Чым знакамітая родная вёска Казіміра Сваяка Барані

14:07 / 26.12.2020
1568
Жыхароў Бараняў адрознівае пачуццё ўласнай годнасці, згуртаванасці, сваякоўства, гасціннасці. Адчула гэта ў першае  наведванне вёскі, калі з групай юных краязнаўцаў падчас веласіпеднай вандроўкі на радзіму Сваяка спыніліся каля аднаго з дамоў. Гаспадар Казімір Атмініс прынёс сцюдзёнай вады, паказаў, дзе дом Стаповічаў,  і расказаў шмат цікавага. 

А калі я надумалася напісаць пра гісторыю вёскі, то сталі тэлефанаваць мясцовыя жыхары, расказваючы пра розныя выпадкі з жыцця, і тыя, хто, як і Сваяк, кіруецца адным памкненнем: «На крыллях думкі я ляту стралой туды, дзе край мой родны-слёзны»: землякі з Гродна, Вільні, Вісагінаса…

Казімір Сваяк


Гісторыя

Барані вядомы найперш тым, што тут нарадзіўся беларускі святар, паэт, драматург і філосаф Казімір Сваяк. Пра яго жыццё і лёс напісана шмат навуковых прац, манаграфій,  артыкулаў – а пра вёску, што падарыла свету гэтага самародка, ёсць толькі скупыя запісы. Несправядліва! Таму вырашыла сабраць звесткі пра радзімку Сваяка. 

Даследчыкі звычайна пішуць, што Сваяк нарадзіўся ў глухой вёсачцы Барані. На самой справе глухой яна ніколі не была. Да нядаўняга часу ў гэтым даволі вялікім паселішчы жылі беларусы, палякі, літоўцы, яўрэі. На ўскрайку лесу ля дарогі на Белую Ваду памятны камень сведчыць, што тут пахаваны татарын, толькі ніхто ўжо не можа дакладна сказаць, ці ён жыў у гэтай вёсцы, ці неяк прыблудзіўся. 

У Баранях былі школа, карчма, магазін. А краявіды тут якія – неапісальнай прыгажосці!  Вёска акружана з усіх бакоў грыбным і ягадным лесам, журавіннымі балотамі, побач  рыбныя азёры, рэчка. Райскі куточак!

З кнігі «Памяць»

Барані вядомы з 16 стагоддзя. У 1593 годзе – сяло ў маёнтку Трокенікі, уласнасць брэсцкіх ваяводаў Фёдара і Марціна Юр’евічаў Тышкевічаў. У 19-м была падзелена на  Барані-1 і Барані-2, уваходзіла ў склад Свянцянскага павету Віленскай губерніі. У 1861 годзе Барані-1 (9 прыгонных сялян) стала часткай маёнтка Марцінова, уласнасць памешчыка Кучэўскага. Барані-2 – вёска (43 прыгонныя) маёнтка Шайкуны, уласнасць памешчыка Сволькена. У 1872 годзе адносілася да Падольскай сельскай грамады, уваходзіла ў Аляксандраўскую воласць. У пачатку 20 стагоддзя – у Аляксандраўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерніі.

IMG-20190729-WA0012.jpg


1875 год – 14 двароў, 63 жыхары.

1905 год –  163 жыхары, якія валодалі 53,6 дзесяцінамі зямлі.

З 1922 года – у складзе Польшчы.

У 1937 годзе –  38 дамоў і 182 жыхары.

З 1939 года – у складзе БССР.

З 12.10.1940 года – вёска ў Жукойніцкім сельсавеце Свірскага раёна Вілейскай, а з 20.9.1944 года – Маладзечанскай абласцей.

У 1952 годзе – 48 дамоў і 189 жыхароў.

З 20.1.1960 года – у Гро­дзенскай вобласці.

На 01.1.2004 года ў вёсцы 14 двароў і 28 жыхароў, уваходзіць у склад саўгаса «Падольскі».

Цяпер у Баранях засталося 11 пастаянных жыхароў: браты Сяргей і Уладзімір Грымыйлы, родзічы Казіміра Сваяка; Казімір і Наталля Стаповічы з двума дзецьмі, Леанід Гасперскі, Ніна Шпак, Рэгіна Буйка, Альфонс і Яніна Ілюкі. 

Рэгтна Іванаўна Буйка.jpg

Рэгіна Буйка


Тапонім

Назва вёскі паходзіць, як сцвярджаюць жыхары, ад слова «бор» – яна з усіх бакоў акружана сасновым лесам. Побач працякае рэчка Баранка. Жыхары Бараняў называюць сябе не баранцы, а баране – насельнікі бору.

У касцёльнай кнізе і на старых картах назва вёскі пазначана як Бараны. За польскім часам – ужо Барані. 

На маю ж думку, калі ў старых дакументах назва гучыць як Бараны, то цалкам магчыма, што яна паходзіць ад прозвішча Баран, якое і цяпер сустракаецца ў навакольных вёсках – Падольцах, Рытані і іншых. А рэчку раней ніхто не называў Баранкай – гэта была проста рэчка.

Школа з’явілася ў Баранях у бытнасць Казіміра Сваяка, а ў пасляваенны час дзеці з вёскі  вучыліся ў Жукойнях Страч­скіх.

Калгас з цэнтрам у Белай Ва­дзе быў арганізаваны ў 1949 годзе і насіў імя Заслонава. У яго склад уваходзілі вёскі Барані, Ясень, Белая Вада і навакольныя хутары.  Пазней яго перайменавалі ў «Светлы шлях», затым далі імя Варашылава. А з 1960 года і да сённяшняга часу вёска ў скла­дзе саўгаса «Падольскі».  

Пажар

Дамы ў Баранях стаялі блізка адзін ля аднаго. У 1953 годзе здарыўся пажар  – выгарэла амаль палова вёскі. Адбылося гэта на свята Божага Цела. Хлапчукі схаваліся за адрынай, каб пакурыць, стаяла суш, ад іскры салома ўспыхнула, як факел, – спыніць полымя было немагчыма. 

Казалі, што ў той дзень у Барані прыходзіў фінагент і ўгаворваў гаспадароў застрахавацца, але ўсе, як адзін, адмовілі. Ён, калі выйшаў з апошняй хаты, у роспачы сказаў: «Ды каб вы згарэлі!» Крыху адышоўся, азірнуўся – і ўбачыў чорны дым над вёскай. Перапалохаўся і сто разоў пашка­даваў, што так сказаў. 

Тады згарэла 10 хат. Пасля пажару большасць гаспадароў выехала ў Літву, Польшчу, Мінск ці іншыя гарады Беларусі. 

доім Буйка Рэгіны.jpg

Дом Рэгіны Буйка

Пра жыццё

Ніна Даніловіч:

– Не так шмат памятаю, бо ў Баранях пражыла нядоўга, але гэта мая радзіма, зямля маіх бацькоў і дзядоў.

Мой тата Генрых і яго брат Зыгмунт Стаповічы жылі з сем’ямі ў роднай хаце Стаповічаў, якая на той час належала іх бацьку Аляксандру, роднаму брату Кас­туся (Казіміра Сваяка). Жылі не сказаць, каб заможна, але і не бедна. 

У 1949 годзе  надышла калек­тывізацыя, якая стала шчасцем для адных, няшчасцем для другіх, а для нашай сям’і – вялікім горам. У 1951 годзе за тое, што не ўступілі ў калгас, раскулачылі майго бацьку і яго брата Зыгмунта. Мама да апошняга дня не магла забыць, як выносілі з хаты, з адрынаў нажытае потам і мазалём. Выганялі з хлявоў жывёлу, а коніка, які не хацеў выходзіць, застрэлілі на парозе. Адзін канец хаты разабралі – у Ясені на пагорку і зараз стаіць зруб, зроблены з таго дрэва. Там жа на гарышчы ляжала карціна «Сваяк на прыступках Клюшчанскага касцёла», якая ў той час была нікому непатрэбнай і недзе згубілася.

Генрыха і Зыгмунта з сем’ямі выслалі ў Свярдлоўскую воб­ласць, тры месяцы везлі ў таварняку, у холадзе і голадзе.  Мужчыны ў ссылцы працавалі на лесапавале. У нашай сям’і было пяцёра дзяцей – Збышак, Гражына, Ірэна, Эдмунд і я. Пазней нашу маму, Ядвігу Іосіфаўну, узнагародзілі медалём «Мацярынская слава». 

Вярнуліся мы ў Барані ў 1961 годзе. Я пайшла ў 4 клас Белавадзянскай пачатковай школы. А потым усе баранскія дзеці хадзілі ў Жукойненскую школу за 9 кіламетраў. 

Яніна Ілюк:

Яіна Ілюк.jpg


– Сённяшняя наша хата пабудавана з дрэва, што Сваяк нарыхтаваў на будаўніцтва беларускай школы. Але праціўнікі беларускасці ўпотайкі, ноччу аблілі бярвенне газай і падпалілі. На шчасце, людзі ўбачылі полымя, збегліся і патушылі агонь. 

У нас хата была добрая – на два канцы, стаяла насупраць могільніка. Ды бацька прадаў яе, каб купіць зямлі, а сам пайшоў з сям’ёй на кут. А як прыйшла калектывізацыя, то засталіся мы і без зямлі, і без хаты. У літаральным сэнсе – закапаў бацька грошы… Адкупіў абпаленае сваякоўскае дрэва – з яго і пабудаваў хату. 

У Баранях гандлявалі яўрэі: Бэрка, Бумка, Абрэм. Адзін з іх трымаў карчму. Рэчка побач з Баранямі была чыстая-чыстая. Рыбы вадзілася незлічона – усім хапала. А яшчэ ракі, на іх «рабіла бізнес» мясцовая дзятва: лавілі і здавалі Абрэму. А калі палі сталі апрацоўваць хіміяй, то зніклі ракі, рыбы паменшала  ў рэчцы.

Галіна Красоўская:

Галина Красоўская.jpg

– Памятаю з аповедаў бацькоў і дзядоў, якая гэта была вялікая, дружная і вясёлая  вёска, колькі розных майстроў і майстрых тут жыло. У бок рэчкі, да Белай Вады і да Буйкоў, стаяла шмат хат. Працаваў магазін – добра памятаю гэтую будыніну. Бацькі адкупілі дом, у якім раней жыў сляпы музыкант, і я, бавячыся на гарышчы, знаходзіла кнігі з дзірачкамі замест літараў – пасля даведалася, што гэта шрыфт Брайля для сляпых. 

Пасля заканчэння Жукойненскай школы выехала ў Вільнюс, там знайшла сваё шчасце. Але кожны год шукала найменшую магчымасць, каб прыехаць у Ба­рані. Шкада, што з вялікай вёскі застаўся хутар. Але для мяне гэтае месца самае прыгожае ў свеце! 

Пра вайну 

Казімір Атмініс: 

– Немцы, як толькі прыйшлі ў вёску, забралі сям’ю яўрэя Яніцкага, які трымаў смалярню ў Шайкунях, і закрылі ў склепе адной з хат у цэнтры вёскі – яна і цяпер стаіць. Мне было 7 гадоў, і я на свае вочы бачыў, як немцы выганялі яўрэяў са склепа, загадвалі набраць вядро вады і пачыналі аднаго з іх біць дубінкамі. Калі збіты траціў прытомнасць, загадвалі, каб хто-небудзь абліў яго вадой – і пачыналі біць наступнага.

Затым запрагалі іх у брычку жоўтага колеру, самі садзіліся за пасажыраў,  білі бічом і каталіся з рогатам па крузе, пакуль не надакучвала. Тры дні трымалі іх у склепе, затым адправілі – сказалі, што ў Пабрадзе, але хадзілі чуткі, што забілі па дарозе на Буйкі. На павароце дарогі на гэтую вёску злева ў лесе відаць капцы – там і пахаваны  Яніцкія.

