«Паласатыя» гадаванцы Часлава Лабачэўскага

12:03 / 25.08.2020

Канец лета – час збіраць ураджай. Ведаючы няўрымслівы характар і цягу да ўсяго новага капітана фермерскай гаспадаркі «Світанак-Л» Часлава Лабачэўскага, наш карэспандэнт вырашыў даведацца, што пажынае сёлета бадай што самы вядомы садавод рэспублікі.

Наша сустрэча з Чаславам Станіслававічам некалькі разоў пераносілася – работы на прасторах садова-ягадных уладанняў, якія займаюць 20 гектараў, хапае заўсёды, асабліва ў такую гарачую пару.

Напачатку тыдня ў сваім шчыльным працоўным графіку Лабачэўскі ўсё ж адшукаў вольнае акенца, каб расказаць пра сваё новае захапленне – кавуны. Забягаючы наперад, адзначу, што на смак паласатыя «світанкаўцы» ні чым не горшыя за сваіх паўднёвых братоў – салодкія сакавітыя з рыхлаватай ярка-чырвонай мякаццю.

1.jpg

Часлаў Станіслававіч адзін з самых вопытных садаводаў не толькі Беларусі, але і бліжэйшага замежжа – у многіх гаспадарках і на прыватных падворках растуць і радуюць гаспадароў багатым ураджаем яблыні Лабачэўскага. Тым больш што фермер не шкадуе часу для кансультацый па вырошчванні пладовых культур. Акрамя гэтага, некалькі гадоў назад аграрый – ізноў жа адзін з першых – асвоіў, да слова, дастаткова паспяхова, новы накірунак у раслінаводстве – вырошчванне і вытворчасць ягад абляпіхі. А два гады назад побач з сядзібай разбіў плантацыю буякаў… Энергічнасці і дзелавітасці Станіслававіча можна толькі пазайздросціць!

Безліч сартоў яблынь, абсыпаныя жоўта-аранжавымі бубкамі дрэўцы абляпіхі, маліннік… Убачыць па суседству з імі яшчэ невялікую плантацыю кавуноў, прызнацца, не чакала…

– Нічога дзіўнага, – бачачы маё здзіўленне, гаворыць гаспадар. – Кліматычныя ўмовы мяняюцца, час не стаіць на месцы. Кавуны – нетрадыцыйная культура для нашага паўночнага рэгіёну. Чамусьці некаторыя лічаць, што бахчавыя тут немагчыма вырасціць, але гэта не так, – паказваючы на паласатыя кавуны, якія грэлі круглыя бакі пад сонцам, гаворыць Часлаў Станіслававіч.

Па словах фермера, самае галоўнае ў вырошчванні гэтай культуры – жаданне і веды. Па-першае, трэба валодаць інфармацыяй пра сартавы склад, перыяд выспявання ягады і іншыя нюансы.

– Калі ў Брэсцкай вобласці яшчэ можна працаваць з сярэднеспелымі сартамі, то для Віцебшчыны і Гродзеншчыны падыходзяць толькі раннія і суперраннія, – дзеліцца фермер. – У нашых кліматычных умовах банальна не хопіць цёплых сонечных дзён для выспявання кавуноў. Шмат чаго залежыць і ад перыяду пасадкі. Не сакрэт, што шчасце хлебароба залежыць ад сяброўства з надвор’ем – так і ў нашым выпадку.

Аказваецца, ёсць розныя методыкі пасадкі кавуноў: рассадай, прарослым, змочаным ці сухім насеннем. Часлаў Станіслававіч вырашыў не мудрыць – і скарыстаўся адразу ўсімі спосабамі. Цікаўлюся ў фермера, які з іх найбольш апраўдаў сябе.

2.jpg

– Любы з іх дасць станоўчы вынік, калі паслядоўна прытрымлівацца тэхналогіі, – раскрывае сакрэты вырошчвання кавуноў Лабачэўскі. – Калі вы вырашылі вырасціць бахчавыя з рассады, то будзьце гатовы патраціцца на ахову раслін ад хвароб і замаразкаў. Шмат чаго залежыць і ад пасадачнага матэрыялу.

Часлаў Станіслававіч спыніўся на галандскіх сартах «раманза» і «топ-ган». «Чорны каралеўскі», па словах фермера, хоць і смачнейшы, але больш адчувальны да нашых кліматычных рэалій і менш ураджайны.

– Пры выбары сорту насення кавуноў адшурхоўвайцеся ад таго, для якіх мэт вы іх будзеце вырошчваць: для сябе ці для рэалізацыі, – працягвае дзяліцца досведам Лабачэўскі. – Глебу пад гэтую культуру варта рыхтаваць з восені. Вясной абавязкова ўнесці ўгнаенні. Сістэма паліву таксама іграе не апошнюю ролю. Калі ўлічыць, што ў развітай дарослай расліне каранёвая сістэма дасягае 6 метраў, то відавочна, што вільгаць больш небходна на першапачатковай стадыі вырошчвання кавуноў. Летам, калі саджанцы набралі вегетацыйную масу, вада не так патрэба, як вясной. Першы месяц абавязкова трэба выдаляць пустазелле, каб яно не выцягвала патрэбную для ягады вільгаць, а карані змаглі дасягнуць больш глыбокіх слаёў глебы.

Першы кавуновы «блін» не выйшаў у Часлава Лабачэўскага комам, а, наадварот, парадаваў. Фермер упэўнены, што кавуны заслугоўваюць большай увагі з боку беларускіх аграрыяў і іх можна паспяхова вырошчваць у прамысловых маштабах.

3.jpg

– Я кансультаваўся са спецыялістамі, вывучаў вопыт вырошчвання бахчавых у адной з гаспадарак Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, – падводзіць вынік нашай сустрэчы заслужаны садавод. – Што магу параіць чытачам? Займайцеся кавунамі! Праз некалькі гадоў яны зоймуць такое ж месца на нашым стале, як тая ж морква ці бульба!


Адным сказам

* Заўсёды варта імкнуцца да новага – вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі і рынак імкліва развіваюцца.

* Перш чым заняцца фермерствам, дэталёва і скрупулёзна пралічыце ўсе выдаткі на гэтую справу.

* Каб ваша прадукцыя карысталася попытам, у яе павінна быць адменная якасць.

* Калі для вас вырошчванне садавіны і гародніны не проста неабходнасць, а хобі – значыць, вы на правільным шляху. Не спыняйцеся і крочце далей!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич