Конкурс, прысвечаны 130-годдзю Казіміра Сваяка, працягвае Ганна Валуевіч
11:29 / 07.09.2020
У бібліятэцы вісеў вялікі партрэт святара-паэта з адбіткам пакуты на твары і выразным позіркам. Ён запомніўся – але ў падрабязнасці жыцця Казіміра Сваяка я ў дзяцінстве не ўнікала.
Калі атрымлівала вышэйшую адукацыю, апублікавала тэзісы пра Сваяка, якія былі ацэнены на «выдатна» і надрукаваны ў навуковым зборніку ВНУ, – аднак далей гэтай тэмай займацца не стала: трэба было рыхтавацца да абароны дыплома.
Не так даўно цётачка расказала, што бясследна знікла карціна «Сваяк на прыступках Клюшчанскага касцёла», якую напісаў блiзкі сябар і зямляк святара мастак Рамуальд Ракіцкі.
Мая дзейнасць звязана з фотаздымкамі і фотамантажом, таму я вырашыла з дапамогай сучасных сродкаў аднавіць страчаную карціну. Знайшла некалькі фотаздымкаў згарэлага Клюшчанскага касцёла (за фота асобная ўдзячнасць Зофіі Шапель з вёскі Кісялі), у якім некаторы час служыў Канстанцін Стэповіч. Фота ксяндза адшукала ў інтэрнэце.
З любоўю і ўдзячнасцю за тое многае, што зрабіў Казімір Сваяк для ўсіх нас, я паспрабавала аднавіць карціну мастака-самавучкі, напісаную шмат гадоў таму. І не змагла пераадолець спакусы зрабіць свой фотамантаж: злучыла згарэлы касцёл і яго нястомнага служыцеля і абаронцу Казіміра Сваяка – так яны змогуць быць разам да сканчэння веку.
Ганна ВАЛУЕВІЧ