У падарожжа па краіне замкаў, манументаў і азёр

14:04 / 25.09.2020
320
У час эпідэміі каронавіруса наўрад ці многія рызыкнулі адпачыць за межамі краіны. Аднак гэта сітуацыя стала нагодай бліжэй пазнаёміцца з гістарычнымі мясцінамі Беларусі і ў чарговы раз адчуць гонар за сваю краіну і людзей, што зберагаюць нашу спадчыну. 

Трагедыі Хатыні і Смаргоні

1.jpg

Толькі на першы погляд мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ў  Смаргоні нічога не звязвае. Наведаўшы іх, разумееш, якую боль і трагедыю нясуць чалавецтву вой­ны, – вось яна, сувязь...

…22 сакавіка 1943 года невялічкай вёсачкі Хатынь не стала. Напярэдадні раніцай гэтага ж дня партызаны абстралялі аўтакалону фашыстаў і забілі іх афіцэра. Гітлераўцы вырашылі адпомсціць і вынеслі прысуд жыхарам бліжэйшай вёскі. Дзяцей, жанчын і старых вывелі з дамоў, сабралі ў калгасным хляве – і падпалілі. 

Хатынь была не адзіным населеным пунктам у нашай краіне, які карнікі спалілі за гады Вялікай Айчыннай вайны, – у  памяць аб трагедыях беларускіх вёсак у 1969 годзе на месцы Хатыні быў створаны мемарыяльны комплекс. Яму ўжо больш за 50 гадоў, але сцежка сюды не зарастае – беларусы і турысты з іншых краін едуць, каб ушанаваць памяць загінулых. 

2.jpg

…Раніца ў дзень, калі мы завіталі ў Хатынь, выдалася дажджлівай. Але, нягледзячы на гэта, людзей тут аказалася нямала. Многія прыязджалі сем’ямі,  з дзеткамі. 

Я не раз была ў гэтым месцы. Дзесьці ў сярэдзіне 80-х трапіла сюды з бацькамі, ездзіла на экскурсіі калі вучылася ў школе, а потым і падчас працы ў школе сама прывозіла ў Хатынь вучняў. Але штораз боль тых людзей, здавалася, адчуваўся кожнай кропачкай цела. Так было і цяпер.

Уразіла, як матуля расказвала дачушцы, стоячы каля мемарыяла ў памяць аб канцэнтрацыйных лагерах, пра тысячы загінулых людзей. І як дзяўчынка паклала каля манумента сваю, напэўна, любімую цацку… І як мае дзеці-студэнты шукалі экспазіцыю, прысвечаную спаленай вёсцы Ала, якая знаходзіцца ў Светлагорскім раёне і дзе сёлета быў адкрыты манумент… Гэта значыць, што яны ўсведамляюць, што нясе людзям вайна… 


ЛІЧБА

209 гарадоў і пасёлкаў, 9 200 паселішчаў і вёсак ператварыліся ў руіны за час Вялікай Айчыннай вайны;

186 вёсак спалымнелі дашчэнту з людзьмі;

433 вёскі, знішчаныя разам з людзьмі, адрадзіліся.

3.jpg

 Мемарыяльны комплекс па лініі супраць­стаян­ня ў Першую сусветную вайну ў Смаргоні створаны адносна нядаўна – у 2014 годзе – і распавядае пра падзеі 1915 года.

Больш за 100 гадоў назад тут вяліся жорсткія баі, у выніку якіх горад пераходзіў з рук у рукі. 

На той момант у Смаргоні жыло  больш за 16  тысяч чалавек. Атрымаўшы загад на працягу некалькіх гадзін пакінуць горад, многія жыхары больш сюды не вярнуліся. Пасля вайны ў горадзе засталося толькі 154 чалавекі. 

Супрацьстаянне доўжылася 810 дзён – крыху менш,  чым  блакада Ленінграда падчас Вялі­кай Айчын­най вайны. І сёння смаргонцы помняць жыхароў горада і салдат, якія загінулі ў тыя гады, памерлі страшнай смерцю  падчас газавай атакі – менавіта ў  гонар герояў Першай сусветнай на лініі супрацьстаяння 1915-1917 гг.  створаны мемарыяльны комплекс «Крылаты геній салдацкай славы».

Як аказалася, ведаюць гісторыю мемарыяла і падлеткі, якія ў той дзень бавілі тут час… 

4.jpg




ЛІЧБА

16 288 смаргонцаў вымушаны былі  пакінуць Смаргонь 14 верасня 1915 года. Многія назаўсёды…

Каменныя сведкі гісторыі

…Замкі, палацы і рэшткі таго, што нам пакінуў  час, – іх шмат у нашай краіне. Адны добра за­хаваліся, другія былі адноўлены і сёння ўжо прымаюць турыстаў, трэція – чакаюць свайго часу... 

Можна доўга і зачаравана глядзець на Нясвіжскі замак – і дзівіцца яго ўнутраным аздабленнем і ўб­ран­нем, здзіўляцца моцным мурам Мірскага і Лідскага замкаў. А можна наведаць тыя мясціны, якія сталі аднаўляць адносна нядаўна, і таксама адчуць не меншую сувязь і еднасць з гісторыяй.

Нясвіж, Мір, Ліда, Любча, Гальшаны, Крэва, Залессе… – штораз уражанні ад наведвання гэтых мясцін незабыўныя.

Большасць турыстаў звязваюць Гальшанскі замак з раманам  Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Пісьменнік гэтага не адмаўляў, але ў той жа час і не заклікаў праводзіць паралелі. 

Сёння мясцовая славутасць Гальшан –  замак, які перажывае другое нараджэнне. За сродкі фонда Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» праходзіць   кансервацыя  яго рэшткаў.

5.jpg



Успамінаю другі фестываль «Гальшанскі замак», які праходзіў у 2010 і быў прысвечаны 400-годдзю будаўніцтва замка, – і перад вачыма паўстаюць на­паў­разбураныя сцены і вежы, рыцарскія тур­ніры, гучыць  старадаўняя музыка і запрашаюць гледача тэат­ралізаваныя пастаноўкі.

За 10 гадоў замак і яго тэрыторыя змяніліся, але і цяпер работы тут яшчэ не на адзін год. Ужо  амаль гатова Паўночная вежа, у якой размесцяцца музейныя экспазіцыі. Падняцца на яе можна па металічных лесвіцах, і адразу ж трапіце на аглядную пляцоўку…

Узрадавала, што, як сведчыць размешчаны побач з вежай стэнд, тут можна заказаць экскурсію і нават пагля­дзець тэатралізаванае прадстаўленне. Праўда, зрабіць гэта трэба загаддзя. У наступным годзе так і будзе. А, можа, і сёлета паспеем – чарговы гальшанскі фестываль пры спрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі планавалі правесці восенню.

Наступны прыпынак – Крэва і першы каменны абарончы замак нашай краіны, пабудаваны напрыканцы 13 – пачатку 14 стагоддзяў князем Гедымінам.

6.jpg



Тут таксама неаднаразова праводзілі  фестывалі сярэднявечнай культуры. Сёлетні год, напэўна, стане выключэннем – на тэрыторыі вядзецца кансервацыя рэшткаў замка, якую праводзіць спецыялізаваная  будаўнічая арганізацыя. Паглядзець на рэшткі замка і ўжо адрэстаўраваныя сцены можна толькі звонку.

А вось пагутарыць з работ­ні­камі арганізацыі можна – да  пытанняў рознага кшталту яны ставяцца добразычліва і адкрыта расказваюць пра сваю работу.

Паўночныя Афіны, або музей-сядзіба Агінскага ў Залессі таксама добра вядомы ў нашай краіне і за яе межамі.

Тут жыў знакаміты кампазітар і дзяржаўны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі. Нягледзячы на тое што Залессе для яго не было месцам нараджэння, яно стала для Агінскага самым любімым месцам на зямлі. Тут ён напісаў самы вядомы свой твор «Развітанне  з Радзімай».

Увагу наведвальнікаў музея прыцягвае сядзіба, якая прымае турыстаў пасля значнай рэканструкцыі.

Палац з аранжарэяй, капліца, парк з камянямі – манументам «Памяці роду Агінскіх», двума валунамі, якія ўладальнік устанавіў у гонар свайго настаўніка Жана Ралея і паўстання Тадэвуша Касцюшкі...  Гуляць па сядзібе і яе тэрыторыі – адно задавальненне. І калі наведванне палаца абмежавана часам экскурсіі, то па тэрыторыі можна хадзіць хоць цэлы дзень. А пры жаданні яшчэ і пакатацца ў карэце, запрэжанай парай коней.

9.jpg



Пэўныя таямніцы ўжо не адно стагоддзе захоўваюць і іншыя замкі нашай краіны, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Да прыкладу, як гісторыя існавання і стварэння музейнага комплексу «Дукорскі маёнтак». Размешчаны непадалёку ад сталіцы, ён увесь час поўніцца людзьмі. Прынамсі, нават у працоўны дзень наведвальнікаў тут было дастаткова.

Уязная брама, у памяшканнях якой створана не­вя­лікая музейная экспазіцыя, капліца, майстэрні па ткацтве і ганчарстве, пашыве лялек, вырабе свечак, кузня, млын, музей, перакулены дом, стайня, заасад і шэраг іншых аб’ектаў – час тут бяжыць хутка і дня не стае, каб добра агледзець усё. Але гэта не  бяда – тут можна і  падсілкавацца, і пераначаваць, і нават папарыцца ў лазні…

7.jpg



Блакітнавокая краіна

Край рэк і азёр – напэўна, толькі лянівы не выкарыстоўваў гэтае словазлучэнне для апісання Беларусі і не падарожнічаў па яе водных жамчужынах. Адна з такіх размешчана непадалёк нашага раёна – Блакітныя азёры ў Мядзельскім раёне.

Глубля, Глубелька, Мёртвае, Ячмянёк, Карасік, Бал­дук, Глухое – кожнае  мае сваю асаблівасць. Так, Глуб­ля выдзяляецца зялёна-блакітным колерам вады, Балдук – глыбінёй, у Мёртвым не водзіцца рыба. А яшчэ заказ­нік адрозніваецца прыгажосцю пейзажаў – лес, узгоркі і ўпадзіны – усё гэта прываблівае нават тых, хто лета прывык праводзіць на моры. 

8.jpg



Яшчэ раз упэўнілася, што і ў нашай краіне адпачынак можна правесці цікава і пазнавальна, надыхацца чыстым гаючым паветрам, пазнаёміцца з гісторыяй і багатай спадчынай, каб потым  не раз зімовымі вечарамі праглядваць фотаздымкі і ўспамінаць падарожжа па роднай Беларусі… 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений