Вынікі конкурсу «Пазнай Астравеччыну» падведзены. Віншуем пераможцаў

12:13 / 03.01.2021
756
Заданне апошняга, 47 тура, па меркаванні ўсіх удзельнікаў, якія даслалі адказы, было вельмі лёгкім – але так, шаноўныя даследчыкі гістарычных мясцін Астравеччыны, і было задумана. 

Па-першае, за цэлы год, што праходзіў конкурс, тыя, хто не прапускаў ні аднаго задання, мабыць, стаміліся. А па-другое, часта пра тое, што знаходзіцца пад самым носам, мы ведаем менш за ўсё.

Такім чынам, на здымку –  астравецкі касцёл Узвышэння (Узнясення) Святога Крыжа, пабудаваны на каталіцкіх могілках у 1910-11 гадах на ахвяраванні парафіян і намаганнямі ксяндза Пятра Баханоўскага. 

11.jpg


І калі ў той час большасць храмаў будавалася з дрэва, то гэта  класічная трохнефавая крыжовая базіліка змуравана з жоўтай цэглы. За тоўстымі сценамі храма і вузкімі вокнамі ад фашыстаў хаваліся мясцовыя жыхары.

У савецкія часы прыход ліквідавалі, а будынак касцёла зрабілі таварным складам. Храм вярнулі католікам у 1994 годзе.

Сёння касцёл Узвышэння Святога Крыжа стаў цэнтрам новай парафіі.

Да слова, свой адказ на пытанне, што гэта і дзе гэта, Жанна Волк-Леановіч «аздобіла» ўспамінамі з дзяцінства, калі за касцёлам знаходзіўся дзіцячы садок, у які яна хадзіла: «Выходзячы на прагулку, мы бачылі заднюю частку храма <…> А калі вышэй раскатацца на арэлях, можна было нават убачыць касцёльную тэрыторыю».

За правільныя адказы на пытанне 4 балы атрымалі Вікторыя Іванцэвіч, Марына Кімса, Ганна Мілашэвіч, Жанна Волк-Леановіч і Алег Драган. У Алены Памецькі і Святланы Маро­завай – па 3 балы, у Андрэя Ваўчка – 2 балы. 


Па выніках усіх тураў пераможцамі сталі: Алег Драган (166 балаў) – 1 месца, Марына Кімса (162 балы) – 2 месца, Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч (у кожнай па 160 балаў) – падзялілі 3 месца.

Дзякуем усім удзельнікам конкурсу «Пазнай Астравеччыну» за цікавасць да гісторыі роднага краю, жаданне адкрываць для сябе нешта новае. А пераможцаў чакаюць дыпломы і падарункі ад рэдакцыі газеты.

Алег Драган:

Алег Драган.jpg

– Далёка не ўсе адметныя мясціны сваёй радзімы я ведаў, таму вырашыў прыняць удзел у конкурсе. І не пашкадаваў. Конкурс атрымаўся – агонь! Лічу, што можна яшчэ арганізаваць «Пазнай Гродзенскую вобласць». А там  «Пазнай Беларусь» падцягнецца…

Аказалася, што ў  нашым раёне шмат цікавых мясцін, пра якія я нават не чуў! 

Мне мала было пачытаць пра тую ці іншую мясціну – паставіў для сябе мэту абавязкова туды даехаць. Рабіў здымкі для конкурсу і для свайго архіва, сабраў і ўсе адказы, якія былі змешчаны ў газеце, – сябрам раскажу і дзецям застанецца.

Дзякуй бацьку і брату, якія мяне вазілі і дапамагалі шукаць аб’екты. І навігатару – без яго было б як без рук.

Былі складаныя заданні, пра якія нічога не знойдзеш у інтэр­нэце.

Дзякуй і старшыням сельскіх Саветаў, да якіх я звяртаўся, і маці, якая дапамагала зна­хо­дзіць інфармацыю. Разам са мной ездзіла жонка – яна з Полацка, таму гэта для яе была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з Астравеччынай.

Ганна Мілашэвіч:

Ганна Мілашэвіч.jpg2..jpg


– Дзякуй рэдакцыі газеты і асабіста Ніне Рыбік за такі цікавы конкурс, які доўжыўся цэлы год. Напэўна, такога не было не толькі ў гісторыі нашай газеты, але і іншых друкаваных выданняў. 

Я вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе, таму што не ведаць пра славутасці радзімы сорамна. Шмат цікавага  даведалася,  адказваючы на пытанні. 

І не трэба ехаць у іншыя краіны – на нашай Астравеччыне не менш цікавых мясцін, у нас жылі і жывуць славутыя людзі, вядомыя ва ўсім свеце. 

Некаторыя заданні былі даволі складанымі, і нават у інтэрнэце немагчыма было знайсці адказы на іх. Тады мне прыходзілі на дапамогу сябры ў «Аднакласніках». А калі мы з мужам ехалі ў пошуках месца  пахавання ахвяр фашызму і забуксавалі каля вёскі Барані, нам дапамаглі  пагранічнікі з заставы «Буйкі». 

Кожны тыдзень чакала пятніцу, каб даведацца пра вынікі папярэдняга тура і атрымаць новае заданне. 

Марына Кімса:

Марына Кімса2.jpg


– Конкурс быў цікавым і па­знавальным. Калі ўбачыла першае заданне, адразу пазнала кальварыю ў Дубку. Вырашыла падзяліцца здагадкай. А потым мяне зацягнула – і кожную пятніцу з нецярпеннем чакала новае заданне.

Не думала, што на Астравеччыне так шмат цікавых мясцін. Да нас часта прыязджаюць госці з розных гарадоў – і мы іх возім па раёне, паказваем знакамітыя месцы. Дзяку­ючы конкурсу,  цяпер ведаю, што ім пакажу.

Я настаўнік пачатковых класаў, прыехала з іншага раёна, таму мала што магла расказаць сваім вучням. Цяпер у мяне ёсць  цэлы архіў інфармацыі!
Заданні былі розныя па складанасці. І калі не ведала, што на фота, выхадныя праводзіла за камп‘ютарам – не магла супакоіцца. Дапамагалі муж, сябры і родзічы – без іх я не справілася б.

Конкурс цікавы і актуальны – наш край знакаміты не толькі БелАЭС, але і іншымі месцамі.

Андрэй Ваўчок:

Андрэй Ваўчок.jpg


– Аб тым,  што праводзіцца конкурс «Пазнай Астравеччыну», даведаўся калі праглядаў сайт вашага выдання. Праект зацікавіў, тым больш Астравеччына – мая малая радзіма: нарадзіўся і пражыў у Астраўцы 10 гадоў. Цяпер жыву і працую ў Іўі. У Астраўцы жыве мая бабуля, якой ужо 90. 

Да таго ж працую я настаў­нікам гісторыі, а тэматыка праекта звязана ў асноўным з гістарычным мінулым рэгіёна. 

Зрабіў такую выснову: астравецкая зямля мае багатую гістарычную і культурную спадчыну. І вельмі доб­ра, што ёсць людзі, зацікаўленыя расказаць аб гэтым іншым, у тым ліку і праз такія конкурсы. Увогуле, адзначу, што выданне «Астравецкая праўда» на высокім прафесійным узроўні папулярызуе свой родны край!

На жаль, я не адразу пачаў удзельнічаць у конкурсе. Канешне, былі фотазагадкі, на якія не змог правільна адказаць, былі і крыўдныя памылкі. Але на большасць пытанняў тых тураў, дзе прыняў удзел, даваў правільныя адказы. Некаторыя аб’екты наведваў асабіста, пра іншыя ведаў дзякуючы прафесіі.

Алена Памецька:

Памецька Алена.jpg


– Гісторыя Астравеччыны вабіла заўсёды. Можа, не ўсё запаміналася, не ўсюды ўдалося пабываць, але ведаць вельмі хацелася. Дык чаму б не паспрабаваць? Яшчэ – гэта быў конкурс «для сябе», магчымасць заняцца цікавай табе справай, а не абавязак. Хоць «магчымасць» –  гэта занадта: многія адказы былі адпраўлены ў 23:57. 

Тым не менш было карысна аднавіць і папоўніць веды,  зрабіць для сябе адкрыцці (знакі вышыні, напрыклад, нямецкая электрастанцыя).  

А яшчэ ўзнікла думка аб выданні поўнага даведніка пра цікавыя мясціны нашага раёна (чаго толькі не давялося пералапаціць!). 

Ці было складана? Адносна. Падарожжа па Астравецкім раёне адбылося практычна на канапе. Ва ўсякім выпадку, шчырае дзякуй, што прапанавалі такую авантуру. Думаю, удзельнікаў было значна больш, проста не ўсе дасылалі адказы.

Вікторыя Іванцэвіч:

Вікторыя Іванцэвіч.jpg


– Калі пачаўся конкурс, я бы­ла ў 8 класе. На той мо­мант удзель­­нічала ў многіх канфе­рэн­цыях. Мяне заўсёды ціка­вілі знакамітыя людзі і славутыя мя­сціны. Па­ўдзельнічаць пра­панавалі бацькі – вырашыла паспрабаваць. І, лічу, атрымалася.

У пачатку конкурса не ведала, што на Астравеччыне ёсць так шмат славутасцей. Лічыла, што конкурс працягнецца нядоўга. 

Не ўсе туры былі складанымі для мяне, бо на паліцы маю кнігу  «Памяць. Астравецкі раён». Таксама карысталася інтэрнэтам. Бацькі родам з Астравецкага раёна, яны таксама мне дапамагалі ў некаторых турах.

Святлана Марозава:

Морозова Светлана.jpg


– Удзельнічала ў конкурсе, таму што было цікава даведвацца гісторыю Астравеччыны. У пошуках адказаў зразумела, што мы павінны любіць сваю краіну – у нас цікавая, самабытная гісторыя. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений