46 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:13 / 04.12.2020
Чарговы тур конкурсу стаў адным з самых нешматлікіх па колькасці ўдзельнікаў – адгукнулася толькі 6 чалавек. Але і заданне было досыць складаным.

На Астравеччыне ёсць некалькі пом­нікаў ахвярам Халакосту – найбольш вядомыя ў Быстрыцы і паблізу Кямелішак. А месцаў, дзе іх варта было б устанавіць, яшчэ больш – яўрэйскія гета ў гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі раёна былі створаны не толькі ў гэтых вёсках, але і ў Астраўцы, Міхалішках, Варнянах,  Гудагаі. Падчас акупацыі там у нечалавечых умовах утрымлівалі людзей, уся віна якіх была толькі ў тым, што яны нарадзіліся яўрэямі. Іх прыніжалі маральна і фізічна, з іх здзекваліся, іх забівалі, не зважаючы, жанчыны гэта, старыя ці дзеці. 

Некаторыя канкурсанты падрабязна расказалі пра гісторыю Халакосту на тэрыторыі Астравецкага раёна. Іншыя ж абмежаваліся апісаннем асаблівасцей  помніка, змешчанага на конкурсным здымку, і звязанай з ім драматычнай гісторыяй – дакладней, трыма гісторыямі. 

2.jpg


Помнік гэты ўстаноўлены ў лесе паблізу вёскі Барані, дзе 31 снежня 1941 года былі па-зверску забіты 13 яўрэяў. Ніхто не ведаў іх прозвішчаў – але перапалоханыя вяскоўцы чулі енкі, стрэлы, крыкі. У тым ліку – і вялікая яўрэйская сям’я ўрача Братніцкага з Пабрадзе, якую хаваў у кладоўцы за  падвоенай сцяной жыхар Бараняў Вітольд Веська. Паўгода 8 чалавек жылі без святла і свежага паветра, выходзячы са схованкі толькі ноччу, каб падыхаць і памаліцца – дзвярыма ім служыў лаз на гарышчы. 

Калі немцы забілі яўрэяў амаль каля іх хаты, Вітольд Нікадзімавіч, спа­ло­хаў­шыся за сваю сям’ю, – у вёсцы ж нічога ад людзей не схаваеш, – вывеў Брат­ніцкіх у лес. Але там іх знайшлі немцы і адправілі ў кямелішкаўскае гета, дзе  яны і загінулі. Цудам удалося ўратавацца і перажыць вайну 15-гадовай дачцэ Братніцкіх Марыям і яе малодшаму брату Вульфу. Пасля вызвалення яны выехалі ў Польшчу. Пазней Марыям апынулася ў Ізраілі, дзе жыве і цяпер.

Шмат гадоў жанчына шукала вёску, дзе яны паўгода жылі за глухой сцяной, і людзей, што ўратавалі іх ад смерці, – і нейкім цудам гэтая сустрэча адбылася. Вітольда і Ядвігі Веськаў на той час ужо не было, але ў тым самым доме на ўскрайку лесу, які адразу ж пазнала сівагаловая ізраільцянка, цяпер жыве іх дачка Яніна Ілюк.

Пабываўшы на месцы, дзе фашысты расстралялі невядомых ёй яўрэ­яў, Марыям Гевіш праз год вярнулася ў Барані, каб паставіць тут пом­нік: сціплую гранітную пліту з надпісамі на іўрыце і беларускай мове. Добра­ўпарадкаванне пахавання зрабіў сельсавет, а даглядае за ім, запальвае свечкі ў дні памінання памерлых Яніна Вітольдаўна Ілюк –  яна лічыць гэта сваім святым абавязкам.

За правільныя адказы на заданне конкурсу 3 балы атрымлівае Алена Памецька, па 4 – Ганна Мілашэвіч, Жанна Волк-Леановіч, Алег Драган, Марына Кімса, Вікторыя Іванцэвіч.

У стане лідараў па-ранейшаму без перамен, змянілася толькі выніковая колькасць балаў: у Алега Драгана – 158, Марыны Кімсы – 156, Жанны Волк-Леановіч і Ганны Мілашэвіч – па 152.


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg


Нагадваем: далучыцца да кон­курсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик