Чалавек з інваліднасцю шукае работу. Ці знойдзе?

16:09 / 21.08.2020

Бяда заўсёды прыходзіць нечакана: аварыя, няшчасны выпадак, цяжкая хвароба… Калі мінаюць боль і страх, часта, як прысуд, гучыць вердыкт урачоў: жыць будзеце – але з інваліднасцю. Першая, другая, трэцяя група – гэта ўжо як каму пашанцуе. І жыццё, якое яшчэ нядаўна імкліва неслася, віравала, калі не хапала часу і сіл на ўсе справы і задумы, – перамяшчаецца ў іншае вымярэнне і праходзіць, як у запаволеным кіно: усё адбываецца вельмі марудна і нібыта не з табою.

Гэта цяжка перажыць нават на схіле гадоў – а калі чалавек малады і наперадзе ў яго цэлае жыццё? Як і дзе знайсці сілы, каб не проста не зламацца, а паўнацэнна жыць? Канешне, найпершая дапамога – родныя і блізкія. А яшчэ – праца. «Будзьце занятыя – гэта самае таннае лякарства на зямлі», – сцвярджае Дэйл Карнэгі. А пры ўдалым развіцці падзей, дададзім ад сябе, яшчэ і прыбытковае!

Аднак ці лёгка чалавеку з інваліднасцю знайсці занятак, які не толькі адцягвае ад змрочных думак, але яшчэ і вырашае матэрыяльныя праблемы – бо пенсіі, як вядома, вельмі сціплыя і пражыць на іх неверагодна складана. Ці магчыма яму набыць прафесію, калі не меў яе раней, знайсці працу, адкрыць сваю справу?

Так, мы неаднаразова чулі і чыталі пра Стывена Хокінга, Ніка Вуйчыча і многіх іншых, якія прадэманстравалі, што праблемы з фізічным здароўем не абмяжоўваюць талент, інтэлект, прагу жыцця. Ёсць і больш блізкія прыклады: той жа Аляксандр Аўдзевіч з Ліды, які на інваліднай калясцы аб’ехаў палову свету, ці пазаштатны аўтар нашай газеты Вольга Рэбка, якая з поспехам займаецца ўсім, за што бярэцца, – ад спорту і літаратуры да валанцёрскага руху і падарожжаў.

Нехта скажа: добра ім, там, за мяжой ці ў вялікіх гарадах – іншыя магчымасці. Паспрабавалі б яны ў нашай правінцыі…

Але і на Астравеччыне нямала людзей з інваліднасцю, якія набываюць прафесію, працуюць, адкрываюць сваю справу – жывуць паўнацэнным жыццём! І ёсць тыя, хто гатовы ім у гэтым дапамагчы.


Аляксандр Лянкевіч:

«Сам сябе займаю, сам на сябе зарабляю»

Ленкевичи.jpg

У тым, мінулым, жыцці хлопец з Байкан Саша Лянкевіч быў станочнікам, сталяром: працаваў на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, у дрэваапрацоўчым цэху лясгаса. Адна хвіліна раздзяліла яго жыццё на «да» і «пасля». Пад кола веласіпеда, на якім ён ехаў дахаты, трапіў каменьчык. Апошняе, што запомнілася – фура, што яго абганяла, і яе вялізнае кола, што насоўвалася на яго… Далей – цемра…

На шчасце, насустрач ехала з выкліку «хуткая дапамога», у той момант у тое месца Бог паслаў аднаго з лепшых астравецкіх хірургаў светлай памяці Аляксандра Павалоцкага. Ужо праз некалькі хвілін Саша ляжаў на аперацыйным стале. Жыццё яму ўратавалі. Адну нагу аднялі адразу, за другую гродзенскія ўрачы спрабавалі змагацца – але беспаспяхова.

У 25-гадовым узросце Аляксандр атрымаў першую групу інваліднасці. Шок, адчай, неразуменне, як і навошта жыць далей, – ён прайшоў праз усё гэта, як і большасць з яго калег па няшчасці. Справіцца з бядой і настроіць сябе на жыццё дапамагалі маці, сястра, пляменнікі.

Напачатку ён саромеўся інваліднасці, пры кожным выхадзе «ў людзі» прышпільваў нязручныя пратэзы і браў кавенькі. А потым плюнуў: без пратэзаў у яго ўсё атрымлівалася нашмат хутчэй і спрытней. З цягам часу цікаўныя, спачувальныя і нават пагарджальныя позіркі перасталі буравіць патыліцу – мужчына прывык да іх, як да свайго становішча. А ад непасрэдных дзіцячых воклічаў «Мама, глядзі, дзядзька без ног!» ці «А ты, калі зарплату атрымаеш, мне такую каляску купіш?» выклікаюць ужо не жаданне схавацца куды падалей ад людскіх вачэй, а ўсмешку.

Гэтая метамарфоза адбылася, калі ў яго жыцці з’явілася Таня – дзяўчына з суседняй вёскі, з Палушаў. Яны нават сустракаліся ў мінулым бесклапотным жыцці на нейкім вяселлі – убачылі гэта шмат пазней, праглядваючы відэакасету. А пазнаёміла і парадніла іх бяда: Таня таксама пасля аўтамабільнай аварыі, прабыўшы пяць тыдняў у коме, засталася без нагі. Аднойчы Саша патэлефанаваў дзяўчыне, каб пацікавіцца, дзе і як яна рабіла пратэз, – з таго і пачалося знаёмства. Якое праз нейкі час закончылася вяселлем. Потым адзін за другім нарадзіліся сыны Максім і Арцём – і пытанне пра сэнс жыцця для іх вырашылася само па сабе.

А вось іншае – за што жыць? – стала яшчэ больш актуальным. Бо дзвюх пенсій па інваліднасці: Сашава за першую групу ў памеры 440 рублёў, Таніна за другую – 260 рублёў – для сям’і з двума хлопцамі-падлеткамі, вядома ж, не хапае. Не, Лянкевічы не скардзяцца – але гэта разумела кожнаму, хто выхоўвае дзяцей і ведае, колькі трэба хоць бы для таго, каб сабраць іх у школу.

У свой час сям’і маладых людзей з інваліднасцю моцна дапамог райвыканкам і тагачасны яго старшыня Адам Кавалька. Спачатку, калі Саша быў яшчэ адзін, яму выдзелілі пакой у інтэрнаце на Школьнай. А калі Лянкевічаў стала трое, для іх спецыяльна ўнеслі змены ў праект шматкватэрнага дома, пераабсталяваўшы трохпакаёвую кватэру пад двухпакаёвую – але з шырокімі дзвярыма, прасторнымі ваннай і туалетам, балконам, прыхожай. А галоўнае – з асобным абсталяваным пандусам выхадам на вуліцу. Праз год выдзелілі аўтамашыну з ручным кіраваннем. Праўда, старэнькая «Таўрыя» ўжо даўно на ладан дыхае і запчастак да яе днём з агнём не адшукаць, але ўсё ж добра-дрэнна, але возіць Лянкевічаў у вёску да бацькоў. А калі і ў лес і не кожны грыбнік-ягаднік можа назбіраць столькі дароў лесу, як Аляксандр. Вось і нядаўна на дзень нараджэння Тані падарыў цэлае вядро лісічак.

Але ж надзённыя праблемы трэба вырашаць тут і зараз. І яны вырашаюць іх, як могуць. Саша – мужык, як кажуць у народзе, рукасты: зрабіць можа ўсё. Без справы не сядзіць, бярэцца за ўсё, на чым можна зарабіць хоць якую капейчыну. Былі заказы – шыў для прадпрыемства «Клопат пра людзей» рабочыя рукавіцы, збіваў сінічнікі для лясгаса. Па-майстэрску пляце кошыкі – ад рабочых, «бульбяных», да больш далікатных грыбных і гусценькіх ягадных. Займаецца рамонтам адзення, Таня да швейнай машынкі не падыходзіць – гэта Сашава «рабочае абсталяванне». Рамантуе абутак. На балконе ў яго цэлая майстэрня.

2.jpg

Гэткая самазанятасць, калі і не вырашае поўнасцю матэрыяльныя праблемы, дае пэўную прыбаўку да сямейнага бюджэту.


Таццяна Лянкевіч:

«Атрымала дыплом – і пайшла «на біржу»

Жонцы Аляксандра Лянкевіча Таццяне было без аднаго тыдня 18 гадоў, яна толькі што закончыла першы курс Ашмянскага сельскагаспадарчага каледжа, дзе вучылася на бухгалтара, калі яе па дарозе з Гудагая, куды яна ў выхадны дзень пайшла на танцы, збіла машына. Пяць тыдняў у коме ў рэанімацыі, паміж жыццём і смерцю – спачатку ў Астраўцы, потым у Гродне, аднятая нага, моцныя абязбольваючыя, гнойныя раны, думкі, як жыць далей, – дзяўчыне давялося вытрываць многае. Але яна «была стойкім алавяным салдацікам»: не зламалася, з дапамогай маці і сёстраў паправілася, асвоіла мыліцы – і нават танцаваць на іх навучылася, праўда, у клуб ужо не рвалася. Займалася хатнімі справамі: прыбірала, гатавала, палола грады, ставіла закаткі… Можа, яна б і не ўспомніла пра перарваную адукацыю, але абставіны прымусілі: спачатку першую групу інваліднасці адмянілі на другую, а калі дзяўчына зрабіла пратэз і навучылася на ім хадзіць, – то і на трэцюю, а яна ўжо рабочая. А дзе працаваць, кім, калі няма прафесіі?

Праз 6 гадоў пасля аварыі Таня аднавіла навучанне ў каледжы, толькі перайшла на завочнае аддзяленне. Выкладчыкі і аднакурснікі з разуменнем ставіліся да яе становішча, але на заняткі, тым не менш, даводзілася хадзіць у розныя аўдыторыі на розных паверхах – тая яшчэ задача…

Да вучобы Таня ўжо выйшла замуж, нарадзіла Максіма – з малым, пакуль мама «стаяла ў чарзе за дыпломам», спраўляўся Саша, хоць родныя прапаноўвалі ўзяць гэтыя клопаты на сябе. Ды так спрытна карміў, спавіваў, выгульваў сына, што іншыя дзіваваліся.

Але наяўнасць дыплома не гарантуе атрыманне работы. Скончыўшы каледж, Таццяна пайшла на так званую біржу працы – стала на ўлік у службу занятасці. Але жадаючых узяць на работу маладога спецыяліста без прафесійнага вопыту з пэўнымі асаблівасцямі здароўя не было.

Знайсці работу Тані дапамагла праграма па працоўнай адаптацыі людзей з інваліднасцю Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва – маладая жанчына стала «першапраходцам» яе рэалізацыі ў нашым раёне. Таццяну ўзялі на год на работу бухгалтарам ў роднае таварыства інвалідаў і створанае ім прадпрыемства «Клопат пра людзей»: выплату мінімальнай заработнай платы гарантавала ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, яно ж узяло на сябе і адлічэнні арганізацыі ў фонд сацыяльнай абароны. А праз год, калі закончылася праграма адаптацыі, Таццяну аформілі тут жа на пастаяннае месца работы. Зарплата, праўда, невялікая – усё тая ж «мінімалка», на сённяшні дзень – 375 рублёў. Да таго ж з-за фінансавых цяжкасцей прадпрыемства «Клопат пра людзей», са сціплых даходаў якога і фінансуецца дзейнасць таварыства, бухгалтар тут цяпер працуе толькі на палову стаўкі.

3.jpg

А дзе я змагу зарабіць болей? – паціскае плячыма Таццяна. – Радая, што хоць невысокая, але стабільная зарплата, ёсць.


Юрый Ждановіч:

«Інваліднасць – не прысуд»

– Праграма працоўнай адаптацыі – рэальная магчымасць для людзей з інваліднасцю павысіць сваю канкурэнтаздольнасць на рынку працы, – гаворыць старшыня раённага таварыства інвалідаў Юрый Ждановіч. – У іх жа часам не тое, што прафесіі – працоўнай кніжкі няма! А інваліднасць – гэта не прысуд, чалавек, калі ён хоча, можа і павінен працаваць, незалежна ад таго, якая ў яго група страты здароўя. У мяне, напрыклад, таксама першая група інваліднасці – дык што ж цяпер, сядзець дома і смерці чакаць? Але часта людзі, прыходзячы на МРЭК, думаюць толькі аб тым, ці дадуць ім «групу» і не вельмі турбуюцца, што ж запішуць у індывідуальнай праграме рэабілітацыі інвалідаў, якая цяпер у абавязковым парадку выдаецца разам з пасведчаннем. Калі чалавеку ўсё роўна, медыкі часта ідуць па шаблону: 2-я ці 1-я група – значыць, непрацоўная. А хваробы ж розныя бываюць, і магчымасці чалавека – таксама: інвалід 1-й групы, напрыклад, не ў стане капаць траншэю ці даіць карову – але можа працаваць за камп’ютарам ці афармляць дакументы. І гэта павінна быць запісана ў індывідуальнай праграме рэабілітацыі – інакш чалавек работу не атрымае, нават калі яна знойдзецца.

5.jpg

Праграма працоўнай адаптацыі дапамагае людзям атрымаць прафесію, калі яе не было, ці прайсці перанавучанне, калі па ранейшай чалавек, атрымаўшы інваліднасць, працаваць больш не можа. Акрамя таго, на працягу года ён набывае самае каштоўнае – вопыт!

За час дзейнасці праграмы ў нашым раёне працоўную адаптацыю прайшло 12 чалавек. Некаторыя знайшлі пастаянную работу. Да прыкладу, Марына Лукашэвіч працуе ў Альхоўскай школе, Анатоль Садоўскі – у спартыўным комплексе «Імпульс», Віталь Дамуць – у ЦРКБ – дарэчы, ён нават вышэйшую адукацыю атрымаў.

Цяпер на працоўнай адаптацыі знаходзіцца 29-гадовы Андрэй Івашкевіч. У хлопца 2-я група інваліднасці па зроку. Але, як і кожны малады чалавек, Андрэй хоча быць самастойным, у тым ліку і матэрыяльна. Па праграме працоўнай адаптацыі ён прайшоў навучанне, атрымаў прафесію зарадчыка вогнетушыцеляў – і неўзабаве пойдзе працаваць: арганізацыя «Клопат пра людзей» хутка пачне аказваць такія паслугі.

4.jpg

У 55-гадовага Міхаіла Ластоўскага іншая сітуацыя. Ён практычна ўсё жыццё працаваў на чыгунцы, мае мноства рабочых спецыяльнасцей, але пасля перанесенага 3 гады назад інфаркту і атрыманай групы ўсе яны аказаліся пад забаронай. За 270 рублёў пенсіі пражыць практычна немагчыма, да пенсійнага ўзросту яшчэ далёка. Міхаіл Іванавіч прызнаецца, што для яго сапраўдным выратаваннем стала праграма працоўнай адаптацыі. Цяпер ён разам з Андрэем Івашкевічам будзе заражаць вогнетушыцелі.

55.jpg

– Можа падацца парадаксальным, але пры гэтым людзі не прыходзяць да нас прасіцца, – гаворыць Юрый Іванавіч. – Ці то не ведаюць пра такую магчымасць, ці то не хочуць знайсці работу па сілах, ці змірыліся са сваім статусам інваліда… Са спецыялістамі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, перабіраючы картачкі індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інвалідаў, мы знаходзім тых, каму можна было б прапанаваць адаптацыю. Потым часта чуем словы ўдзячнасці: вярнулі да паўнацэннага жыцця!


Яўген Янушкевіч:

«Работа сама мяне знайшла»

Янушкевіч Жэня На Аўгустоўскім канале.jpg

У Жэні Янушкевіча пасля атрыманай у 17 гадоў траўмы – інваліднасць 1-й групы, прычым ён мае патрэбу ў староннім доглядзе. Здавалася б, з яго дыягназам і ступенню страты здароўя пра пастаянную работу не варта было і марыць.

Ён і не марыў. Але, калі вызваліўся з ціскоў непазбежных у такіх выпадках адчаю і дэпрэсіі, стаў шукаць магчымасці заняць сябе і разам з тым зарабіць – сёння інтэрнэт дае такую магчымасць. Жэня стаў пісаць тэксты на заказ, каментарыі да рэкламных артыкулаў (а вы думаеце, што хвалебныя ці разгромныя водгукі там усе пішуць па поклічы сумлення і толькі тое, што думаюць? Наіўныя…) Плата за такую працу была чыста сімвалічнай – у эквіваленце каля 60 долараў у месяц, маральнага задавальнення не прыносіла, хутчэй наадварот. Але давала ілюзію занятасці і дазваляла час ад часу зрабіць з уласных грошай падарунак бацькам ці любімай пляменніцы.

У 2015 годзе «Астравецкай праўдзе» спатрэбіўся спецыяліст, які мог бы дапамагаць рэдактару інтэрнэт-рэсурса. Кіраўніцтва рэдакцыі падзялілася праблемай са Святланай Куцько, якая ў той час, працуючы ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, курыравала маладых людзей з інваліднасцю. Святлана параіла двух хлопцаў, якія з-за няшчасных выпадкаў апынуліся ў інвалідных калясках і якраз прайшлі анлайн-курсы сістэмных адміністратараў. На карысць Жэні паўплываў той факт, што ў Міхалішках быў больш хуткі і надзейны доступ у інтэрнэт.

На першым часе Яўген працаваў пазаштатна: за пэўную работу атрымліваў пэўную – трэба сказаць, што не вельмі вялікую – аплату. Але да абавязкаў хлопец адносіўся сур’ёзна і адказна, пацвярджэнне таму – адна з «Залатых Ліцер», атрыманых «Астравецкай праўдай», – цалкам яго заслуга. Да таго ж хлопец працягваў вучыцца: закончыў курсы SMM, асвоіў курсы па фоташопе, журналістыцы, стварэнні сайтаў і мове HTML – на платформе «У савы», «заточанай» на навучанне маладых людзей з інваліднасцю.

Праз нейкі час рэдакцыя і Жэня зразумелі, што «нам не жыць адзін без аднаго». Да таго ж працоўнае заканадаўства афіцыйна дазволіла аддаленую форму работы – адзіна магчымую для хлопца.

Аднак ж у картцы індывідуальнай рэабілітацыі ў юнака было запісана, што працаваць ён не можа…

Але калі інваліднасць – не прысуд, то запіс у картцы – тым больш! Папярэдне праштудзіраваўшы юрыдычны бок пытання: ці не зменшыцца пенсія па інваліднасці, калі ён стане працаваць, ці зможа маці, як і раней, атрымліваць дапамогу па доглядзе – Жэня і яго бацькі адправіліся змяняць запіс у заключэнні МРЭК, які б дазваляў хлопцу працаваць на камп’ютары. Медыцынская камісія, МРЭК, рабочая камісія – і са студзеня 2020 года Яўген стаў штатным супрацоўнікам газеты – рэдактарам інтэрнэт-рэсурса.

– Тое, што ён – адказны, добрасумленны, творчы чалавек, было відаць яшчэ тады, як ён працаваў пазаштатна, – гаворыць Алена Ярашэвіч, галоўны рэдактар «Астравецкай праўды». – Да таго ж ён вельмі таварыскі, камунікабельны, з ім лёгка і прыемна працаваць і проста стасавацца. Яўгена адразу палюбілі ўсе ў калектыве. Канешне, даказаць, што чалавек з інваліднасцю 1-й групы можа працаваць нароўні са здаровымі людзьмі, хлопцу было няпроста. А тым кіраўнікам, хто баіцца прымаць на работу людзей з інваліднасцю, хачу сказаць: я б не толькі сабе – кожнаму пажадала б, каб усе працавалі так, як наш Яўген.


Наталля Харэвіч:

«Я пайшла на гэта дзеля мужа»

изображение_viber_2020-08-22_08-18-49.jpg

Наталля і Тадэвуш Харэвіч напачатку 90-х, калі ўсё бурылася, пераехалі з Літвы ў Астравец: здавалася, што як у родным доме сцены дапамагаюць, так і ў роднай Беларусі лягчэй дыхаецца.

Муж пайшоў працаваць у адзіную на той час астравецкую будаўнічую арганізацыю МПБК-158 зваршчыкам – дзякуючы гэтаму ім далі інтэрнат на Школьнай і паабяцалі кватэру. А Наталля работы не знайшла і, як і многія тады, пайшла гандляваць на рынак.

Тадзік працаваў шмат і напружана. І неўзабаве гэта адбілася на здароўі. Мужчыну зрабілі аперацыю на пазваночніку, далі групу інваліднасці, забаранілі цяжка працаваць.

Што рабіць далей? Узнікла думка адкрыць сваю справу, нейкі спецыялізаваны магазін: Наталля была зарэгістравана як прыватны прадпрымальнік і можна было не траціць час і грошы на афармленне. Але які напрамак развіцця выбраць?

– Тадзік быў катэгарычны: калі чым займацца, то толькі таварамі для рыбалоўства! Ён памешаны на рыбалцы з дзяцінства. Калі ў яго маленькага пыталі, кім хоча быць, адказваў: «Рыбаком!» І потым, калі пасля аперацыі не мог нават сядзець, я вазіла яго на рыбалку: ляжаць у машыне ён мог і стаяць з вудамі – таксама, гадзінамі навылёт. А мне рыбалка так і не «зайшла». Адвязу яго на рэчку ці на возера, сяджу дзень, кніжкі чытаю, крыжаванкі разгадваю, думаю: калі ўжо ён задаволіцца, каб дахаты паехаць? А калі адкрываць сваю справу ў гэтым накірунку, то за таварам трэба ж мне ехаць, муж не зможа столькі часу ў аўтобусе выседзець. А для мяне ўсё гэта – цёмны лес. «Можа, лепш абутак?» – прапаноўвала я мужу. Але ён упёрся: «Ці рыбалоўства – ці нічога! Я гэта люблю, ведаю, умею. У нас атрымаецца!».

Лёгка сказаць – атрымаецца! Наталля, едучы ў Маскву за таварам, нават не ўяўляла, што браць на рэалізацыю. «Што ўбачыш – тое і бяры, – параіў муж. – У нашым горадзе ўсё роўна нічога для рыбакоў няма.» Паступова і Наталля ва ўсім разабралася, нават бывалым рыбаловам, у тым ліку і мужу, можа даць слушную параду.

Так, Харэвічы былі першымі, хто адкрыў у Астраўцы спецыялізаваны магазінчык з таварамі для рыбалоўства. Арандавалі памяшканне ў райбыткамбінаце, ажно на чацвёртым паверсе – ніжэй не было. «Не перажывайце, за вашымі блёснамі і кручкамі і на чацвёрты падымуцца,» – запэўніла тагачасны дырэктар Галіна Зянюк. Пакупнікі і сапраўды ведаюць, дзе знайсці патрэбны ім тавар. А вось Харэвічам, хоць і «спусціўся» іх магазін з цягам часу на трэці паверх, падымацца на месца працы штодня цяжкавата, асабліва з таварам. Тым больш што і Наталля ўжо – інвалід 2-й групы: гіпертанія давяла.

Хоць і працуюць муж і жонка разам, справа першапачаткова была аформлена на Наталлю. І толькі пасля таго, як яна атрымала інваліднасць, Харэвічы даведаліся, што прыватным прадпрымальнікам, якія маюць групу інваліднасці і працуюць па адзіным падатку, сума яго змяншаецца на 20%. А яшчэ вялікае падспор’е – вызваленне ад выплат у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

– Я пайшла на адкрыццё сваёй справы дзеля мужа, яму ў той сітуацыі гэта было вельмі патрэбна. Цяпер магазін – наша другое дзіця, – гаворыць Наталля. – Ды і матэрыяльнае падспор’е істотнае: на 300 рублёў пенсіі сёння не пражывеш.


Вольга Свіла, намеснік начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва:

«З 70 апытаных інвалідаў толькі адзін выказаў жаданне працаваць»

– Калі чалавек з інваліднасцю мае жаданне працаваць і ў яго індывідуальнай праграме рэабілітацыі – гэта асноўная ўмова! – запісана, што ён можа гэта рабіць, то работу ён абавязкова знойдзе, і мы яму дапаможам, – гаворыць Вольга Станіславаўна, намеснік начальніка ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва. – Толькі чамусьці звяртаюцца да нас нячаста. Сёлета мы абзванілі 70 жыхароў нашага раёна, якія маюць 2-ю і 3-ю групы інваліднасці, з пытаннем: ці маеце жаданне працаваць? Станоўчы адказ быў толькі адзін. А многія нават крыўдзіліся: маўляў, я хворы чалавек, чаму вы пытаецеся? Хоць разумеем, што тыя, хто мае сілы і здароўе, спрабуюць працаваць – хто афіцыйна, хто па дагавору. Летам ідуць у лес грыбы-ягады збіраць – на 200-300 рублёў пенсіі па інваліднасці не пражывеш.

Па інфармацыі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, у раёне сёння 698 чалавек атрымліваюць пенсію па інваліднасці. Колькі з іх працуе, звестак няма. Але калі нават успомніць сваіх знаёмых, атрымліваецца, што такіх людзей нямала. Як правіла, большасць з іх знаходзіць работу самастойна. А ў каго не атрымліваецца, той зміраецца са сваім становішчам. Чаму? Не хочуць працаваць? Не могуць знайсці працу? Не ведаюць, што ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне можа дапамагчы ў пошуках стабільнага даходу і адчування сваёй патрэбнасці?

– Я не магу адказаць на гэтыя пытанні, – разводзіць рукамі Вольга Свіла. – Мы робім усё, каб дапамагчы людзям з інваліднасцю знайсці работу. Калі хто не мае спецыяльнасці ці пасля атрымання інваліднасці не можа працаваць па набытай некалі прафесіі – аплацім навучанне ці перанавучанне, дарогу туды і назад. Стыпендыя, праўда, мінімальная. Але мы не можам асвоіць выдзеленую квоту на навучанне, нават у Варнянскім УПК: беспрацоўныя, у тым ліку і людзі з інваліднасцю, не выказваюць жадання набыць новую прафесію. Больш таго: кожны год браніруем месцы працы для малаабароненых слаёў насельніцтва ў розных арганізацыях: лясгасе, бальніцы, аддзеле адукацыі для мнагадзетных маці, тых, хто вярнуўся з арміі, з месцаў зняволення, людзей перадпенсійнага ўзросту, і ў тым ліку – для людзей з інваліднасцю. Сёлета для апошняй катэгорыі забраніравана 10 рабочых месцаў. Звярнулася да нас усяго 3 чалавекі, аформілася на работу двое: Андрэй Івашкевіч па праграме працоўнай адаптацыі ўладкаваўся ў прадпрыемства «Клопат пра людзей» зарадчыкам акумулятараў, Эдвард Пятроўскі – рабочым у САК «Імпульс». Не ўпэўнена, што да канца года закрыем бронь. Калі не – на наступны год давядзецца зменшыць.


Праца для чалавека з інваліднасцю. З чаго пачаць?

Для гэтага трэба найперш звярнуцца ва ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва, дзе растлумачаць, што рабіць, бо кожны выпадак індывідуальны і патрабуе асаблівага падыходу.

Калі ў пасведчанні запісана, што група інваліднасці нерабочая, а вы ўпэўнены, што пэўную работу можаце выконваць без шкоды для свайго здароўя – звярніцеся ў МРЭК. Пасля праходжання медыцынскай камісіі ў картцы індывідуальнай рэабілітацыі ўрачы могуць зрабіць адпаведны запіс, які дазваляе работу ў пэўных умовах.

Калі няма прафесіі ці вопыту – зноў жа дапамогуць ва ўпраўленні па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва і раённым таварыстве інвалідаў. Там могуць прапанаваць працоўнае месца па броні ці работу па праграме працоўнай адаптацыі – за год можна набыць вопыт, прафесію, а, магчыма, і сталае месца працы.

Інваліднасць – не прысуд. І прыклады герояў гэтага артыкула – таму пацвярджэнне. Калі вы захочаце – вы зможаце! І абавязкова знойдуцца тыя, хто вам дапаможа!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик