Лепшыя даяркі раёна працуюць у “Палушах”

11:41 / 18.12.2020
У раённым сельскагаспадарчым спаборніцтве сярод  аператараў малочна-таварных ферм у лік прызёраў увайшлі адразу 2 даяркі МТФ «Палушы» КСУП «Гудагай» Наталля Шлыковіч і Наталля Пукшта, якія надаілі ад каровы пад 6 500 кілаграмаў малака кожная.
Дарэчы, неаднойчы працаўніц гэтай фермы прызнавалі лепшымі ў прафесіі, а іх партрэты заносілі на раённую Дошку гонару.
У чым феномен  «Палушаў» і даярак, якія там працуюць, даведаўся карэспандэнт, выпра­віўшыся на ферму. 

IMG_0574.jpg

Загадчык МТФ «Палушы» Тарэса Адамковіч

Трэці год гэтую невялікую ферму ўзначальвае Тарэса Адамковіч і трэці год запар МТФ «Палушы» да канца года падыходзяць з тлустым плюсам. Пра гэта найперш сведчаць лічбы. 
У «Палушах» утрымліваецца каля 350 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 145 – дойны статак. 
За 10 месяцаў 2019 года валавы надой склаў 1 013,8 тоны малака, сёлета – 1 110. 
Надой ад каровы ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 562 кілаграмы і дасягнуў 6 322. 
Цікаўлюся ў загадчыка, як атрымліваецца цягам апошніх гадоў павышаць планку ў надоях і ці ёсць мяжа гэтых «плюсаў»? 
– Месяц месяцу – розніца: як і ў любой справе, у нас таксама бываюць мінусы, – гаворыць Тарэса Адамковіч. – За ўсімі паказчыкамі і лічбамі стаяць людзі. На ферме сабраўся цудоўны калектыў. Хоць крыху адбыліся змены ў складзе даярак, але кожны добра разумее, што ад яго працы залежыць агульны вынік.

IMG_0592.jpg

Аператарам машыннага даення Таццяна Казлоўская працуе 17 гадоў. Муж таксама заняты ў жывёлагадоўлі. Па словах жанчыны, і дома за вячэрай яны абмяркоўваюць рабочыя моманты. 


IMG_0590.jpg

Слесар малакапровада Людміла Замара з абсталяваннем на «ты». З прамыўкай абсталявання, заменай фільтраў для глыбокай ачысткі і іншымі абавязкамі жанчына спраўляецца выдатна. 


IMG_0602.jpg

Падменная даярка Данута Пешка ў «Палушах» працуе некалькі месяцаў, прыйшла сюды з «Рукшан» – і адразу прыжылася. 


Клапаціцца пра кароў і цялят загадчыку дапамагаюць 6 аператараў машыннага даення, 2 вартаўнікі, аператар малакапровада, 2 падвозчыкі і конюх. 
Летам каровы кругласутачна былі на пашы, цяпер – у стойлах. Праўда, пасля дойкі на некалькі гадзін іх выганяюць  на прагулку. У зімне-стойлавы перыяд змяніўся не толькі распадарак дня рагуль, але і іх рацыён: летам было шмат «зялёнкі», цяпер больш грубых кармоў. Даюць каровам і кормасумесь з кукурузнага сіласу і сенажу, канцэнтраты, патаку. 
Тарэса Адамковіч на ферме можа падмяніць любога працаўніка: падаіць карову, падсунуць кармы ці напаіць цялят жанчыне не складзе цяжкасці. 
– Больш за 40 гадоў даяркай на ферме ў Смілгах адпрацавала мама. Я маленькай была, а ўжо дапамагала ёй даіць кароў. За некалькі дзясяткаў гадоў у жывёлагадоўлі многае  змянілася, – працягвае загадчык. – Раней такіх патрабаванняў да якасці малака, як зараз, не было. Але, здаецца, і з гэтым мы нядрэнна спраўляемся: за 10 месяцаў перапрацоўшчыкам здалі 71% малака вышэйшым гатункам, 25% – першым, 4% – экстра. 
Палушанскае, як і ўсё  малако КСУП «Гудагай», трап­ляе на ААТ «Смаргонскія малочныя прадукты» і Ашмянскі сыраробчы завод. 
Дарэчы, на МТФ «Палушы» самы лепшы паказчык сярод гудагайскіх малочна-таварных ферм па захаванасці цялят – ён складае 100%. 
– Мая асаблівая радасць, што не страцілі ніводнага цялятка, каб толькі не сурочыць, – гаворыць Тарэса Адамковіч. – У адрозненне ад комплексаў, дзе аператары машыннага даення задзейнічаны толькі ў працэсе дойкі, нашы даяркі яшчэ клапоцяцца пра цялят. Пасля 2-х месяцаў бычкоў і цялушак пераводзяць на «Індрубку», «Рукшаны», «Дрэвянікі» і іншыя фермы. 
– Наперад выходзіць то наша ферма, то «Ліпнішкі» – цэлы год дужаемся, – з усмешкай на развітанне гаворыць загадчык. – Але не гэта галоўнае. Ведаю, што мае людзі – лепшыя!

Наталля Шлыковіч, 
2-е месца  сярод аператараў машыннага даення з вынікам  6 457 кілаграмаў малака (+188):

IMG_0580.jpg

– Даяркай працую 14 гадоў – да работы прывыкла і на іншым месцы сябе не бачу. На малочна-таварную ферму «Палушы» прыйшла з «Дрэвянік» – як усё жыццё тут працавала! Загадчыца – цудоўная жанчына, з дзяўчатамі таксама хутка знайшлі агульную мову. 
Цяпер у маёй групе 42 каровы і 9 цялятак. За малымі  глядзім, як за дзецьмі! (Усміхаецца.) Калі сваю работу любіш, працуеш ад душы – тады і вынік будзе. Я, напрыклад, кожную раніцу  з ахвотай еду на ферму. Дзякуй дырэктару Эдуарду Іванавічу за тое, што выдзеліў службовы транспарт. 
Я мясцовая, родам з Лошы. На ферме, лічы, з дзяцінства – бацькі працавалі даглядчыкамі. 
З мужам гадуем 3-х дзетак: старэйшая Гражына вучыцца ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы, відаць, па бацьку пайшла – Андрэй працуе лесніком у Палушанскім лясніцтве, а Мікіта і Арцём ходзяць у школу. Трымаем свіней, курэй – жывём!

Наталля Пукшта, 
3-е месца сярод аператараў машыннага даення з вынікам  6 435 кілаграмаў малака (+922):

IMG_0585.jpg

– З дзяцінства – нарадзілася ў Смілгах – я пры каровах: мама была даяркай, таму справу ведаю добра. Хоць маю 3-ці разрад швачкі, але да гэтага душа не ляжыць. Спакайней і ўтульней на ферме. Я хоць і худзенькая, але жылістая: хворых кароў доім асобна – здараецца, што па 16 збаноў цягаю.
Працавала паляводам, потым перавялі ў даяркі. Апякуюся 45 каровамі і 14 цялятамі, бывае, што і 20 малых даглядаю. 
У чым сакрэт «вялікага малака»? Працаваць трэба, каб жывёліна была дагледжаная. Калі карова будзе здаровая, пакрытая – цэлы год будзеш з малаком.
Рана асірацела – таму прывыкла разлічваць на сябе. Мой гонар – гэта мае дзеці. Максім ходзіць у дзіцячы садок, а Даша вучыцца ў 9 класе і вельмі прыгожа малюе, яна неаднаразова станавілася пераможцай і прызёркай розных творчых конкурсаў. Спадзяюся і веру ў тое, што дачушкіна мара стаць мастачкай абавязкова збудзецца. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алена Ганулич