Познай Беларусь: Сула плохого не сулит и «рубежи» веры Рубежевичей

10:03 / 08.11.2020
Восень – цудоўная пара для пада­рожжаў, тым больш што вандроўкі нашага невялікага рэдак­цыйнага калектыву доўгі час адкладваліся і пера­носіліся. Урэшце мы вырашылі не чакаць гэтага «пасля», і ў адзін з кастрычніцкіх дзён выправіліся ў Сулу і Рубяжэвічы, што ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Забягаючы наперад, скажу – нам спадабалася! – і вам раім пабываць у гэтым адметным беларускім куточку: і недалёка – каля 150 кіламетраў ад Астраўца, і пазнавальна: ёсць што паглядзець і каго паслухаць.

1.jpg


Музей пад адкрытым небам

Адкуль ёсць пайшоў?

Даўней людзі сяліліся бліжэй да вады. Першая згадка ў пісьмовых кры­ніцах пра паселішча на беразе ракі Сулы датуецца XVІ стагоддзем, гэта была ўласнасць караля Стэфана Баторыя. Пазней гаспадаром гэтых зямель стаў знакаміты магнацкі род Радзівілаў.

Бадай што найвялікшага рос­квіту Сула дасягнула пры Лен­скіх, якія, дарэчы, лічыліся чацвёртымі па велічыне земле­ўласнікамі ў Мінскай губерні. Прадстаўнікі гэтага роду былі высокаадукаванымі людзьмі, добра разбіраліся ў гісторыі і дакладных навуках, цікавіліся рознымі відамі мастацтваў. Напрыклад, Зянон Ленскі вывучаў ста­ра­жыт­наегіпецкую, месапатамскую і шумерскую культуры ў Егіпце і на Бліжэйшым Усхо­дзе. 

Першапачаткова сядзіба Лен­скіх у Суле складалася з вяліка­га дому, пабудаванага ў стылі класіцызму, капліцы, парку са штучным вадаёмам, аранжарэі, млына, капцільні, бровара, двара і іншых гаспадарчых пабудоў. Багата абстаўлены дом, акрамя жылых памяшканняў, меў два салоны, столь аднаго з якіх напачатку ХХ стагоддзя распісаў таленавіты мастак-партрэціст Зя­нон Ленскі. Незайздросны лёс гэты род, як, дарэчы, і многія іншыя шляхетныя сем’і, на­пат­каў напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Брата апошняй уладальніцы маёнтку Сула арыштавалі, сядзібу ўзарвалі, а сама Эльжбета дажывала век у вернай служанкі. Любімую пані выратавалі мясцовыя жыхары. Карціны, мэбля, многія каштоўнасці і прадметы інтэр’еру зніклі бясследна… Праўда, некато­рыя рэчы захаваліся да нашага часу і цяпер з’яўляюцца часткай экспазіцыі дома-музея. 

2.jpg


У перакладзе з літоўскай мовы «Сула» азначае «сок дрэва, жывіца»; з санкрыту – «якая нясе ў сабе жыццё». Калі верыць дасведчаным людзям, Сула – месца з асабліва моцнай прыроднай энергетыкай. 

Час збіраць камяні

Толькі ў 2006 годзе, дзякуючы намаганням інвестара, ураджэнца Беларусі, які жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі, Андрэя Запольскага маёнтак пачаў адраджацца.

На жаль, далёка не ўсе элементы паркава-сядзібнага комп­лексу захаваліся да нашых дзён. Але цягам дзеся­ці­годдзя тут паўстаў парк-музей інтэ­рактыўнай гісторыі «Сула», дзе сціраюцца межы паміж мінуўшчынай і сучаснасцю. Адроджаная сядзіба Ленскіх, беларускае мястэчка, зала шляхетнай славы, каралеўская асамблея, браварня, стаянка старажытнага чалавека і пляцоўка старажытных культаў і вераванняў… Па падліках інвестара, праект «Сула» акупіцца толькі праз 75 гадоў, пры ўмове, што музей будзе загружаны на ўсю магутнасць кожны дзень. 


Машына часу

Ля ўязной брамы, у не­каль­кіх кроках ад сярэдневяковага замка, нас прывіталі шляхцічы і гасцінна за­пра­сілі наведаць іх уладанні – Вялікае княства Сулу. З экскурсаводам мы распа­чалі падарожжа «10 тысяч гадоў гісторыі Беларусі». 

3.jpg


Пачалі з кромлеха – каменнага комплексу, які быў для нашых продкаў «храмам пад адкрытым небам». Дарэчы, самы вядомы ў свеце прыклад – англійскі Стоўнхэндж. 

Наведалі стаянку першабыт­нага чалавека, капішча з драўлянымі язычніцкімі ідаламі і станцавалі адмысловы танец. Ля валуна «Дзеда-каменя», які лічыцца помнікам археалогіі, загадалі жаданне. Па старажытнай традыцыі людзі прыходзілі да каменя прасіць здароўя, замужжа, доўгага шчаслівага сямейнага жыцця, дзетарод­насці, вылечыцца ад хвароб, абараніць ад дрэннага сябе, родных, блізкіх. Калі гранітны валун выслухоўваў нашых продкаў, можа, і нас пачуў? Экскурсавод падказала, што дзядулю трэба чым-небудзь задоб­рыць: у старажытнасці прыносілі збож­жа, прысмакі ці дробныя ка­пейкі. 

5.jpg



З прыстані вікінгаў мы пра­клалі сапраўдны водны шлях «з варагаў у грэкі» на дракары – ладдзі вікінгаў. 

4.jpg

6.jpg



Выкаваць наканечнік для стралы, патрымаць у руках «жывы» гліняны збаночак, пакаштаваць толькі што спечаны хлеб розных відаў і знакамітую «Старку Запольскую», пакатацца ў запрэжанай коньмі брычцы – гэта і не толькі можна зрабіць у музеі інтэрактыўнай гісторыі. 

Абавязкова зазірніце ў «Беларускае мястэчка»: музей ткацтва, траўную аптэку, батлейку. Вельмі раю для наведвання яўрэйскі музей Беразовіча –  цу­доўны экспрэсіўны расповед пра знакамітых прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, упэў­нена, нікога не пакіне раўна­душным.

7.jpg



Дарэчы 

У слове «Сула» правільна ста­віць націск на апошні склад. 

Жаданне і камень точыць

Святыня і людзі 

Ад Сулы рукой падаць да Рубяжэвічаў – не паглядзець на мясцовы касцёл, не паслухаць унікальны аўтэнтычны арган было б недаравальна… 

Вёсачка сустрэла нас пранізлівым халодным ветрам, але з кожным прамоўленым мясцовай краязнаўцай Рамуальдай Сабалеўскай слоўцам пра гісторыю святыні, самаадданых і самаахвярных лю­дзей, на душы цяплела. Відаць, у гэтым краі заўсёды будзе жыць вера, якая на генетычным узроўні перадаецца мясцовым жыхарам з пакалення ў пакаленне. 

Рубяжэвічы – тыповае мяс­тэчка канца XVII-пачатку ХХ стагоддзяў. Калісьці гэта была ўскраіна Вялікага княства Літоўскага – «рубеж», адсюль, хутчэй за ўсё, і пайшла назва паселішча.

Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Рубяжэвічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, а касцёл стаў царквой. Шматлікія просьбы вернікаў дазволіць ім распачаць будаўніцтва новага касцёла доўгі час заставаліся непачутымі… Сярод гэтых лю­дзей знайшоўся адзін – Антоній Тур, які пісаў лісты, нават два разы пешшу хадзіў у Пецярбург і, нягледзячы на няўдачы, да апошняга верыў у сваю ідэю. За гэта Антонія з сям’ёй на 14 гадоў саслалі ў Сібір. Касцёл у гонар святога Юзэфа ўсё ж пабудавалі. Побач з ім і цяпер ёсць маўклівы сведка мінулых падзей і настойлівасці Антонія – вялікі камень з лічбай 1866. Кажуць, што Тур прывёз яго сюды са словамі «Тут будзе пабудаваны касцёл»… 

8.jpg


Праўда, будаўніцтва святыні дазволілі толькі ў 1905 годзе і то пры ўмове, што ўзвядуць храм за 4 гады. Каб укласціся ў тэрміны, першапачатковы праект спрасцілі – замест запланаваных 11 вежаў пакінулі толькі 2. Не шкадуючы сябе, сіл, сродкаў, вяскоўцы прыступілі да работы: штодзённа на будаў­ніцтве працавала каля 100 чалавек, 50 каменячосаў, шэсць кон­ных кранаў. Нават дзеці былі пры справе: з кошыкамі ў руках абыходзілі вясковыя хаты, збіраючы яйкі, якія  былі неабходны для будаўніцтва.

Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі Ленскія – за тое яны лічацца ганаровымі пры­хаджанамі, а лава з іх гербам упрыгожвае цэнтральны алтар. 

Складана паверыць, але мясцовыя жыхары ўсяго за 4 гады з каменных глыбаў пабудалі велічны храм. Паставіўшы кры­жы, майстар Цупрыян Трыз­на з 45-метровай вышыні за­свед­чыў, што будаўніцтва скончана. 

Калі адзначалася 100-годдзе з дня закладкі першага каменя пад будаўніцтва, у вернікаў узнікла ідэя ўвекавечыць усе 43 вёскі парафіі. Жыхары гэтых населеных пунктаў прывезлі валуны – на кожным майстар выбіў назву вёскі. Іх паставілі не хаатычна, а ў выглядзе карты рубяжэвічскай парафіі, на якой ужо, на жаль, не адшукаць трох вёсак... 

Падчас святкавання векавога юбілею касцёла вернікі паклалі 4 камяні, на якіх выбілі прос­тыя, але моцныя і праўдзівыя словы: «Вёска жыве з верай, надзеяй і любоўю». І  будзе так жыць.

У касцёле ёсць абраз Маці Божай Вострабрамскай, які падарыла маці Янкі Купалы, – усе продкі паэта па матчынай лініі пахаваны на мясцовых могілках. 

89.jpg


Адна жанчына пасля наведвання касцёла Святога Юзэфа ў 40 гадоў прыняла хрост у гэтым храме.


За арганізацыю паездкі і цікавыя расповеды ў дарозе дзякуем нашай зямлячцы, экскурсаводу Іне Саўко. 





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич и Татьяна Кучевская