Мясцовых дзяцей немцы часам частавалі цукеркамі, але Казік, бачыўшы, як жудасна акупанты здзекваліся з яўрэяў, ніколі іх не браў і стараўся не трапляцца ім  на вочы.

Вяскоўцы спачувалі пакут­нікам, але баяліся за свае сем’і. Ды былі і тыя, хто, рызыкуючы жыццём, хаваў яўрэяў – у прыватнасці, сям’я Вітольда Веські.

Яніна Ілюк: 

– Паўгода мае бацькі хавалі сям’ю Братніцкіх у кладоўцы за двайной сцяной, без святла і свежага паветра там жыло 8 чалавек. Пасля аблавы 31 снежня 1941 года фашысты непадалёк ад нашай хаты расстралялі 12 чалавек. Расказвалі, што забітых і параненых толькі крыху прысыпалі – яшчэ тры дні з ямы даносіліся стогны, а хто адважваўся падысці бліжэй, бачылі, як зямля варушылася. Але дапамагчы, адкапаць, уратаваць параненых адвагі ні ў каго не хапіла.

Стрэлы, енкі, плач – усё было чутно ў хаце. Бацька, пера­пужаўшыся, папрасіў  Брат­ніцкіх, каб яны пакінулі наш дом, бо ўсе ў вёсцы ведалі, дзе хаваюцца яўрэі,  і хто-небудзь мог выдаць. Яўрэі пайшлі лесам у бок Пабрадзе. Але іх злавілі немцы і  адправілі ў Кямелішкі ў гета. Нейкім цудам малодшыя дзеці – дзяўчынка Марыям і хлопчык Вульф – змаглі ўцячы. Ім пашчасціла перажыць вайну. У 2003 годзе Марыям Братніцкая прыязджала з Ізраіля ў Барані наведаць месца сваіх пакут і выратавання. А ў 2004 годзе па яе просьбе і на яе сродкі быў пастаўлены помнік бязвінным ахвярам. Месца знішчэння яўрэяў мясцовыя памяталі – на тым узлеску і сёння расце бярозка.

Больш падрабязна пра гэтую гісторыю пісала «Астравецкая праўда» 21 студзеня 2009 года ў артыкуле  «Праведнікі свету».

Ветэраны

Баранскія мужчыны Вацлаў Якубцэвіч і Вітольд Веська прымалі ўдзел у абароне Айчыны ад фашысцкіх захопнікаў. 

3.jpg

Вайскоўцы: Стаповіч Генрых (з радні Сваяка, бацька Даніловіч Ніны), 2-гі Веська Вітольд, бацька Ілюк Яніны



Генрых Стаповіч быў сапёрам, размініраваў розныя аб’екты, у тым ліку, і канцлагер «Майданек». 

Віктар Ілюк удзельнічаў у баях на Вісле-на-Одэры, узнага­ро­джа­ны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Вёска майстроў

Іван Буйка: 

– Непадалёк ад панскага маёнтка Шайкуні была смалярня Яніцкага, дзе працавалі і доб­ра зараблялі найбольш дужыя мясцовыя мужчыны. У кузнях для іх рабілі спецыяльныя сякеры з доўгімі ручкамі. Яны выкопвалі і адпраўлялі на вугаль у смалярню здаравенныя сасновыя пні. За тыдзень здавалі па 7-8 кубаметраў. Са смалы рабілі трапатыну, дзёгаць, варволікт. Я падлеткам часта бегаў паглядзець, як працуюць мужчыны. Назіраючы, уяўляў, што так павінна выглядаць пекла: дым, смурод, куродым, мітусяцца чорныя людзі з доўгімі сякерамі... А за плотам стаяць штук 40 вялікіх бутляў – светлых, цёмных, ружовых. 

Галіна Красоўская: 

– Барані славіліся майстрамі. Усё патрэбнае для жыцця рабілі ў сваёй вёсцы. У Іосіфа Стаповіча была кузня, ён падкоўваў коней, рабіў вупраж, калёсы, плугі і розныя хатнія рэчы.

Віталь Буйка быў скарняком і краўцом – вырабляў шкуры і шыў кажухі на машынцы «Зінгер». 

Янка Буйка рамантаваў абутак. 

Генрых Стаповіч трымаў пасеку – ён працаваў у пана Сволькена, і той за стараннасць падарыў яму кавалак лесу і пасеку. Падарунак гэты дорага каштаваў Генрыху: калі прыйшла савецкая ўлада, яго выслалі ў Сібір. Пчалярствам яшчэ займаўся Сальвэстр Атмініс і Альфонс Стаповіч.

Мой бацька Уладзімір  Гас­пер­с­кі рабіў калаўроты і запчасткі да іх. Працаваў лесніком. 

1.jpg

2-гі Стаповіч Канстанцін; 3. Рабовіч Франц; 4. Веська Вітольд; 5. Рабовіч Станіслаў



Раймунд Стаповіч быў паляў­нічым, плёў рыбалоўныя сеткі. 

Віктар Ілюк і Вітольд Веська пры калгасе працавалі коню­хамі.

Янка Чарняўскі здабываў смалу  для смалярні: рабіў на соснах надрэзы, устаўляў туды лейку без дзіркі – і смала сцякала. 

Ці не ў кожнай хаце стаялі крос­ны. Ткалі дываны, ручнікі, льня­ное палатно Браніслава Стаповіч, Геня Стаповіч, Яніна Гасперская, Ядвіга Стаповіч.

Былі і свае белашвачкі: Ванда Ілюк і Ядвіга Стаповіч. Без электрычнасці, пры лучыне і свеч­ках яны выраблялі сапраўд­ныя шэдэўры.

Калі хтосьці з вяскоўцаў ады­ходзіў у незваротны шлях, Уладзі­мір Гасперскі, Валерый Буй­ка і Вацлаў Якубцэвіч рабілі да­мавіны – прычым са сваіх дошак і бясплатна. 

Казімір Атмініс узяў на сябе клопат пра дастойную агароджу на могілках.

Думаю, што да майстроў сваёй справы можна аднесці і ўмель­цаў-самагоншчыкаў: «ба­­ран­­­­­ская» славілася на ўсю акру­­гу. «Водку гналі ў кожным доме, – успамінае Яніна Ілюк. – Мар­­ку трымалі – рабілі добрую.

Пры­малі заказы на вяселлі, пахаванні, хрысціны. На пахаванне была норма – 40 літраў, на вяселле – 120. Мой бацька быў майстрам на ўсе рукі і часта рабіў на заказ самагонныя апараты. За польскім часам для гасцей ставілі на стол «чвяртку» – і ўсе былі вясёлымі, задаволенымі  і песні спявалі.

Ніхто з вяскоўцаў ужо не памятае, хто склаў песню «Саладушку», але спявалі яе ў Баранях на кожным застоллі  – спяваюць і сёння.

Меў я часу праз нядзелю,
закладаў я дрожджы-хмелю, 
саладушку!
Гэй-гэй, саладушку!
Меў мукі пуды чатыры, 
ды завёў за паўгадзіны 
саладушку! Гэй-гэй…      
Я ў мяшок усё саставіў, 
пад кацёл агонь падбавіў, 
ганю смела, гэй…
Выйшла першая бутэлька – 
водка, добрая гарэлка. 
Прадаўжаю, гэй…
Пад кацёл лажу я трэскі, 
вдруг падходзіць паліцэйскі,
бярэць водку, гэй …
Кроў па жылах закіпела,
як схваціў яго за цела
і цягну я. Гэй….
І цягнуў з паўкіламетра, 
з яго выйшла ўсё паветра – 
усё за водку! Гэй…..
Рукі-ногі мне скавалі, 
аб зямлю мяне кідалі
тыя чэрці, гэй….
А цяпер, пакуль жыць буду, 
болей водкі гнаць ня буду,
аж да смерці. 
Гэй-гэй, аж да смерці!

Вёска спевакоў

Амаль усе ў Баранях любілі і ўмелі спяваць. Песні  гучалі заў­сёды і ўсюды: на святы і ў будні, дома і на працы. Слынныя пявунні Браніслава Стаповіч, Яніна Ілюк, Дануся Стаповіч, Рэгіна Буйка. 

Самыя ж галасістыя спевакі былі ў радні Стаповічаў – відаць, перадаўся талент у спадчыну. Славіліся галасамі Генрых і Ядвіга Стаповічы – дзе б яны ні былі, іх заўсёды прасілі паспяваць дуэтам. Браніслава Стаповіч і яе дочкі Чэся з Рэгінай славіліся цудоўнымі галасамі. Дзяўчынкі спявалі з маленства, іх называлі «сёстры Фёдаравы» (быў у 60-х такі папулярны фальк­лорны дуэт). 

У 2011 годзе прыязджала ў Ба­рані фальклорная экспедыцыя. Па­слухаўшы песню ў выкананні Рэгіны Гурынай, кіраў­нік, прафесар кафедры беларускай музыкі БДАМ Ларыса Касцюкавец адзначыла, што ў жанчы­ны ўнікальны, незвычайнай афарбоўкі тэмбр. Мне ж успомніліся словы ксян­дза Германовіча, які пісаў пра Казіміра Сваяка: «Голас меў такі прыемны, далікатны першы тэнар, што, здавалася,  выб’ецца на сапраўднага артыста!»

Регіна Гурына (Стаповічанка).jpg

Рэгіна Гурына


Сённяшняя жыхарка Бараняў Рэгіна Буйка ведае мноства народных беларускіх, польскіх і рускіх песень і з задавальненнем іх спявае. У фільме пра народнага разьбяра з Глушыцы Міхала Валуевіча «Анёл над вёскай», які здымаў тэлеканал «ЛАД», Рэгіна Іванаўна спявае любімую песню майстра: «Ой, пры лузе, пры лужку». 

Клуба ў Баранях не было, але меўся арганізатар усіх культурных мерапрыемстваў – Яніна Ілюк. На танцы моладзь збіраліся ў Віталя Буйкі. Дзяўчаты рыхтавалі хату да вечарынкі і прыбіралі пасля яе: мылі падлогі, наводзілі парадак. 

У вёсцы было два музыканты: Уладзімір  Гасперскі і Вілюсь Буйка – сляпы музыкант, як у апавяданні Караленкі. На святы запрашалі гарманіста Гутовіча з Ясені.

Згуртаванасць баранцаў бачыц­ца і ў тым, што да апошняга часу яны хадзілі ў лалоўнікі (валачобнікі), а потым тое, што сабралі, дружна і весела спа­жы­валі, збіраючыся на маляў­нічай палянцы – можа, якраз там, дзе іх дзяды з Казімірам Сваяком  частавалі Янку Купалу. Так і хочацца напісаць: «трахтавалі» – гэтае слова я таксама пачула ў Баранях. 

2.jpg

Моладзь. Буйко Юзэф, Атмініс Вікторыя, Рабовіч Эдурд, які стаў дырэктарам завода ў Пецярбургу,
Стаповіч Генрых,  Атмініс Казімір, Тункевіч Ганна, Ілюк Альфонс


Тут не толькі спяваюць, але і складаюць песні – «Дробна драб­ніца» так і завецца баранскай песняй. Не толькі ў вёсцы, але і ў акрузе яна гучыць на кожным застоллі. Вядома, што песня прысвечана шайкунскай скупой пані, якая называла баранцаў басотай і папракала, што яны больш весяляцца, чым дбаюць пра дабрабыт.  Словы «Ой ты ня смейся, пані скупая» потым памянялі на «дзядзька багаты». «Дробна драбніца» стала вядома ва ўсёй краіне дзякуючы кампазітару Рыгору Шырму, які зрабіў апрацоўку песні. Прагучала яна і ў мастацкім фільме студыі «Беларусьфільм» «Пока мы живы».   

…Вёска Барані, як і іншыя нашы маленькія, ледзь бачныя, і вялікія, знакамітыя вёскі, вёсачкі, хутары жывуць, пакуль жыве памяць пра іх, людзі, для  якіх радзіма, як і маці – адна на ўсё жыццё…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Иоланта Валуевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений