У жніўным абласным спаборніцтве сярод моладзі перамаглі камбайнеры КСУП «Гудагай»

10:17 / 20.11.2020
Сяргей Трусевіч і Сяргей Семянцоў з КСУП «Гудагай» на жніве працавалі ў пары 4-ты раз. Гэты сезон для маладых хлебаробаў стаў залатым: яны першымі на Астравеччыне сярод моладзі намалацілі тысячу тон збожжа і занялі 1-е месца ў абласным спаборніцтве сярод   маладзёжных экіпажаў Гродзеншчыны. 

Да жніва маладыя людзі разам рыхтавалі свой дзесяцігадовы камбайн КЗС-1218 вытворчасці «Гомсельмаш»: замянілі транспарцёры і «лапаткі» на барабане, перабралі жатку.  

12.jpg


– Збажына парадавала: намалацілі крыху больш за 2 тысячы тон збожжа. Планавалі больш, але ў КСУП «Гудагай» адбыліся «Дажынкі». Убіраць дапамагалі суседнім гаспадаркам, праўда, у «Міхалішках» збожжа слаба сыпалася, – расказвае Сяргей Трусевіч. 

– Калі за дзень са сваіх ніў набівалі ад 8 да 10 бункераў, то ў суседзяў – толькі 3. Рэкорд гэтага сезону – 18, – далучаецца да размовы Сяргей Семянцоў. – Аднойчы камбайн нас усё ж падвёў: зламалася выгрузная труба. Не расказаць, якіх сіл і цярпення каштаваў дзень прастою. 

Абодва Сяргеі родам з Астравеччыны, і абодва з дзяцінства любяць тэхніку. Трусевіч нядаўна  завочна адвучыўся на механіка ў Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы, Семянцоў мае «корачкі»  будаўніка і правы трактарыста. 

– Перамогу хачу прысвяціць светлай памяці бацьку Славаміру – гэта ён мяне ўсяму навучыў. Не раз разам з ім убіралі ўраджай на палях КСУП «Гудагай», – працягвае Сяргей Трусевіч. – У 2015 годзе я працаваў памочнікам у Віталя Мілэйшы. Тады нас прызналі лепшым маладзёжным экіпажам Гродзеншчыны – і мы трапілі на абласныя «Дажынкі» ў Дзятлаве. 

– З Сяргеем мы як браты, – прызнаецца памочнік камбайнера. – Хутка будзем рамантаваць наш КЗС – давядзецца папацець, але тэхніку я люблю. Гэта ў мяне ад бацькі, светлая яму памяць, – ён таксама працаваў у гаспадарцы трактарыстам. 

…Хоць жніво адструменілася, але маладым камбайнерам яшчэ мроіцца ўборка. Хто ведае, магчыма, старанна прыгорнутыя ў глебу Сяргеем Трусевічам  зярняты летам ізноў  прынясуць маладзёжнаму тандэму новыя жніўныя перамогі. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич