Пра парушальнікаў і апавяшчальнікі

07:41 / 20.10.2011

Складана дапамагчы чалавеку, калі ён сам сабе дапамагчы не хоча. А некаторыя жыхары нашага раёна не жадаюць, каб ім дапамагалі. Часам нават усімі сіламі адкрэсліваюцца ад разумных парад – і ў такім выпадку зберагчы іх жыццё і тых, хто знаходзіцца з імі пад адным дахам, дапамагае закон.


У нядзелю сустрэў мяне адзін “знаёмы” з грознай тырадай: «Дзякуй за лейтэнанта з капітанам! Яны з гэтых грошай не разбагацеюць». Затым дастаў з пакета аўтаномны пажарны апавяшчальнік і паказаў мне.
Як высветлілася, у выхадныя дні з 30 верасня па 2 кастрычніка супрацоўнікамі Астравецкага аддзела па надзвычайных сітуацыях у вячэрні час патруляваліся населеныя пункты, дзе па статыстыцы часцей за ўсё адбываюцца пажары. Спецыяльная ўвага надавалася грамадзянам «групы рызыкі» і сем’ям, у якіх за дзецьмі не забяспечваецца належны догляд. Гэты мой “знаёмы” якраз трапляе ў такую групу і за парушэнне норм і правілаў пажарнай бяспекі на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол.
Для інфармацыі: у жніўні 2006 года ў хаце гэтага грамадзяніна з-за неасцярожнага абыходжання з агнём ужо здарыўся пажар. Затым суседзі яшчэ двойчы выцягвалі яго з задымленага дома. Метадам пераканання супрацоўнікі МНС прымусілі яго адрамантаваць печ, замяніць трухлявую электраправодку, а затым – набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
Але пасля таго, як інспектары пакінулі хату, набыты АПА тут жа быў перапрададзены ў іншыя рукі. Два месяца назад гэты грамадзянін абяцаў набыць і ўстанавіць новы апавяшчальнік, але словы так і заставаліся словамі, пакуль супрацоўнікі МНС яго не аштрафавалі. Хоць ужо каму-каму, а яму, якога тройчы выратоўвалі пасля неасцярожнага курэння, у першую чаргу неабходна было зайсці ў краму за апавяшчальнікамі і ўстанавіць іх у кожным пакоі. З такой згубнай звычкай як «сон плюс цыгарэта», магчыма, яму хутка давядзецца дзякаваць за выратаванае жыццё і праяўленую прынцыповасць гэтых «капітана з лейтэнантам». Калі, вядома, паспеюць уратаваць…
На жаль, большасць насельніцтва нашага раёна думае, як і гэты «таварыш»: “можа, пранясе, можа, не аштрафуюць”. А тым часам рост загінуўшых на пажарах у 2011 годзе ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся ў 5 разоў. І ўсё гэтыя людзі сталі ахвярамі курэння ў ложку.


Эдуард МАЛЫШКА.