 6 гадкоў пражыла з мужам, ды загінуў яе Мікола. Прыцемкам вяртаўся з працы і ўрэзаўся ў вялікі камень. Матацыкл перакуліўся, мужчына праляцеў праз яго і зламаў шыю... Хто выкаціў на сярэдзіну дарогі  пракляты валун і навошта, ніхто не ведаў. Адзін шафёр, які ранкам ехаў з вёскі ў райцэнтр, сцвярджаў, што  камянюкі тут не было... Ад цяжкага нервовага ўзрушэння Ганна  злегла ў бальніцу. Чатырохгадовага Толіка даглядалі свякры. Дзякуй Богу, усё вытрывала, перажыла, сына выгадавала. Хлопчык змалку марыў стаць ваенным лётчыкам, добра вучыўся ў школе, загартоўваўся, каб здароўе дазволіла ў лётнае вучылішча паступіць. Паступіў, скончыў, служыў у Сярэдняй Азіі. Загінуў на баявым заданні – паведамілі з часці.  Недзе там, далёка, нявестка з унучкай заста­ліся. Але Ганна не паспела з імі пазнаёміцца...  
Часам нашэптвалі Ганне «добра­зычлівіцы»: маўляў, пра­кляла цябе сястрыца. Ды кабе­та нават слухаць  не хацела, пасылала пляткарак куды пада­лей.

* * *
Чацвёртая  сядзіба стаяла на канцы вуліцы. Пахіленая, даўно не рамантаваная хата, скасабочаны плот, перакошаныя веснічкі. Нават сцежка  амаль зарасла. Тут жыла старэйшая сястра Ганны, Зінаіда, але яны ніяк не стасаваліся. Даўно. Ганна спрабавала наладзіць адносіны, але варта было зайсці  ў двор, як з шумам зачыняліся дверы ў сенцы, завешваліся фіранкамі вокны. І жанчына ішла прэч... Марыля з Анэляй наведваліся да Зінаіды, па чарзе даглядалі яе, нямог­лую: прыносілі ежу, забіралі памыць бялізну, прыбіралі. 

– Памірылася б ты, Зіна, з Ганнай, жыць да яе перайшла б. Там хата цёплая і дагледжаная, – заікнулася неяк Анэля.

– Нікуды  я не пайду, у сваёй хаце паміраць буду!  А ты не лезь не ў сваю справу! – злосна бліснуўшы вачыма, вызверылася на суседку Зінаіда. Але ад яе дапамогі не адмаўлялася.

Прычынай раздору быў  Мікола. У маладосці пакахала яго Зінаіда, як прысохла. Усё чакала, калі сватоў пры­шле. Ды Мікола не спяшаўся. У войска пайшоў, на шафёра вывучыўся. Яна тым часам педвучылішча скончыла. Даведалася, што Мікола вярнуўся са службы, адпрасілася з працы на пару дзён, дадому прыехала. Ад вокнаў не адыходзіла, каб каханага ўбачыць. І згле­дзела. Мікола ішоў па вуліцы ... з Ганнай. Партфель яе нёс, нешта вясёлае расказваў, а тая смяялася. Горыч і злосць закіпелі ў дзявочым сэрцы. Вечарам завяла яна з бацькам размову:

– Тата, пагаварыў бы ты з Колевым бацькам, каб сватоў да нас заслаў. Да мяне. Люблю я Колю, жыць без яго не магу.

– Ой, дачка, нягожа дзеўцы хлопцу навязвацца. Калі кахае, то пасватаецца.

– Але не да мяне. Да Анькі хіба...

– Дык яна ж дзіця яшчэ! 

– Ну і што? Малая ды ранняя, – Зіна расказала бацьку, што надоечы бачыла.

Сцяпан быў мудры і асця­рож­ны. І ўсё ж аднойчы, дача­каў­шыся, пакуль Мікола загоніць у гараж свой грузавік, завёў гаворку:

– Жаніцца яшчэ не збіраешся? Пара ўжо.

– Ды нявеста мая яшчэ не вырасла, – аджартаваўся хлопец.

«Няўжо і праўда да Анькі заляцаецца», – падумаў, а ўслых сказаў:

– Дык і дарослых дзевак хапае. Вунь Зінка мая чым кепская? І прыгожая, і па гадах падыходзіць,  вучоная, добрую працу мае. Кахае цябе, аж начамі не спіць. І аднагодкі вы – па 22 абодвум.

– Так, Зінаіда – дзяўчына вартая. Але я Анечку люблю...

– Ці ты здурэў? Яна ж  дзіця, 16-ці  нават не мае. Хай скончыць школу, тэхнікум або інстытут які, тады ўжо замуж ідзе.

– Нічога, дзядзька Сцяпан. Я пачакаю. Васямнаццаць ёй споўніцца – ажэнімся. Вучыцца далей, калі захоча,  дазволю.

Пабраліся шлюбам яны пасля таго, як Ганна скончыла ветэрынарны тэхнікум і прыбыла ў свой калгас на працу. Вырашылі, што з Каляды нікуды не паедуць. Пабудавалі дом на бацькоўскім пляцы і жылі сабе дружна, адной сям’ёй. Да таго самага чорнага дня...  Ураз пастарэлі свёкар са свякроўкай пасля гібелі сына. Як іх пакінеш? І Ганна засталася жыць побач, хаця кіраўніцтва калгаса настойліва клікала на цэнтральную сядзібу. Цяпер радая, што не з’ехала. Сяброўкі побач, паштальён пенсію дастаўляе, а з ёю  і тавар сякі-такі: крупу, макароны, цукар, лямпачкі  электрычныя, іншыя дробязі, якія закажаш. Ды і Анэліны дочкі прывозяць ім з Марыляй тое, што і маці. А галоўнае, могілкі блізка, да сваіх хадзіць зручна.


На Ганніным вяселлі сястра не была  і ўвогуле перастала наведвацца дадому, асела ў горадзе.  Бацькоў таксама пахавалі без яе. А калі выйшла на пенсію з пасады дырэктара школы, вярнулася ў родную хату. Зажыла бабылкай, ні з кім без патрэбы размоў не заво­дзячы. Пакуль магла, разрабляла агарод, трымала гусей і курэй. Насадзіла кветак, вішань ды сліў. Толькі абыходзіцца з садам умення не хапіла – зарос ён, здзічэў. А потым пайшла па вёсцы чутка, што Зінаіда ўрэшт занядужала. Па хаце ледзь перасоўваецца, абапіраючыся на дзве кульбачкі. Тады і пачалі наведвацца да яе Анэля з Марыляй.  Ганне было загадана  на панадворак не ступаць...

Летам лягчэй. Нагрэюць бабулі на сонцы або на самаробнай печцы ў двары вады паболей, выкупаюць суседку, у чыстае апрануць, а ўсё бруднае памыюць. У хаце прыбяруцца. А вось зімой... Лазня ёсць толькі ў Ганны,  дыхтоўная, адрамантавалі яе Анэліны зяці. Туды бабулькі сыходзяцца памыцца. Прапаноўвалі Зінаідзе далучыцца, занесці ўтраіх абяцалі. Дзе там!

* * * 
Зіма ўдалася снежнай і з  маразамі. Перад самымі Каля­дамі бабулькі пажадалі перабрацца  да Ганны, у яе цёплую ўтульную хату – такое рашэнне падказалі ім Анэліны дочкі. А і праўда, разам весялей.  Спальных месцаў хапае. Вось толькі што рабіць з Зінаідай? Замерзне ж у сваёй развалюсе. Трэба неяк перасяліць яе адтуль. Парламенцёрам на перамовах вызвалася быць Каця, малодшая Анэліна дачка. Прыехала сярод тыдня – дапамагчы бабулям да Каляд падрыхтавацца.  Набрала гасцінцаў і пайшла да цёткі Зіны. Добрых дзве гадзіны прачакалі яе. Каця  вярнулася  заплаканая, прытулілася да печкі. А потым сказала:

– Цётка Ганна, ідзіце зараз да цёткі Зіны, яна прасіла..

– Няўжо?

– Так. Ідзіце.

Ганна захуталася ў цёп­лую хустку,  ватоўку, абула ва­лён­кі... З цяжкасцю пера­стаў­ляючы здранцвелыя ногі, пайшла па замеценай вулічцы. 

Няцепленая Зініна хата патыхнула халадэчай. Ганна па старой памяці намацала на сцяне выключальнік, шчоўкнула ім. Лямпачка цьмяна асвяціла пакой. На ложку пры сцяне ляжала захутаная ў лахманы Зінаіда. Ганна з плачам кінулася да сястры. Тая крыху пасунулася, даючы ёй месца каля сябе,  паклала сваю заледзянелую руку на Ганніну.

– Чаго ты плачаш? Не трэба. Я жывая і крыху нават здаровая... Я столькі гадоў цябе чакала, а паклікаць баялася... Баялася, што крыўдуеш на мяне. Людзі, нябось, даводзілі, што гэта я твайго Міколу на той свет звяла. Наваражыла яму на смерць. Дурні яны. Хіба ж магла я жадаць благое чалавеку, якога кахала? Усё жыццё кахала. І хоць ён выбраў цябе, я ніколі не палезла б у вашу сям’ю. Проста жыць побач не змагла, таму і з’ехала. А па Толіку вашым я колькі слёз выплакала!..

У Ганны перахапіла ў горле. Ледзь пракаўтнуўшы даўкі камяк, яна прамовіла:

– Што ты, Зіна! Я ніколі так не думала і чужых плётак не слухала. Відаць, лёс такі ў Міколы, што тут зробіш. І прыйсці да цябе, у нашу родную хату, колькі разоў парывалася, толькі ты не хацела мяне бачыць. А мне было цябе шкада...

– Не, хацела, ды не магла, балюча было. І сорамна, не ведаю, чаму.

– А цяпер ты да мяне жыць пяройдзеш?  Заставацца тут няма як – можа дах ад снегу заваліцца, прыдушыць цябе.

– Хіба на руках мяне панясеш – сама ўжо і кроку не ступлю.

– Пацярпі пару хвілін,  Кацю з мужам пашлём, яны мігам цябе даставяць.

Ганна прытэпала дахаты шчаслівая.

– Будзем Зіну забіраць. Зараз вось свой ложак, бліжэй да печы, пасцялю...

– Вы сцяліце, цётка Аня, а мы з Сярожам пад’едзем да цёць Зінінай хаты і забяром яе. 

– З рэчамі, – рагатнуў Сяргей. – І персанальнае крэсла ёй арганізуем.

Ён унёс у хату зручнае  крэсла-вазок для інвалідаў.

– Суседзі аддалі, задарма. Ад бацькоў засталося.

* * * 
Настаў святы вечар, Сачэўнік. За вялікім сталом  размясцілася немаленькая кампанія: бабуль­кі, Каця з мужам і двума сыночкамі. Не было толькі  Таццяны з Мішам – да іх прыехалі на свята Мішавы бацькі. На пачэсным месцы за сталом сядзела ружовенькая пасля лазні Зінаіда ў шаўковай белай хусцінцы і цёплым зялёным свэтры. Ёй было ўтульна ў зручным вазку, засцеленым  мяккай посцілкай.  У акно праз шыбіну над гафтаванай белай фіранкай  пазірала яркая зорка. 

– З Ражаством Хрыстовым! – усхвалявана прамовіла Каця, і ўсе паўтарылі: 

– З Ражаством!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: