Як жывецца пажылой жанчыне на хутары

12:19 / 04.12.2020
Альдона Валуевіч – апошняя жыхарка хутара Глушыца, што на Спондаўшчыне. Што трымае яе ў гэтым сапраўды глухім месцы, чаму яна не едзе бліжэй да людзей, чым займаецца доўгімі летнімі днямі і асеннімі вечарамі, як вырашае бытавыя праблемы – чытайце ў матэрыяле Ніны Рыбік.

Глушыца ніколі не была вялікай вёскай. Зрэшты, гэта нават не вёска – чатыры суседнія хутары па некалькі сядзіб на кожным так і зваліся: Глушыца першая, Глушыца другая… Сёння ад іх засталіся толькі ўспаміны, якія, як і многія іншыя звесткі пра родную Спондаўшчыну, занатавала (нізкі паклон ёй за гэта!) Іаланта Валуевіч. 

Сёння цёплы дымок чалавечага жытла ўецца толькі над другой Глушыцай. Але і тут святло вечарамі блішчыць толькі ў адной хаце…

1.jpg

…Дыхтоўны дом з тоўстага смалістага дрэва, на шчасце, не сапсавалі навамоднымі рамонтамі. Не скралі цеплыню бацькавых рук рознакаляровыя шпалеры і бяздушны гіпса­кар­дон, не змянілі фабрычныя пакрывалы маміных саматканых дываноў, а мэбля з пілавіння – самаробнай шафы з-пад рук суседа-чырванадрэўшчыка.

Апошняя жыхарка Глушыцы Альдона Валуевіч пакінула ў хаце  ўсё так, як было ў яе далё­кім маленстве. Мо, таму ёй тут так лёгка дыхаецца і светла думаецца?

Альдона Антонаўна нара­дзі­лася ў гэтай хаце. Адсюль ха­дзіла ў школу ў Трашчаны, пасля – на работу ў Клюшчанскую бытоўку. 

– Шыць мяне мама навучыла – на ўсю акругу была майстрыха. Але я не любіла гэтую справу,  – прызнаецца жанчына. – І цяпер не люблю… 

2.jpg

Не любіла – а стала нават больш слыннай швачкай, чым маці: тую ведалі модніцы з усяго наваколля, а да Альдоны прыязджалі не толькі са свайго раёна, але і з Літвы. Яна лічылася непераўзыдзеным май­страм па верхнім адзенні. У скураных куртках, плашчах, паліто, пашытых у богам забы­тых Клюшчанах, фарсіў увесь астравецкі бамонд – ад сакра­тароў райкама партыі да кіраў­нікоў прадпрыемст­ваў. Не дзіва, што ў працоўнай кніжцы жанчыны, акрамя запісаў аб прыёме на работу і звальненні ў сувязі з выхадам на пенсію – адны падзякі ды ўзнагароды. Нават аўтамабіль «Масквіч» ёй выдзелілі за датэрміновае выкананне плана 10-й пяцігодкі!

3.jpg

І хоць ад Глушыцы да Клюшчан шлях няблізкі, Альдона спрытна бегала па знаёмай сцежцы з дня ў дзень, з году ў год. Аж пакуль не выйшла замуж за Юзіка Валуевіча з Пятрашышак – прозвішча мяняць не давялося: з мужам яны аднафамільцы. 

– Юзік быў старэйшым за мяне ажно на 7 гадоў, – усміхаецца жанчына, успамінаючы маладосць. – Панадзіўся да нас у бытоўку штодзень прыбягаць. Я траіх вучаніц мела, то перш думала, што каторую з дзяўчат упадабаў. А як стаў каня запрагаць, каб мяне ў Глушыцу пасля работы адвезці, зразумела, да каго ён заля­цаецца.

Жыць маладыя пасля вяселля сталі ў Пятрашышках, у вялікай свёкравай хаце. Неўзабаве дачушка нарадзілася, Марына.

– Я яшчэ дзяцей хацела, але Юзік сказаў: «Мне і Марыны хопіць». Нібы  ведаў, што век яму кароткі адмераны. Дачушцы 18 было, як памёр. 

Дачка ў дзеўках не засядзелася – і хутка, як гарох з пераспелага стручка, пасыпаліся дзеткі – усё дзяўчаткі: Анечка, праз год – Таня, потым Юля. 

Калі дачка зацяжарыла чацвёртым, маці забрала Юльку і вярнулася ў Глушыцу: бацька занямог, даглядаць трэба было.

– Дый звадкі ў маладых па­чаліся, не хацела я мяшацца. А калі вочы не бачаць, дык і сэрца не так баліць… 

Сям’ю гэта не ўратавала. Марына выйшла замуж у другі раз – і нарадзіла яшчэ чацвярых дачушак. 

Альдона Антонаўна дапамагала гадаваць унучак – але хату сваю не пакінула.  

5.jpg

Сёння яна – гаспадыня ўсіх чатырох Глушыц. 

– Усе пытаюцца, ці не страшна? А я не разумею: чаго баяцца? Гэта ж мая хата, мой лес, мае сцежкі… У двары мой ахоўнік – аўчарка Лайма. Не глядзіце, што яна спакойная – гэта днём, а ноччу ніхто не падыдзе. Дый сама маю чым бараніцца і ад благога чалавека, і ад ваўкоў – не раз узімку шэрыя прыходзілі да хаты, – расказвае гаспадыня Глушыцы.

І сумна ёй не бывае – не маюць чым заняцца толькі лайдакі. Хоць узрост у жанчыны паважаны, у наступным годзе 80-годдзе адзначыць, а справу сабе заўсёды знойдзе. Улетку і дня не хапае, каб усё перарабіць: агарод апалоць, у лес схадзіць – вабяць то грыбы, то ягады. Увосень ды зімой таксама клопатаў хапае: дроўцаў нанасіць, печку нацепліць, вады выцягнуць, гаспадарку сваю – Лайму ды Рыжыка – дагледзець. А яшчэ шкарпэтак цэлы тузін навязаць, каб унучкам цёпла ў ножкі было, пашыць што-кольвечы. Цяпер Танечка маленькага чакае, то бабуля майструе ёй камізэльку, каб не застудзілася, крый божа. 

6.jpg

А яшчэ ж трэба тэлевізар па­глядзець, пачытаць, што ў «Астравецкай» пішуць – паштальёнка два разы на тыдзень прыносіць апошняй жыхарцы Глушыцы «раёнку».  У абавязковай праграме – паход у Трашчаны да аўталаўкі. І не столькі за хлебам ці прысмакамі – унучкі ўсяго навязуць, але ж хочацца з вяскоўцамі, хоць іх таксама на пальцах адной рукі пералічыць можна, пагаманіць, мясцовыя навіны абмеркаваць…

4.jpg

Дый сама Альдона Антонаў­на часта гасцей мае: кожны ты­дзень, а то і часцей наведваюцца ў Глушыцу ўнучкі. То Анечка, што працуе ўрачом у Астраўцы, з му­жам прыедзе, то Таня з Мі­ха­лішак пры­скочыць. Усю работу паробяць: памыюць, пакосяць, гарод пасадзяць і прыбяруць…  

Іна і Юля – тыя далекавата: адна вучыцца ў Гродне ва ўніверсітэце, а другая пасля ветэ­рынарнай акадэміі працуе ў Глыбоцкім раёне на Ві­цеб­шчы­не.
Нядаўна дзяўчыне кватэру далі, то бабуля наняла машыну і з’ездзіла паглядзець, як унучка ўладкавалася на новым месцы – засталася задаволенай. Меншыя, школьніцы Ангеліна, Паліна і Маргарыта, таксама час­та бабулю праведваюць. 

– Дачка да сябе кліча жыць, – дзеліцца Альдона Антонаўна. – Не хачу.  Адной лепш. Ніхто не камандуе, я нікому не перашкаджаю… 

– Дый бацькоўскую хату як пакінуць? – прыводзіць яна, бадай што, галоўны аргумент. – Тут жа душа мая…

…Некалі ля іх сядзібы расло сем рабін – радавалі вока маладых і ўвішных гаспадароў вясной, вабілі птушак чырвонымі ягадамі ўзімку. Пастарэлі людзі – састарыліся і дрэўцы. Прыкмецілі: як прападзе рабінка – не стане некага з гаспадароў на хутары. 

Цяпер на мяжы стаіць адна, апошняя, рабіна. Да якой час ад часу прыходзіць апошняя жыхарка чатырох Глушыц.

Трымайся, рабінка! 

Не здавайцеся, Альдона Антонаўна! 

Хай не аглухне Глушыца…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик