Сёння абмалявалі сцены. А заўтра?..

11:07 / 15.09.2020
Напэўна, упершыню за час работы ў рэдакцыі не магу пісаць. Душа крычыць, думкі пераганяюць адна адну, блытаюцца – а на паперу не кладуцца… 

Кожны з трох маіх «я» – маці, журналіст і былы настаўнік – жадаюць выказацца, а не могуць. Не бачу сэнсу: каму гаварыць і як, каб быць пачутай?

…Калі маё двухгадовае дзіця кідала паперку ад цукеркі на тратуар, я казала: «Падымі і выкінь у сметніцу.» А калі яе паблізу не было, забірала сабе ў кішэню і несла дахаты – там выкіну, па дарозе тлумачучы малому, што не ад прыбіральшчыкаў вуліц, а ад нас залежыць чысціня вакол. Гэта сваім дзецям трэба тлумачыць.

Калі мае вучні пыталіся, навошта абкладваць падручнік, калі ў яго і так прыгожая вокладка, чулі  ў адказ, што не ў прыгажосці справа. Ад таго, як ты адносішся да кнігі і ўвогуле рэчаў, залежыць, колькі яны табе праслужаць. Пра гэта з дзецьмі  таксама трэба гаварыць.

Калі ў сваіх артыкулах я расказваю чытачам пра новыя гарадскія вуліцы і мікрараёны, пра пакладзены асфальт або прагрэйдзіраваную ў двухсоты раз дарогу ў далёкай вёсачцы, заўсёды радуюся: пашанцавала людзям, ім стала больш зручна жыць. Такія матэрыялы трэба з дзецьмі аналізаваць. 

З прыўзнятым настроем заўсёды праходжу міма гарадскіх шматпавярховак па Ленінскай і Валадарскага, якія нядаўна адрамантавалі: уцяплілі, аднавілі, пафарбавалі… Як змяніліся яны, як папрыгажэлі! Але, на жаль, ненадоўга…

Інакш як вандалізмам тыя «малюнкі», крывыя і ламаныя, якія ў першыя вераснёўскія дні з’явіліся на абноўленых сценах, назваць нельга. Распісаныя ці то гнілым яблыкам, ці то недаспелым каштанам, падзёртыя нечым вострым, яны, здаецца, крычаць: навошта?!

1.jpg



Наўрад ці дарослы чалавек будзе займацца такім марнатраўствам. Хутчэй за ўсё, гэта справа дзіцячых рук. Да таго ж «мастака», які сапсаваў сцены дома на Ленінскай, знайшлі праваахоўныя органы – ім сапраўды аказаўся школьнік.

2.jpg

3.jpg



Такія «подзвігі» нашых дзяцей абураюць і наводзяць страх: сёння яны размалююць сцены, заўтра сапсуюць дарожны знак, потым выкапаюць туі з чужога падворка…

Але самае прыкрае нават не гэта – а тое, што вырасціць з сына ці дачкі культурнага, адукаванага, выхаванага, з правільнымі маральнымі прынцыпамі чалавека сёння пад сілу далёка не ўсім бацькам, многія з якіх над выхаваннем не замарачваюцца. Хутчэй, наадварот: як толькі ім кажуць, што «гэта зрабіла ваша дзіця», не высвятляючы прычын, не імкнучыся зразумець, ці было гэта на самой справе, яны займаюць позу нападаючых і, як курыца-квактуха, расправіўшы крылы, самі ідуць у наступленне – маўляў, ён «проста праходзіў міма».

…Камунальнікі патрасуць скарбонку раённага бюджэту, возьмуцца за валікі і шпаталі, замалююць «раны» на баках адрамантаваных дамоў. Але ж настрой у іх, як і ў маіх трох «я», ужо будзе не той: свежыя прамавугольнікі фарбы так і застануцца незагойнымі плямамі на целе нашага горада – і ў сэрцы тых, хто стараецца зрабіць яго самым лепшым і самым прыгожым…


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: