Камітэт дзяржаўнага кантролю праверыў кропкі грамадскага харчавання

07:51 / 20.10.2011

Аб тым, што ва ўстановах грамадскага харчавання можна сутыкнуцца з тым, што вам прапануюць катлету з заніжанай вагай ці салату, у якую не далажылі палову гародніны, ведаюць многія. Але каб у кожнай установе знайсці па некалькі парушэнняў! Менавіта так адбылося падчас праверак, праведзеных спецыялістамі Лідскага міжраённага камітэта дзяржкантролю. Усяго было праверана некалькі кропак грамадскага харчавання, якія ўваходзяць у структуру дзвюх арганізацый – Лідскага філіяла Гродзенскага спажыўтаварыства і УПГВП “Сакавік”.



“Забыўчывыя” адміністратары

У кафэ “Казка” прыватнай фірмы “Сакавік” спецыялісты натыкнуліся на парушэнні, нават не пераступіўшы парог установы. На фасадзе адсутнічала шыльда з указаннем назвы і тыпу аб’екта, рэжыму работы, нацэначнай катэгорыі. А ў кафэ наведвальнікаў сустракала афіцыянт без форменнага адзення і нагруднага знаку. У меню адсутнічала дата яго састаўлення і подпіс адміністратара.
У другім кафэ прыватнай фірмы “Сакавік”, размешчаным па вуліцы 8 Сакавіка, спецыялісты дзяржкантролю таксама не ўбачылі шыльды на фасадзе, форменнага адзення на персанале, подпісу адміністратара і даты ў меню. Адміністратары вышэйзгаданых кафэ растлумачылі парушэнні няўважлівасцю, але гэта не дапамагло ім пазбегнуць адказнасці па частцы 1 артыкула 12.17 КоАП Рэспублікі Беларусь, што прадугледжвае накладанне штрафу да 10 базавых велічынь.



Чаму пахудзела “Снежная каралева”?

Не менш “вызначыліся” і повары гэтых кропак грамадскага харчавання. У кафэ “Казка” спецыялісты дзяржкантролю вырашылі праверыць, што сабой уяўляюць салаты “Снежная каралева” і “Сыты ляснік”, катлеты “Нясвіж”, смажаная бульба фры. Да кантрольнага заказу дабавілі гарэлку і натуральнае вінаграднае віно. Адабраная прадукцыя была адпраўлена ў харчовую тэхналагічную лабараторыю. І вось што высветлілася.
У порцыі салаты “Снежная каралева” маса была заніжана на 55 грамаў (гэта значыць, на 25 працэнтаў), адна з порцый “Сытага лесніка” не дацягнула па вазе на 35 грамаў (12 працэнтаў). Акрамя таго, у гэтых дзвюх салатах былі парушаны прапорцыі ў складзе інгрэдыентаў. Адна з заказаных катлет “Нясвіж” важыла на 20 грамаў менш за норму (16 працэнтаў), у іншых таксама назіралася недаважванне. Бульба фры ў кафэ падавалася ў комплексе з гароднінай. У кожнай з правераных порцый адхіленні ў вазе бульбы фры склалі 12,5 працэнта, а гародніны не далажылі 55 працэнтаў. Повары растлумачылі факты парушэння тым, што яны выкарыстоўвалі вагавыя прыборы, якія не прайшлі дзяржаўную метралагічную праверку ці ўвогуле вызначалі вагу прадуктаў і гатовых страў…на вока.
Не далажылі і не далілі
У кафэ “Казка” правяраючым не толькі не далажылі порцыі страў, але і не далілі спіртное – гарэлку, віно. Толькі калі наведвальнікі наўрад ці стануць у кафэ прасіць узважыць страву, то прасачыць, як адмяраецца спіртное, рэальна. Яно павінна рэалізоўвацца з прымяненнем шклянога цыліндра з кругавой лініяй, які мае абазначаную ёмістасць і кляймо дзяржаўнай праверкі. А ў кафэ “Казка” ўжывалі звычайную пластыкавую шклянку для бытавых патрэб.
Спецыялісты падлічылі, колькі, з улікам недаважвання і недаліву, на самой справе склаў рэальны кошт пададзеных страў і спіртнога. Фактычная сума склала 110,3 тысячы рублёў, па меню – 144,8 тысяч рублёў. Такім чынам, сума завышэння цэн склала 34,5 тысяч рублёў, ці амаль што 25 працэнтаў ад кошту па меню. Такі “навар” маглі атрымаць работнікі кафэ толькі з аднаго століка.
За гэтыя парушэнні повары кафэ “Казка” панеслі пакаранне па частцы 1 артыкула 23.12 КоАП РБ, што прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры да 40 базавых велічынь.



Каму прызначаўся спляснелы батон?

У гэтых жа двух кафэ прыватнай фірмы “Сакавік” спецыялісты зафіксавалі парушэнні патрабаванняў Санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў. У прыватнасці, у кафэ “Казка” курыныя яйкі захоўваліся ў халадзільніку для гатовай прадукцыі; мясны фарш, прыгатаваны ў гэтым кафэ, – у замарожаным выглядзе без указання даты і тэрміну прыгоднасці.
Парушаліся санітарныя патрабаванні і ў кафэ гэтай жа фірмы па вуліцы 8 Сакавіка. Так, у шафе для хлеба знаходзіўся хлеб “Просты”, тэрмін рэалізацыі якога скончыўся тры дні назад, і батон “Маладзёжны”, не прыгодны да ежы ўжо 6 дзён – ён нават пакрыўся плесняй. Таксама з парушэннем СанПіН у кафэ “Казка” і кафэ па вуліцы 8 Сакавіка захоўваліся курынае філе, вараныя яйкі і чамусьці замарожаны адварны язык. За выяўленыя парушэнні, у адпаведнасці з артыкулам 16.8 КоАП Рэспублікі Беларусь, прыцягнуты да адказнасці два адказныя работнікі гэтых устаноў, а таксама прыватная фірмы “Сакавік” (артыкулам прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь на адказную асобу і да 200 базавых велічынь – на юрыдычную).



Кураняты смажаныя – порцыі “ўсушаныя”

Нямала парушэнняў пры праверцы гатовай прадукцыі зафіксавалі спецыялісты дзяржкантролю і ў кафэ ў гасцінічным комплексе “Гасціны двор” у вёсцы Цыбары раённай спажыўкааперацыі. Так, у халодным баршчы масавая доля тлушчу была заніжана на 44 працэнта. Гарнір з адваранага рысу аказаўся вельмі вадкім і дрэнна прыпраўленым (масавая доля сухіх рэчываў аказалася ў ім заніжанай на 36 працэнтаў, а тлушчу – на 68 працэнтаў). Не дацягвалі да патрэбнай вагі і сасіскі ў цесце.
Кураня смажанае ў вінным соусе, не адпавядала стандартам Беларусі. Соус чырвоны з віном быў заменены белым соусам. А недаважванне парцыённага кавалка склала 58 грамаў. Повар кафэ растлумачыла дапушчаныя парушэнні сваёй няўважлівасцю. Тым не менш, яна была пакарана па частцы 1 артыкула 23.12 КоАП РБ, што цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да 40 базавых велічынь.



Пратэрмінаванага каньяку не жадаеце?

У кафэ “Гасціны двор” у складскім памяшканні захоўвалася нямала пратэрмінаванай прадукцыі – хлеб “Свіслацкі”, батон “Красавіцкі”. Наведвальнікам прапаноўвалі і пратэрмінаваныя спіртныя напоі – настойкі “Беларуская зуброўка” і “Белавежская”, каньяк “Асканія”. Шмат тавараў было дапушчана ў продаж без інфармацыі для спажыўца (без указання назвы тавару, звестак аб яго складзе, цане, даце вырабу і тэрміне прыгоднасці, вытворцы). Да таго ж на момант праверкі ў кафэ было шмат мух, якія поўзалі па беляшах і сасісках у цесце, якія выставілі на барную стойку. Адказны работнік і юрыдычная асоба (спажыўкааперацыя) былі аштрафаваны згодна з артыкулам 16.8 КоАП РБ.


Лідскі міжраённы Камітэт дзяржаўнага кантролю.