Лепшыя паштальёны адзначаны Падзякамі і прэміямі рэдакцыі

12:16 / 13.10.2020
Напярэдадні Сусветнага дня пошты мы накіраваліся ў Рытань і Падольцы, каб падзякаваць паштальёнам за працу, – для рэдакцыі газеты ўжо стала традыцыяй кожны квартал сустракацца з тымі, хто лідзіруе па выніках падпісной кампаніі на «раёнку». 

Пункт паштовай сувязі «Падольцы» нядаўна справіў наваселле – пераехаў у новае памяшканне і пакуль што абжываецца. Але ад гэтага не згубіў сваіх падпісчыкаў і пакупнікоў.

Тут працуе ўсяго тры чалавекі: спецыяліст па паштовай дзейнасці Валянціна Цэйка, паштальёны  Лілія Сцяпанава і Марына Лось, якія абслугоўваюць аграгарадок Падольцы і бліжэйшыя вёскі Ясень, Белая Вада, Вялікія Свіранкі, Малыя Свіранкі і іншыя.

Марына Зянонаўна Лось ужо 13 гадоў займаецца любімай справай і лічыць сябе шчаслівым чалавекам.

– Мне падабаецца мая работа. Штодзень я іду сюды як на свята. Нават у выхадныя хочацца на работу – у гэтым вялікая заслуга нашага невялікага калектыву, – дзеліцца Марына Зянонаўна. – І на «раёнку» не толькі я афармляю падпіску – мы ўсё робім разам.

1.jpg



Жанчына з тых, пра каго гавораць «дзе нарадзілася, там і прыгадзілася».

– Я з Вялікіх Свіранкаў. Тут скончыла мясцовую школу, выйшла замуж і нарадзіла дзяцей. А пасля дэкрэтнага адпачынку Валянціна Цэйка прапанавала мне паспрабаваць сябе ў ролі паштальёна. Гэтая сфера для мяне была новая і незнаёмая, але справілася, – узгадвае Марына Зянонаўна.

Праца ў паштальёна рознапланавая. Ён павінен быць і добрым псіхолагам – кагосьці трэба выслухаць, камусьці даць параду. Да таго ж  увесь час знаходзішся  ў руху – за дзень не адзін кіламетр даводзіцца прайсці.

– Але гэта вельмі цікавая работа і неабходная людзям, – упэўнена паштальён. – А «раёнку» ў нас любяць – многія выпісваюць яе не адзін дзясятак гадоў. І нягледзячы на ўсюдыісны інтэрнэт, людзям, асабліва сярэдняга і сталага ўзросту, даражэй усё ж папяровая версія, якую можна ўзяць у рукі, каб пачытаць навіны раёна, даведацца пра землякоў  і цікавыя мерапрыемствы.

Дарэчы, на рахунку Марыны Зянонаўны толькі «Астравецкай праўды» 99 экзэмпляраў, а яшчэ абласная і рэспубліканскія газеты і часопісы.

– Калегам жадаю моцнага здароўя, цярпення, прыемных момантаў у рабоце і жыцці, – гаворыць Марына Лось.

Наталля Яўгенаўна Ждан – начальнік аддзялення паштовай сувязі «Рытань» і па сумяшчальніцтву паштальён.

– На пошту прыйшла з гандлёвай сферы. Трэці год тут працую, – расказвае Наталля Яўгенаўна. – Па першым часе было складана, але дзякуючы былому начальніку Астравецкага ўчастка паштовай сувязі Тэрэсе Ігнатовіч і цяперашняму Святлане Максімавай, якія падтрымлівалі і дапамагалі, а таксама старэйшым калегам з іншых аддзяленняў паступова прыходзілі веды і вопыт.

2.jpg



На абслугоўванні аддзялення паштовай сувязі «Рытань» 6 вёсак – больш за 200 чалавек. 107 з іх з’яўляюцца падпісчыкамі «Астравецкай праўды».

Сучасная пошта – гэта не толькі падпіска на перыядычныя выданні. Акрамя афармлення шматлікіх паштовых працэдур, яна прапаноўвае купіць практычна любы тавар і нават зрабіць заказ у інтэрнэт-магазіне.

– Мы адгукаемся на любыя просьбы насельніцтва, пры патрэбе дастаўляем падпісчыкам і прадукты харчання, і бытавую тэхніку – і гэтым дорым землякам добры настрой, – расказвае начальнік аддзялення.

А пасля абеду Наталля са стосам газет і пісем накіроўваецца па адрасах – цяпер яна паштальён, які абслугоўвае вуліцы аграгарадка.

– Сёння ёсць шырокі выбар газет і часопісаў – кожны можа выбраць прэсу па захапленні і патрэбе, – разважае Наталля Яўгенаўна. – Ёсць у нас і пастаянныя падпісчыкі, якім не трэба  нагадваць пра афармленне «раёнкі» і іншых выданняў.

Са святам, нашы калегі і партнёры! З Сусветным днём пошты! Пазітыву, радасці і здароўя для ажыццяўлення вашых планаў!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич