Самыя спартыўныя валадары жывуць у Варнянах

09:19 / 20.10.2011

Ужо стала добрай традыцыяй, што Гродзеншчыну на рэспубліканскім сямейным сельскагаспадарчым праекце БРСМ “Валадар сяла” прадстаўляюць удзельнікі менавіта з Астравецкага раёна. Сёлета ў трэці раз абараняць гонар вобласці, пакараць рэспубліканскія вяршыні, а заадно і прадэманстраваць астравецкі майстар-клас, на конкурс адправілася сям’я Кяжун з Варнян. Дадому яны вярнуліся з дыпломам “Самай спартыўнай сям’і” і агульным чацвёртым месцам.


У гэтым годзе конкурс праводзіўся ў рамках рэспубліканскага свята “Дажынак”, што яшчэ больш актывізавала ўвагу да яго. А пазмагацца за званне “валадароў сяла” сабраліся сем сем’яў – па адной з кожнай вобласці. І ажно дзве – з Гомельскай. Наперадзе ўдзельнікаў чакалі шэсць няпростых выпрабаванняў: візітка “Я, ты, ён, яна – разам дружная сям’я!”, “Дрывасек” (распілоўка і складванне дроў), “Сельская спартыўная эстафета”, “Залатая падкова” (запраганне і распраганне каня), “Каваль” (выраб цвіка) і “Дзіцячая рыбалка” для маленькіх удзельнікаў.
Падтрымаць і “пахварэць” за нашых удзельнікаў падчас конкурсу разам з сям’ёй Кежуноў адправіліся галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Кацярына Лянкевіч і намеснік старшыні СВК “Варняны” па ідэалагічнай рабоце Юрый Адула, якіх мы і папрасілі расказаць пра выступленне нашай сям’і на конкурсе.
–Па жараб’ёўцы варнянцам амаль усюды прыйшлося выступаць першымі. А пачынаць, як вядома, заўсёды складана.
У візітцы Кежуноў падчас выступлення была створана сапраўдная атмасфера вясковага ранку. Усё было прадумана да дробязей – нават імітацыя гукаў на сялянскім падворку. Праўда, журы чамусьці творчасць варнянцаў ацаніла толькі на шостае месца. Шчыра кажучы, было крыўдна. Не шанцавала Кежунам і падчас конкурсу “Дрывасек” – нешта ў іх там “не пайшло”. Затое дзеці рыбы налавілі і Мечыслаў цвік зрабіў на “чацвёркі”. А далей – лепш. Трэба было бачыць, як Ірына каня запрагала і распрагала! Выступала яна першай і ўсё ад пачатку да канца рабіла сама. Мужы з іншых сем’яў крыху дапамагалі жонкам – дугу закінуць ці хамут падняць. А наша Ірына – усё сама! І ў гэтым конкурсе яна стала другой.
Ну а ў спартыўнай эстафеце Кежунам дакладна не было роўных! Трэба адзначыць, што і заданні былі там жартаўліва-арыгінальныя. Напрыклад, жанчыне трэба было ваду ў вёдрах на каромысле прынесці. А мужчыну – пацягаць мяхі з бульбай. Пасля яны яшчэ абіралі бульбу і моркву, збіралі яйкі. Словам, было цікава. Галоўнае ж, што ў гэтым конкурсе Кежуны сталі пераможцамі. І на ўзнагароджванні атрымалі статус “Самай спартыўнай сям’і”. Ды і агульны вынік атрымаўся добрым – чацвёртае месца, “залатая сярэдзіна”. Таму мы шчыра рады за варнянскую сям’ю.
Не даведацца пра ўражанні і эмоцыі ад удзелу ў праекце “Валадар сяла” непасрэдна саміх удзельнікаў мы таксама не маглі. Праўда, Ірына зараз знаходзіцца на вучобе – яна завочна вучыцца ў Навагрудскім сельскагаспадарчым каледжы. Аднак, гаспадыня ветліва падзялілася ўражаннямі па тэлефоне.
– Ой, мы вельмі рады, што паўдзельнічалі ў гэтым конкурсе! Канешне, спачатку хваляваліся, страшнавата было. А пасля такі азарт разыграўся! Усё было проста клас, супер! Хочацца адзначыць добрую арганізацыю спаборніцтва. Ды і ўсе сем’і-ўдзельніцы былі ветлівыя і добразычлівыя, з імі было прыемна і цікава пазнаёміцца.
Цяжэй за ўсё прыйшлося ў конкурсе “Дрывасек”. Але ж нічога так проста не бывае. Наогул, дадому мы вярталіся хоць і стомленыя, але вельмі задаволеныя. Эмоцыі? Ды іх цяжка перадаць і апісаць. Толькі пазітыўныя. А дзеці якія радасныя былі! Безумоўна, хацелася б падзякаваць усім, хто нам дапамог рыхтавацца да свята і падтрымліваў – гэта СВК “Варняны” і асабліва Ю.А. Адула, дырэктар Варонскага Дома культуры Г.Р. Тункевіч, якая дапамагла з візіткай, мая сястра Ларыса Сямашка, што занялася афармленнем. Ды і наогул усім, хто за нас “хварэў”. Дадому вярнуліся з прызамі – дыпломам, граматамі, веласіпедам, кухонным камбайнам і электрамясарубкай, наборам прадукцыі Бярэзінскага малочнага камбіната.
Ці хацелі б яшчэ раз паўдзельнічаць у падобным конкурсе? Нават не ведаю. Думаю, што так. Вопыт ужо ёсць. Але пакуль мы яшчэ і ад сёлетняга ўдзелу пад моцным уражаннем.


Марына МАЦКЕВІЧ.