У гасцях у кветкавода Людмілы Анімуцкай
07:01 / 16.10.2020
– Захапленне кветкамі прыйшло толькі тады, калі пачалі будаваць уласны дом, – узгадвае Людміла Іванаўна. – Яшчэ ішлі работы па яго ўзвядзенні, а я ўжо пасадзіла на ўчастку ружы – яны, дарэчы і сёння радуюць вока. Толькі перасяліліся ў іншае месца.
І калі агароднікі, як правіла, збіраюць ураджай восенню, то для апантаных кветкаводаў кожная пара – своеасаблівы адрэзак, які прыносіць плён працы.
– Здаецца, зімой можна адпачыць. Я ж, як правіла, абдумваю планы, прыдумваю ідэі на наступны год: дзе сфарміраваць хаця б яшчэ адну клумбу, што пасадзіць, як сумясціць шматгадовыя і аднагадовыя расліны, – усміхаецца кветкавод.
Работы па пасадцы кветак Людміла Іванаўна распачынае ў канцы студзеня.
– Каб кветкі радавалі вока ледзь не на працягу года, іх трэба пасеяць і вырасціць. Я гэта заўсёды раблю самастойна. У апошнія гады рассаду не купляю. Залог добрых кветак – добрае насенне. Набываю яго, як правіла, у спецыялізаваным магазіне ў Смаргоні. Не абыдзешся без якаснага грунту – яго таксама трэба купіць. А потым пікіроўка, падкормка, рассаджванне. Сястра часам смяецца, што сама шукаю сабе работу. А я прызвычаілася – і без гэтага не магу.
Тым больш што кветкавае захапленне Людмілы падтрымлівае сям’я.
– Часам рассада займае шмат месца і ў пакоях, і ў калідоры, але і муж, і дзеці адносяцца да гэтага спакойна, дапамогуць і грунт прывезці, і гаршчкі размясціць у патрэбным месцы, – расказвае Людміла Іванаўна.
А потым прыходзіць вясна – і рассада з дома перасяляецца на вуліцу.
– Кветкі для мяне – аддушына, без іх не ўяўляю свайго жыцця, – разважае Людміла Анімуцкая.
– Першымі на ўчастку зацвітаюць крокусы, затым надыходзіць чарга цюльпанаў, нарцысаў, анюціных вочкаў. Планую завесці ірысы – на жаль, на ўсё, што хочацца займець, не хапае месца.
Эстафету падхопліваюць пятуніі, лабэлія, лілейнікі, ружы, вяргіні... – кожнай кветцы свой час і догляд.
– Пятуніі таксама вырошчваю сама. Упэўнена, калі захацець, то ўсё атрымаецца. Многае, канешне, залежыць ад насення, хаця ёсць у мяне і самасейкі – і яны таксама добра растуць і цвітуць. Залог добрых кветак – у першую чаргу добрая зямля і падкормка. Да таго ж увесь час неабходна за імі даглядаць – паліваць, прышчыпваць адцвіўшыя кветканосы... Кардынальную «стрыжку» пятуній праводжу ў сярэдзіне лета – поўнасцю абразаю ўсе галінкі нават з кветкамі – сэрца шчыміць, але праз 2 тыдні на месце зрэзаў з’яўляюцца новыя парасткі. Як вынік пятунія цвіце да самых марозаў, – дзеліцца вопытам Людміла Іванаўна.
Участак Анімуцкіх буяе і пеларгоніямі. Яны «знайшлі» месца каля дома – пад дахам у вялікіх кашпо.
– Я іх вырошчвала самастойна. Як падрастуць, пачынаю фарміраваць кусцік. Дарэчы, не трэба баяцца іх абразаць – у такім выпадку з’яўляюцца дадатковыя галінкі, і расліна аддзячыць пышным цвіценнем. Восенню пераношу гаршчкі з кветкамі ў падвал ці іншае цёмнае халаднаватае месца, дзе захоўваю да ранняй вясны. А потым шляхам падкормак зноў удаецца атрымаць прыгожы кусцік і пышнае цвіценне.
Любіць Людміла Іванаўна і аксаміткі – і яны з лета да позняй восені цешаць сэрца гаспадыні і ўсіх, хто заходзіць у прыгожы двор Анімуцкіх.
– Сёлетні год прыйшоўся даспадобы ружам. Квітнець яны пачалі вельмі рана, дорачы кветкі нам на працягу ўсяго лета. Парадавалі і вяргіні – адна з іх вельмі падобна на лілею. Каб не раслі высокімі, парасткі прышчыпваю, – дзеліцца сакрэтамі догляду кветкавод з 11-гадовым стажам. – Дарэчы, толькі недасведчанаму здаецца, што глядзець за раслінамі не трэба: пасадзіў – і забыў. Так не атрымаецца. Шматгадовыя расліны, якія выкопваюцца восенню, таксама патрабуюць догляду: захоўваю іх у падвале. Неабходна прывезці пясок і прасушыць яго, каб перасыпаць клубні – у гэтым дапамагаюць мае мужчыны.
Дарэчы, за газон каля дома Анімуцкіх яны і адказваюць. І ён радуе зелянінай, на ім не знойдзеш пустазелля.
– Газон звычайна косіць сын. Часам даводзіцца выслухаць ад яго за тое, што на газоне пасаджаны ружы і хосты – іх больш за 20 відаў, разбіты невялікія кветкавыя зоны. Канешне, гэта ўносіць складанасць у працэс пакосу. Затое прыгожа! – разважае Людміла Іванаўна. – З газонам, як і з кветкамі, таксама даводзіцца павазіцца: яго і прарыхліць трэба, і пратравіць ад пустазелля, ды і паліў ён таксама любіць.
Дарэчы, ваду, на думку кветкавода, любяць усе без выключэння расліны, таму раніца, асабліва ў гарачыя дзянькі, у Людмілы Іванаўны пачынаецца з паліву раслін і выдалення адцвіўшых кветканосаў.
– Мне здаецца, што можна пасадзіць любую маладую раслінку, добра глядзець за ёй – угнойваць, паліваць – і будзе вам радасць і прыгажосць! – упэўнена аматар кветак.
Ёсць у Людмілы Іванаўны і самы любімы ў двары куток – тут яна любіць пасядзець з кубачкам кавы і памарыць…
– Адсюль адкрываецца цудоўны від на ўвесь мой кветнік, – паказвае любімае месца Людміла Анімуцкая. – Побач туі, хосты, гартэнзія – у мяне яна трох відаў «ваніла фрайз», «сільвер долар», «грандфлора», далей – самшыты, юкі – летась яны парадавалі мяне кветкамі. Збоку – лілейнікі. Іх у мяне больш за 40 відаў і розных форм. Сёлета доўга цвілі, а гібрыды парадавалі кветкамі яшчэ і восенню.
І хоць у кветкавым царстве Людмілы Анімуцкай усё пачыналася з ружаў, і яна нават уявіць не магла, што побач з імі могуць з’явіцца іншыя віды, з часам кветак стала больш.
– Спачатку мне хацелася проста купіць кветачку, якой у мяне няма, потым стала набываць розныя іх сарты. У кожнай ёсць нейкая адмецінка, якая прываблівае і заварожвае, – хочаш-не хочаш, а купіш, – расказвае Людміла.
І праўда, галоўнае – захацець бачыць і мець вакол сябе прыгажосць, любіць кветкі і аддаваць ім кожную вольную хвілінку. І ўсё атрымаецца. Так было і ў Людмілы Анімуцкай. З адной ружы з часам каля дома разляглося сапраўднае царства кветак.
Бліц-апытанне
– Што выберыце ў падарунак: букет ружаў ці расліну, якую потым можна будзе пасадзіць у кветніку?
– Я люблю букеты з ружаў, але не адмоўлюся ад любых кветак. А тыя, што затым можна будзе пасадзіць у кветніку, прыму з вялікім задавальненнем.
– Хатнія ці вулічныя кветкі?
– Канешне, вулічныя. Хатніх кветак у мяне няшмат. Але ёсць шыфлера, якую мне падарылі гадоў 20 назад. Тады мы яшчэ жылі ў Альхоўцы. Прычым яна любіць расці ў адным і тым жа месцы.
– Аднагадовыя ці шматгадовыя расліны?
– Пачыналася ўсё з адных ружаў. Пасля з’явіўся газон, лілейнікі… аднагадовыя кветкі – я іх вельмі люблю, хаця з імі шмат клопатаў.
– Ці лёгка быць валадаркай такога кветкавага царства?
– Прыгожыя кветкі, дэкаратыўныя і садовыя дрэвы і кусты, лаўкі для адпачынку – для ўсяго гэтага трэба не толькі жаданне і імкненне, але і падтрымка блізкіх. Ды і фінансавы бок адыгрывае немалую ролю. Аднак усё гэта дорыць радасць, пазітыў і прыгажосць.
Парады ад Людмілы Анімуцкай:
– Раніца кветкавода павінна пачынацца з паліву – за дзень, асабліва ў гарачае надвор’е, глеба перасыхае – і кветка патрабуе вільгаці.
– Кветканосы, якія адцвілі, абавязкова трэба выдаляць – тады расліна парадуе больш пышным цвіценнем.
– Усяму жывому трэба корм. Гэтак жа і расліне – яе неабходна ўгнойваць.
– Калі расліне не падабаецца ў тым ці іншым месцы, яе абавязкова трэба перасадзіць. Затое, калі знойдзеш патрэбнае месца, яна парадуе цябе кветкамі.