Людзі і справы Міхалішкаўскага лясніцтва

09:27 / 20.09.2020
Астравецкі лясгас – адно з двух прадпрыемстваў, якія сёлета занесены на раённую Дошку гонару. Знаёмства з лясной гаспадаркай Астравеччыны напярэдадні прафесійнага свята лесаводаў мы распачынаем з Міхалішкаўскага лясніцтва.

Яно адметнае ў многіх сэнсах: міхаліш­каў­скія вальшчыкі лесу адны з першых у раёне перайшлі на індывідуальны ці, як называюць яго лесарубы між сабой, «скандынаўскі» спосаб нарыхтоўкі драўніны; галоўны ляснічы  Яўген Волкаў  у 2013 годзе прызнаваўся Чалавекам года Гродзеншчыны; ды і само лясніцтва размешчана ў маляўнічым куточку, на хутары Барынава – з аднаго боку да яго падступае Вілія, з другога – лес…

1.jpg



– Хто не ведае сваёй гісторыі, у таго няма будучыні, – сустракаючы на парозе адміні­страцыйнага будынка Міхалішкаўскага лясніцтва, гаворыць ляснічы, дэпутат раённага і мясцовага Саветаў дэпутатаў Яўген Волкаў. – Можа вам цікава будзе пагартаць кнігі загадаў, яны ў нас з 1948 года? Праўда, не ўсе захаваліся…

Нават пры вялікім жаданні патрэбна шмат часу, каб толькі прагартаць ладны стос рукапіснай гісторыі лясніцтва. Бяром з Яўгенам Сяргеевічам некалькі кніг. 

Сучаснае Міхалішкаўскае ляс­ніцтва ў розныя гады было част­кай Кямелішкаўскага ляс­ніцтва Мядзельскага, а пазней Свірскага лясгаса. Роўным калі­гра­фічным почыркам у кнігах зана­таваны галоўныя падзеі жыцця лясніцтва: ад камандзіровак работнікаў і кіраўніцтва да запісаў пра прыцягненне мясцовых людзей да пасадкі лесу. Так, напрыклад, загад ад 7 ліпеня 1966 года сведчыць, што толькі з Маркун было накіравана 100 чалавек. 

– Раней была такая практыка. Пік пасадак прыпаў на пасляваенны час. Садзіць лес выходзілі цэлымі вёскамі: Шайкуны, Палесціна, урочышчы Ністанішкі, Голы Бор і іншыя. Некаторыя населенныя пунк­ты ўжо не знойдзеш на карце Астравеччыны, – тлумачыць ляснічы і гартае кнігу загадаў. – На старонках, хоць ім ужо некалькі дзесяцігоддзяў, можна сустрэць шмат знаёмых прозвішчаў – адно з самых вядомых на Астравеччыне  Зданоўскія-Дзісько. Менавіта тут пачынаў працоўную дзейнасць аб’ездчыкам Міхаіл Зданоўскі – пачынальнік «лясной» дынастыі, прадзед ляс­нічага Падольскага лясніцтва Канстанціна Дзісько.

Добра вядомае ў ваколіцах Міхалішак прозвішча Часнойць – усе тры браты Уладзіслаў, Казімір і Антон працавалі тут, пры гэтым шмат гадоў яго ўзначальваў Уладзіслаў Віктаравіч. Цяпер майстар лесу – унук аднаго з братоў Аляксандр. Доўгі час была памочнікам ляснічага Святлана Гаўрылава.

– У лясной гаспадарцы Астравеччыны працуюць цэ­лымі пакаленнямі. «Фрон­скі прызначаны аб’езд­чыкам» – відаць, размова ідзе пра дзеда памочніка ляснічага Спон­даўскага ляс­ніцтва Віктара Фрон­скага, – працягвае Яў­ген Волкаў. 

2.jpg

Дом сям’і  Волкавых знаходзіцца побач з адміністрацыйным будынкам.
Яўген, Кацярына і іх трое дзетак – Маргарыта, Макар і Мацвей – заўсёды разам



Мяняліся  тэрыторыі раё­наў, назвы лясніцтваў і лясгасаў, але прынцып работы леса­водаў за гады не змяніў­ся – пры­мнажаць і зберагаць лес. 

– У лясніцтве 3 майстры лесу, памочнік ляснічага, бухгал­тар. Усе абходы «закрываюць» 8 леснікоў – на чалавека атрымліваецца больш за тысячу гектараў – але хлопцы спраў­ляюцца. Таксама ёсць 2 ма­шыністы лесанарыхтоўчай тры­лёвачнай тэхнікі і 8 валь­шчыкаў лесу. Эксперымент па індывідуальным метадзе нарыхтоўкі драўніны, калі ра­ботнік працуе без памочніка, прыжыўся і апраўдаў сябе. Хоць, варта прызнаць, што за апошнія гады ручная праца змянілася механізаванай. У нас ёсць «чокерны» трактар, ГАЗ-66 для падвозу людзей і службовая «Ніва», – расказвае пра лясніцтва яго «начальнік». – За мінулы год нарыхтавалі крыху больш за 21 тысячу кубаметраў драўніны. На месцы высечак штогод з’яўляюцца новыя па­садкі – летась пасадзілі 31 гектар. У гэтым накірунку мы цесна супрацоўнічаем са школамі ў Міхалішках і Альхоўцы. Актыў­ныя члены школьнага лясніц­тва «Жывіца», іншыя вучні і настаўнікі штогод дапамагаюць нам садзіць лес і прыбіраць у ім смецце – і не толькі ў межах традыцыйных рэспубліканскіх акцый, такіх, як «Тыдзень лесу». 

Вясна і лета для лесаводаў, як і для аграрыяў, – гарачая пара. Гэтыя некалькі месяцаў, калі людзі масава выязджаюць адпачываць на прыроду і ідуць у ягады і грыбы, асабліва напружаныя для работнікаў лясной гаспадаркі. Нават кінутая ў мох ці сухое лісце затушаная запалка можа стаць прычынай ляснога пажару.

– У мінулыя гады за сітуацыяй у лесе з вышкі сачыў вартаўнік. Сёлета была ўстаноўлена спецыяльная камера відэаназірання, а ў лясніцтве арганізавана дзя­журства. За маніторам пастаянна адсочваюць сітуацыю спе­цыялісты і работнікі лясніцт­ва, – працягвае Яўген Волкаў. – Таксама ў месцах, куды людзі выво­зяць смецце, устаноўлены камеры фота- і відэафіксацыі. Дарэчы, некалькі парушэнняў  яны да­па­маглі выявіць у гэтым го­дзе: гэта падсочка дрэў у перыяд актыўнага руху соку, вываз смецця і незаконная на­рыхтоўка драўніны. Лес – агульны для ўсіх, і людзі павінны разумець, што выкінутае ў ім смецце нікуды не дзенецца – яго прыбіраць давядзецца лесаводам ці дзецям.

Сваім дасягненнем за гады працы ў Міхалішкаўскім ляс­ніцт­­ве Яўген Волкаў лічыць калектыў. 

– У Міхалішках працую з 2003 года. Усе людзі на сваім месцы. Некаторыя працуюць не адзін дзясятак гадоў, многім я ўдзяч­­ны за дапамогу, парады і падказкі напачатку сваёй працоўнай да­рогі, – падсумоўвае нашу размову Яўген Сяргеевіч. 

Леснікі ведаюць лес як свае пяць пальцаў. Прадказаць па зіме, ці будзе год багаты на грыбы, вызначыць па слядах звера – такія і не толькі таямніцы лесу падуладны менавіта гэтым працаўнікам.

Тадэвуш СТАЦІНА

3.jpg

У Міхалішкаўскім лясніцтве мужчына працуе 13-ты год. Да гэтага шчыраваў у мясцовым калгасе, потым – на альхоўскай фабрыцы.

– Мая стыхія – лес. Тут мне знаёмыя кожнае дрэва і кусток, – прызнаецца ляснік. – Найбольш напружаны час – лета. Догляд за пасадкамі, іх праполка… Зімой работы таксама хапае. Са сваякоў ніхто не працаваў у лясной гаспадарцы, а я абраў гэтую дарогу і не шкадую.

Валянцін ПАМЕЦЬКА жартуе, што ніякіх універсітэтаў не заканчваў, усяму  навучыла само жыццё – у лясной гаспадарцы мужчына працуе 16 гадоў.

4.jpg


– Нарадзіўся ў лесе – маму не давезлі ў бальніцу – сюды і вярнуўся, – з усмешкай гаворыць ляснік. – Старэйшы брат Віктар таксама звязаў сваё жыццё з лесам: працуе ў Спондаўскім лясніцтве. 

Валянцін прызнаецца, што найбольш любіць пераводзіць пасадкі ў лес. 

– За дрэвамі, як і за дзіцем, трэба глядзець, пра іх трэба клапаціцца, асабліва да 7 гадоў. Дзесьці недапрацуеш – саджанец загіне. Менавіта пасля гэтага тэрміну пасадкі  можна лічыць лесам, – працягвае мужчына. – Напрыклад, у калгасе вясной пасеялі, а восенню ўбралі ўраджай. У лясной гаспадарцы ўсё не так проста. Лес – на стагоддзі, яго берагчы і шанаваць трэба. Мае дзяды выязджалі на заробкі ў Францыю. Калі вярнуліся на радзіму, то прыдбалі кавалак зямлі і лесу. Ведаеце, што здзіўляе: лес яны бераглі, палілі толькі галлё і сучча.  

Відаць, па крыві перадаліся Валянціну дзедаўскія прынцыпы. 

Аляксей БЕРНЮКЕВІЧ

5.jpg



Не хопіць пальцаў на руках, каб пералічыць пасаджаныя лесніком дрэвы. 

– Я мясцовы, з Падваранцаў. У 1987 годзе пайшоў у армію, у 1990-ым ажаніўся. Працаваў на трактары ў калгасе імя Кірава, пазней перайшоў у мясцовае лясніцтва. Разам з жонкай выгадавалі сына і дачку. Ужо падрастаюць і радуюць нас унукі, – сціпла расказвае пра сябе ляснік.

Як сапраўдны мужчына, Аляксей Бернюкевіч захапляецца паляваннем. Цікаўлюся, ці даводзілася яму здабываць ваўка. 

– Не, гэта вельмі разумны і хітры звер – яго след нават сабакі не бяруць, – расказвае ляснік. – Пры маёй памяці ў навакольных лясах толькі трох ваўкоў застрэлілі. 

Той факт, што зяць – начальнік, не спрашчае работу Аляксею Вікенцьевічу, наадварот, робіць яе больш адказнай. 

– З Вікецьевічам мы хутка знайшлі агульную мову, хоць і спрэчкі здараліся, – далучаецца да размовы ляснічы Яўген Волкаў. – Абодва любім лес, цяжкасцей не баімся і адносіны да работы ў нас падобныя: працаваць і яшчэ раз працаваць.

Ніна ДЗЯЦЮК усё жыццё адпрацавала ў Міхаліш­каў­скім лясніцтве. Хоць ужо не першы год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, даты і лічбы памятае так, што малады пазайздросціць.

6.jpg


– Працаваць тут пачала 16 кастрычніка 1965 года, а на пенсію мяне праводзілі 14 сакавіка 2003-га, – успамінае Ніна Васільеўна.

Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума Ніна прыехала на Астравеччыну, у Міхалішкі. 

– Выдзелілі мне жыллё. Жалезны ложак – і больш нічога няма, нават вокны незавешаныя. Цяжкасці мяне, маладую, энергічную, не палохалі, – з настальгіяй успамінае маладосць жанчына. – Дзякуючы рабоце, пазнаёмілася з Фёдарам – светлая яму памяць. Звёў нас выпадак. З ведамасцямі, грашамі, загадамі была ў Дабраўлянах. А як назад дабрацца, не ведала. Старшыня мясцовага саўгаса загадаў Фёдару, машына якога была на рамонце, завесці мяне ў Міхалішкі. Так і пазнаёміліся…

У Дзяцюкоў нарадзіліся дзве дзяўчынкі – Іра і Таня. Маці часта іх брала з сабой на працу. 

– У калектыве жылі дружна, сябравалі сем’ямі. Вельмі ўдзячна былому ляснічаму Віктару Іванавічу Дзянісаву і многім іншым. Нягле­дзячы на цяжкасці, шчаслівае жыццё мы пражылі.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич