Как работать в удовольствие, рассказывает Максим Болонин

11:09 / 22.12.2020
701
Тры гады таму Максім Балонін прыехаў працаваць на БелАЭС і неўзабаве да прафесіі інжынера дадаў яшчэ адну –  педагога: вядзе тэхнічны гурток  у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. 

Як выбраць справу па душы, што пракладае шлях да здзяйснення мар, дзеля чаго трэба працаваць над сабой і ці ўсё вымяраецца таўшчынёй кашалька? Меркаваннямі наконт гэтага, а таксама ўражаннямі ад нашага горада падзяліўся з чытачамі «Астравецкай праўды» прадстаўнік маладога пакалення Максім Балонін.

1.jpg

– Максім, ты выбіраў будучую спецыяльнасць сам ці нехта  дапамог вызначыцца?

– Тут вялікую ролю адыгралі мае бацькі. Паколькі я адзінае дзіця ў сям’і, яны не хацелі мяне далёка адпускаць (лічылі, што яшчэ не зусім дарослы), а ў маім родным Жлобіне пры металургічным заводзе ёсць каледж, куды ў выніку я і пайшоў вучыцца. Але мяне гэта не засмучала. Па-першае, не рваўся хутчэй выехаць з хаты. Па-другое, спецыяльнасць  – «тэх­ніч­нае абслугоўванне тэхна­лагічнага абсталявання і срод­каў робататэхнікі ў аўта­матызаванай вытворчасці» – не проста запатрабаваная, але і поўнасцю супадала з маім захапленнем: з дзяцінства ціка­віла аўтаматыка, любіў ствараць дынамічныя падзелкі, каб яны свяціліся, рухаліся, мелі гукавыя сігналы. І яшчэ адзін бонус: выпускнікі каледжа маюць 100%-ную гарантыю праца­ўладкавання на завод.

Пасля завочна скончыў універсітэт, але менавіта вучобу ў каледжы лічу сваёй залатой парой. Падабалася на занятках – бо вучылі таму, чым цікавіўся.

Па натуры я  творчы чалавек, праўда, за школьны час нідзе  не  «засвяціўся». Ці мяне настаўнікі не знайшлі? (Задумваецца.) У каледжы я пазнаёміўся з Ларысай Леанідаўнай, вельмі цудоўным чалавекам, яна вяла гурток «Ручная работа».  Дзякуючы гэтаму настаўніку я раскрыўся: рабіў дэкарацыі да святаў, забяспечваў іх музычнае і светлавое афармленне. Мы рабілі сапраўдныя шоу!

2.jpg

– А што тычыцца тваёй асноўнай працы – на атамнай станцыі: творчасці там няма, няўжо ўсё, што робіш, падабаецца?

Я чалавек, якому павінна быць цікава – тады з галавой акунуся ў работу. Прымусіць, канешне, можна, але ККД ад працы праз сілу будзе малы. Мне пашанцавала, бо люблю сваю работу! Я займаюся тым, што падабаецца, – і гэта ўсё звязана з маімі функцыянальнымі абавязкамі. Лічу, што работа ў мяне творчая.  Творчасць – гэта больш шыро­кае паняцце, а не толькі маля­ваць, клеіць, выразаць, танцаваць… У аўтаматызацыі таксама яна прысутнічае: трэба нешта прыдумваць, аналізаваць, па­ды­ходзіць да рашэння задачы не проста прамалінейна, а знайсці аптымальны варыянт. І  тады атрымаецца зрабіць хутчэй, больш дасканала.  

– Дарэчы, а як трапіў на Бел­АЭС? І чаму вырашыў памяняць Жлобін на Астравец? 

– Выпадкова. (Смяецца.) Я ве­даў, што будуецца атамная станцыя. Аднойчы сябар, з якім разам працавалі, расказаў, што яго знаёмы адправіў туды рэзюмэ і прапанаваў: давай і мы напішам. Так і зрабілі. Праз тыдзень мне патэлефанаваў начальнік участка АСУ ТП (аўтаматызаваныя сістэмы ўпраўлення тэхна­ла­гічным працэсам), дзе цяпер працую, і запрасіў на субяседванне. Калі ехаў у Астравец, была адна думка: хоць бы ўзялі! Але ўсё склалася.  Так з чэрвеня 2018 года ўладкаваўся на АЭС – 2 гады быў электраслесарам, цяпер – ін­жы­нер. 

Галоўная прычына, чаму змяніў месца працы,  –  сама­развіц­цё. Лічу, што чалавек не павінен  апынуцца ў стане «застою», трэба ўдасканальвацца – і работа на «атамнай» стала для мяне добрай магчымасцю. Наладка і прыёмка абсталявання, кантроль за работай спецыялістаў –  спасцігаеш шмат чаго новага: ты ў іх вучышся, яны – у цябе. Мы праходзім навучанне ў вучэбна-трэніровачным цэнт­ры. Работы вельмі шмат – але яна цікавая!

– Напэўна, калі ехаў у Астравец, цікава было, што гэта за горад?

– Не проста цікава – я меў уяўленне пра яго: пазнаёміўся завочна – з дапамогай «Астравецкай праўды». (Усміхаецца.) Спачатку спрабаваў гля­дзець праз «Кантакт». А потым знайшоў ваш сайт, пачаў чытаць –  што ды як.  Паглядзеў рэпартажы праграмы «ТВА. ТВой Астравец». Мне было важна, як выглядае горад – не хацеў убачыць шэрасць, непрыгожыя пейзажы. І, шчыра, не паехаў бы туды, дзе мне не падабалася б быць, нават каб работа была цікавай. Але я ўбачыў прыгажосць, утульнасць, вельмі ўзрадавала, што горад будуецца, што ў ім з’яўляюцца новыя мікрараёны. Крыху засмуціўся, што няшмат месцаў для адпачынку, але надзея, што  нешта яшчэ з’явіцца, была. І самае крутое, што хутка пасля майго прыезду адкрылі басейн!

На Астравеччыне прыгожыя пейзажы. І заходы сонца – здаецца, што неба злучаецца з зямлёй у гэты час, – праўда-праўда, на радзіме не такія! 

Астравец невялікі ў параў­нан­ні са Жлобінам – у нас 80 тысяч насельніцтва, ды і інфра­структура развіта лепш: напрыклад, добрыя кіна­тэатры, ка­фэшкі, начныя клубы, больш мес­цаў, дзе можна пагуляць. Але так было не заўсёды – да «Дажынак» 2014 года ён быў шэрава­тым. Да гэтай падзеі ў Жлобіне шмат чаго змянілі, рэканструявалі, доб­раўпарадкавалі.

Яшчэ ў вас пераважная большасць – католікі; людзі больш гаваркія – з мясцовымі прыемна гутарыць; незвычайныя, ну і дыя­лект, канешне, цікавы. (Смяецца.)

Ведаеце, я ў вашым гора­дзе сябра класнага знайшоў. Яго завуць Марк Дзямідчык. Пазнаёміліся ў басейне – ужо цікавасці сышліся, шмат тэм агульных аказалася. У мяне ніколі ў жыцці не было такіх сяброў: ён заўсёды дапаможа, супакоіць, падтрымае і пакрытыкуе – адкрыта, канкрэтна. Гэта залаты чалавек! 

5.jpg

– Максім, з работай на атамнай станцыі зразумела: прыехаў працаваць у сваёй сферы. А як у Цэнтр творчасці занясло?

– Калі працаваў на заводзе, валанцёрыў у сваім ка­леджы – займаўся тым, чым некалі ў гуртку Ларысы Леанідаўны: рыхта­ваў сцэну для выступленняў. 

Мне важна развівацца – не толькі ў прафесіі, але і як асобе, быць карысным; калі я магу дапамагчы, чамусьці навучыць – трэба гэта зрабіць. Пражыў цэлы дзень альбо вольны вечар без справы – змарнаваў час. Адпачыць – гэта адно, а калі ў бяздзеллі – значыць, «трухнець». Ёсць такое паняцце «лішак творчай энергіі». Дык вось, я адчуў, што гэта такое. Яна ж накопліваецца, і ёй трэба нейкае выйсце. Разумеў, што калі не буду выплёскваць сябе ў творчасці, то гэты ком можа негатыўна выплеснуцца альбо на кагосьці, альбо «спалю» сам сябе.

Пачаў вывучаць варыянты, куды сябе прымяніць. Зайшоў у «ВКантакце», адсарціраваў слова «Астравец» і стаў праглядваць суполкі арганізацый, устаноў: чым займаюцца, што прапануюць. Так знайшоў ЦТДіМ і напісаў адміністратару групы. Расказаў, хто я, прымацаваў  рэкламкі, якія магу рабіць, і пра­панаваў супрацоўніцтва на валанцёрскай аснове. Так і напі­саў: «Грошай мне не трэба – хочаце, то плаціце цукеркамі». 

Вялікі дзякуй тату і маме, за тое, што навучылі мяне  не ся­дзець і чакаць, а дзейнічаць. Бацька заўсёды казаў: «Ёсць магчымасць, абавязкова пастукай у дзверы, а што там бу­дзе –  адчыняць табе ці не, што скажуць, – няважна. Галоўнае, стукай». І я «пастукаўся» ў цэнтр творчасці –  «адчынілі». (Усміхаецца.)  

Стаў дапамагаць арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы, рабіць відэаролікі,  падключыў свайго сябра.  Кажу: «Марк, усё роўна сядзіш і нічога не робіш – пайшлі. Пазнаёмлю з калектывам, там весела, крута, адпачнеш і чаем напояць». Так сталі валанцёрыць удваіх. З гэтага года мы вядзём гурток па лазернай дрэваапрацоўцы. Да нас ходзяць толькі хлопчыкі, мы не абмяжоўвалі –  дзяўчынкі проста не запісваюцца. Хаця, можа, і не жаночая гэта справа – я не пра складанасць, а пра тое, што дэталі трэба ўручную ад­шлі­фаваць, афарбаваць, скласці – склад розуму павінен быць тэхнічным, а дзяўчаты ў большасці гуманітарыі. 

3.jpg

Камп’ютарныя схемы вырабаў дзеці могуць рабіць і самі, але часцей бяруць у інтэрнэце. Аднак перш, чым працаваць з імі, трэба паглядзець, каб яны былі дапрацаванымі – гэтаму і вучым;  нешта складаюць самі. Дзецям няпроста. Але ў жыцці ўвогуле нічога лёгка не даецца – трэба працаваць.

Тлумачым, паказваем – для гэтага і працуем, бо павінны навучыць так, каб дзіця зразумела. 

Каласальны зарад энергіі дае ўсведамленне таго, што пасля сябе ты нешта пакінеш, перадасі вопыт – і амаль адразу ўбачыш аддачу.

Мне падабаецца калектыў цэнт­ра творчасці – ён класны! Для мяне прыйсці сюды аддушы­на: тут я адпачываю. Калі параў­ноўваць з работай на атамнай станцыі: там – калегі, з якімі кам­фортна працаваць, прыемна правесці час на карпаратыве ці схадзіць у лазню, а тут, у цэнтры, – сям’я.

– На тваёй старонцы ў «ВКантакце» бачыла, што Еўрапейскія гульні ў Мінску ў мінулым го­дзе таксама без цябе не абышліся.

– Гэта незабыўныя ўражанні! Каб трапіць туды, нават дыплом раней давялося абараняць – арганізатары гульняў напісалі хадайніцтва на маю навучальную ўстанову, і мне перанеслі тэрмін на два тыдні раней.  

Як толькі даведаўся, што набі­раюць валанцёраў, падаў заяў­ку – гэта было за год да самой падзеі. Мяне размеркавалі ў лік сцяганосцаў – нёс сцяг Аўст­рыі падчас адкрыцця і закрыцця гульняў. 

Было крута: людзі, з якімі я працаваў, іх добразычлівасць, узровень рэпетыцый, размеркаванне абавязкаў кожнага! 

На працягу 5 дзён мы трэні­ра­валіся, вучыліся рабіць у такт музыцы сінхронныя рухі, уяўляючы, што трымаем у руцэ сцяг. На генеральных рэпетыцыях ўсё было па-сапраўднаму, з аб’яўленнем краін, урачыстым праходам, я ішоў за мадэллю ў нацыянальным касцюме аўстрыйцаў – і адчуваў сябе амаль алімпійскім чэмпіёнам. (Смяецца.) 

4.jpg

Рады, што ўбачыў знутры работу арганізатараў – усё было адладжана, як гадзіннік. Мы прай­гравалі кожны момант! Узгадаў – і эмоцыі пера­паў­няюць!

– І апошняе пытанне: ці любы чалавек можа адчуваць асалоду ад таго, што робіць?

– Мяркую, што любы. Ведаеце, калі віншую блізкіх ці сяброў са святамі, акрамя іншага, заўсёды жадаю ім знайсці тое месца, дзе яны раскрыюцца і будуць атрымліваць асалоду ад работы. Канешне, без фанатызма – родныя пры гэтым не павінны пакутаваць. (Усміхаецца.) 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Рита Дремо
Фото: из архива Максима Болонина
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений