Калыханка для дзядулі

12:56 / 13.11.2020
Ноч прыйшла ціхенька,
Села ў куток, 
Схаваўшы сонейка
За стары лясок…

Ніхто не песціў Ясіка, не спяваў яму калыханкі, не прытуляў да сябе. Хлопчыку было 4 месяцы, як не стала яго матулі.

...Шасцігадовае дзіцятка з кучаравымі доўгімі валаскамі, нібы рыжаватае перакаціполе, кацілася па выгане – пасвіла гусей, свіней. А надвячоркам, вяртаючыся дахаты, Ясік мурмытаў сабе пад нос калыханку – чуў яе ад цёткі Анэлі.  Тая спявала сваёй дачушцы. Ён лічыў, што такія «сонныя» песенькі толькі для дзяўчынак.

Кожны раз, калі клаўся спаць, хлопчык, загінаючы пальчык за пальчыкам, успамінаў добрыя ўчынкі, якія зрабіў за дзень. Ясік думаў, што нябачны анёл-ахоўнік  пакіне яго, калі ён зробіць нешта дрэннае. 

У поўню, калі на хлопчыкаў ложак падала столькі свету, быццам лямпу запалілі, Ясіку мроілася (дакладней – вельмі гэтага жадаў), што яго бачны ахоўнік – месяц сядзіць недзе ў куточку і ледзь чутна спявае калыханку.

...Хлопец вырас, ажаніўся. Аднойчы, пачуўшы, як жонка спявае іх сынку, здзівіўся: «Няўжо і хлопчыкам спяваюць калыханкі?» Ён слухаў з замілаваннем гэтыя песенькі і ціха падпяваў.

Аднойчы ў Ясеву сям’ю прыйшло гора: не стала яго каханай Хэлены. На руках у мужчыны засталося іх з жонкай галоўнае багацце – пяцёра сыноў і дачушка.

Шэсць гадоў праляцелі ў цяжкай працы, клопаце аб дзецях – і ў адзіноце… Не раз памыкаўся Ясь ажаніцца, ды ўсё адкладваў. І нарэшце з’явілася ў яго хаце гаспадыня. Зоська цаніла і шкадавала мужа, даглядала яго дзяцей. Ясь сачыў за адносінамі паміж сямейнікамі, каб, у выпадку чаго, не даць разгарэцца спрэчкам  паміж амаль ужо дарослымі дзецьмі і жонкай. Муд­расць мужчыны трымала спакой і лад у сям’і.

Ясь стараўся ўсё жыццё рабіць дабро. Пабудаваўшы з сынамі млын і валюш, моцна стаўшы на ногі, ён не заганарыўся – заўсёды з павагай ставіўся да людзей. І дзяцей сваіх гэтаму вучыў.

Неяк незаўважна для Яся падкралася жыццёвая восень. А потым і зіма паспяшалася. Ён радаваўся дабрабыту і шчасцю дзяцей, нараджэнню ўнукаў – песціў малых, баечкі ім баіў… І вось дапявае сваю апошнюю песню Ясь: перадае «валадарства» сынам, дае ім наказы… І, выбачаючыся перад жонкай, што не спявала калыханкі сваім дзецям, просіць саспяваць калыханку – бо ніколі ніхто яму не спяваў.

Ён трымаў яе руку ў сваёй, яшчэ цёплай руцэ, а яна спявала: «Ноч прыйшла ціхенька, села ў куток… І спявае казкі … ціш… вочкі, вочкі…» Але Ясь не даслухаў гэтых цёплых слоў – зямнога дзіцячага шчасця…

Яна ГАЛІНА, г. Астравец



Текст: Главный администратор