Насілле – калі разбураецца асоба

16:07 / 27.09.2020

– лічыць псіхолаг Юлія Ражко.


«Цэлы год я была ў дэкрэтным адпачынку, нічога не бачыла, акрамя дзіцяці, кухні, агарода. І тут сяброўка запрасіла на вяселле! Мама сказала: «Ідзі, адпачні, я пагляджу малую». 

…Я збегала ў цырульню, зрабіла стрыжку, манікюр, макіяж. Сястра пазычыла лепшую сукенку, шыкоўныя туфлі на шпільках. Купіла мужу модную кашулю, начысціла да бляску яго чаравікі, падрыхтавала касцюм. І тут прыйшоў ён. «Ты для каго так апранулася? Ты хто, мужава жонка ці прастытутка?» – стаў крычаць, убачыўшы мае сукенку і прычос­ку. Я не паспела і рот адкрыць… Удар быў такой сілы, што я пераляцела праз увесь пакой і ўдарылася галавой аб шафу».

«Я прыходжу з работы раней і да вяртання мужа – такая ў нас завядзёнка – павінна прыгатаваць вячэру і накрыць стол. Калі не паспяваю, муж сварыцца. А як толькі ён павышае голас, я пачынаю плакаць, нібыта нейкі ўмоўны рэфлекс спрацоўвае. Ад маіх слёз ён прыходзіць у шаленства, крычыць яшчэ больш – і ўсё, вечар сапсаваны. Назаўтра на рабоце думаю аб адным: каб толькі сёння ўсё паспець да яго прыходу. Здараецца, раблю памылкі – і тады на мяне крычыць начальнік. Мне здаецца, што я і сапраўды нейкая тармазнутая, як кажа муж, бо нічога не паспяваю зрабіць як след» .

«Муж мяне любіць, дорыць дарагія падарункі, сам выбірае мне моднае адзенне, касметыку, не шкадуе грошай на мае паходы ў салоны прыгажосці. Ён лічыць, што яго жонка павінна быць самай прыгожай! І не дазваляе мне нічога шкоднага. Да прыкладу, я з дзяцінства люблю крабавыя палачкі – ёсць у мяне такая слабасць, але крый божа, калі муж убачыць, што я іх купіла! Скандалу не пазбегнуць. Пра сябе ён не так клапоціцца: дазваляе і піва, і кірыешкі, і чыпсы, і колу…» 


Звычайныя – кожны чытач, напэўна, мог бы ўзгадаць з дзясятак іншых – прыклады з сямейнага жыцця, якія падпадаюць пад азначэнне «сямейнае насілле». І не трэба думаць, што гэта абавязкова кулак, – псіхалагічнае насілле не менш небяспечнае, чым фізічнае, бо яно гэтаксама падаўляе, ломіць асобу… Насілле шматаблічнае, часам непрыкметнае: за шырмай добрапрыстойнай, на першы погляд, шчаслівай сям’і часта жывуць разам  тыран і ахвяра. 


Насілле – гэта калі разбураецца асоба чалавека, калі адзін падаўляе другога, прымушае яго жыць так, як хочацца агрэсару: насіць адзенне, выбіраць ежу, працу, захапленні, сяброў, якія лічыць патрэбным агрэсар. Калі мець на ўвазе ў якасці ахвяры жанчыну, што бывае найчасцей (хоць здараецца і наадварот, але гэта тэма іншай размовы), то яна ўвесь час глядзіць, у якім настроі прыйшоў муж: п’яны ці цвярозы, вясёлы ці злы, спрабуе вылічыць, будзе сёння скандаліць ці не. Ахвяра страчвае сваё «Я» – яно падпарадкавана жыццю тырана, нават калі той не прымяняе фізічнага ўздзеян­ня.

Для сямейнага насілля характэрна цыклічнасць. Дарагія жанчыны, калі муж вас ударыў – вы, калі моцна любіце яго, можаце дараваць. Але толькі адзін раз! Калі ж ён дазволіў сабе падняць на вас руку ў другі раз – можаце не сумнявацца, што будзе і трэці, і чацвёрты. Нават калі ён кожны раз апасля будзе поўзаць на каленях і запэўніваць, што гэта больш не паўторыцца, задорваць дарагімі падарункамі, насіць на руках і пераконваць у сваім каханні – аднойчы нешта пойдзе не так, і вы зноў адчуеце моц яго кулакоў. З гэтага замкнёнага кола ёсць толькі адно выйсце: разарваць яго і ўцячы. 

Галоўнае – не трэба думаць, што вы самі ва ўсім вінаватая, бо зварылі нясмачны боршч, ці не адпрасавалі кашулю, ці не пры­бралі ў хаце. І што «калі б ён не піў, то ўсё было б па-іншаму, ён жа па сутнасці сваёй добры чалавек». Добры чалавек не пады­ме руку на слабейшага – гэта ак­сіёма! І як бы вы ні стараліся стаць ідэальнай, агрэсар знойдзе, да чаго пры­чапіцца. Але памятайце: ні­хто, ні па якой прычыне не мае права прыніжаць, зневажаць, а тым больш – фізічна уздзейнічаць на іншага чалавека!


Насілле параджае страх. А самыя распаўсюджаныя рэакцыі ў выпадку, калі страшна, – бі сам альбо ўцякай. Калі ні тое, ні другое немагчыма, то наступае трэцяя: замры. Ахвяра ў такой сітуацыі нібыта капсуліруе ўнутры свае пачуцці, не толь­кі страх, але і радасць, шчасце. Яна нібы замарожваецца… І гэта вельмі небяспечна, бо «за­капсуліраваўшыся», пачуцці ніку­ды не дзяваюцца і абавязкова ў нешта выльюцца.  Можа спрацаваць эфект паравога катла і адбудзецца выбух – і ніхто не можа прадказаць, якой сілы ён будзе і на каго скіруецца. Альбо, што бывае найчасцей, жанчыны-ахвяры пачынаюць цяжка хварэць.

Чаму ж ахвяры хатняга насілля не спрабуюць змяніць сітуацыю? Пакінем у баку эканамічны бок справы – часта не ён мае галоўнае значэнне. Найчасцей жанчыны баяцца асуджэння грамадства – «сям’ю трэба захоўваць любой цаной»; шкадуюць агрэсара – «такі мой крыж, ён без мяне прападзе»; спадзяюцца, што некалі нешта зменіцца. Многія сцвярджаюць, што імкнуцца захаваць сям’ю дзеля дзяцей, бо «лепш дрэнны бацька, чым ніякага» – хоць гэта адна з самых вялікіх памылак! Калі бацька на вачах у дзяцей зневажае, прыніжае, збівае іх маці, то большай траўмы ім нанесці нельга! Такія дзеці потым сутыкаюцца з мноствам праблем: у іх заніжаная самаацэнка, з’яўляецца няўпэў­ненасць у са­бе, часам – павышаная агрэсіўнасць. І, што самае горшае, часта такую ж мадэль паводзінаў яны, стаўшы дарослымі, пераносяць і ў сваю сям’ю.

Ахвяра насілля павінна сама сабе адказаць на пытанне: на што я гатовая, што магу вытрываць дзеля гэтага чалавека, дзеля таго, каб захаваць ілю­зію добрапрыстойнай сям’і? Што для мяне больш важна: матэрыяль­ны дабрабыт, на­яў­насць мужа «хоця які, але мой!» – ці захаванне сябе як асо­бы?


Падумайце, прааналізуйце, па­­райцеся з людзьмі, якім вы да­­вяраеце і якія шчыра любяць вас, – і навучыцеся гаварыць «не» аг­рэсару. Займіцеся сабой, знай­дзіце занятак па душы, сродак самарэалізацыі – і ваша сама­ацэнка ўздымецца на новую прыступку, вы станеце сябе паважаць і любіць, а значыць – будзеце цікавыя іншым. А галоўнае – памятайце: вы – чалавек, асоба, і ніхто не мае права прыніжаць і зневажаць вас!

Будзьце свабоднымі, каха­ны­мі – і шчаслівымі! 





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик