Астравецкія сцежкі крымскага казака Уладзіміра Астапца

11:16 / 15.08.2020

Жыццё чалавечае… Як у кроплі марской вады захоўваюцца ўласцівасці невымернага змесціва яе бацькі-акіяна, так і на лёсы людскія непазбежна ўплываюць падзеі, што адбываюцца ў краіне, абставіны, выпадковыя і знакавыя сустрэчы… 

IMG_3018.jpg

Бязбацькавіч

Бацькі свайго Уладзімір Астапец не помніць: хлопчыку было сем месяцаў, калі пачалася вайна. Як Якаў Астапец, марскі афіцэр, камандзір тарпеднага кацера, выйшаў на заданне – і не вярнуўся. Маці атрымала паведамленне, што муж прапаў без вестак: мора нябожчыкаў не аддае… Замуж жанчына больш не выйшла.

– Гадавалі мяне дзед з бабкай. Маці дзень і ноч працавала. Пенсію па страце кармільца першапачаткова плацілі 30 рублёў, як за радавога. Шмат пазней, калі прыехалі аднапалчане бацькі, даведаліся, як жыве сям’я іх баявога таварыша і схадзілі ў райваенкамат, выплаты павялічылі.

Памятаеце радкі з верша Рыгора Ба­ра­дуліна «Бацьку» «Калі ж у крыўдзе мне сябры гразіліся падчас бацькамі, тады хацелася наўзрыд заплакаць шчырымі слязамі»? Валодзю таксама драж­нілі, і, пабачыўшы, як адна­годкі горда крочаць па вуліцы, трымаючыся за таткаву руку, хлопчык хаваўся ў хлевушку і горка плакаў. А сябраваць стараўся з такімі ж бязбацькавічамі, як сам…

Жылі яны тады ў Крыме, у бяскрайнім стэпе Таўрыі. Але ж і ўрадлівым: кукурузу там расцілі задоўга да хрушчоўскіх загадаў – і якія ўраджаі здымалі!

Дзед вучыў унука ўсім прамудрасцям вясковага жыцця: касіць, цэпам малаціць, за плугам хадзіць. Ён прайшоў тры вайны: ваяваў яшчэ ў японскую ў 1904-1905 гадах у Порт-Артуры. «Бачыў мора Байкал», – расказваў Валодзю пра гэтую вайну. Затым была Першая сусветная – падчас яе Мікіта Філіповіч пратэпаў-прапоўз на пузе значную частку сённяшняй Беларусі: ваяваў пад Слонімам, Ваўкавыскам. За мужнасць і адвагу атрымаў чатыры Георгіеўскія крыжы. У гады Вялікай Айчыннай быў партызанскім сувязным, узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне».

IMG_3012.jpg

Ёсць загад: яму – на захад…

Дзед, стары ваяка, хацеў, каб любімы ўнук стаў ваенным, але пры гэтым меў грамадзянскую спецыяльнасць. Выбралі Рыжскае радыётэхнічнае ваеннае вучылішча. Але ў абласным ваенкамаце сказалі, што адзінае выдзеленае месца на Рыгу ўжо занятае. Прапаноўвалі хлопцу іншыя ваенныя навучальныя ўстановы – артылерыйскую, нават лётную, ды ён упартым аказаўся: калі не ў Рыгу, то нікуды! І вярнуўся дахаты.

Яго, добрага спартсмена – да таго часу Валодзя Астапец меў першы дарослы разрад па футболе, выканаў норму кандыдата ў майстры спорту па стральбе – узялі настаўнікам фізкультуры ў родную школу. І прынялі ў рады КПСС – гэта сыграла ў яго жыцці лёсавызначальную ролю.

А праз год прыйшла павестка. У ваенкамаце паглядзелі ха­рактарыстыку: бегаеш добра, страляць умееш – такім самае месца ў элітных пагранічных войсках! З чатырох абласцей сабралі ўсяго 36 бездакорных прэтэндэнтаў для аховы граніцы Савецкага Саюза.

Васямнаццаць сутак ехалі навабранцы да Гродна. Там сабралася амаль тысяча прызыўнікоў з розных куткоў неабсяжнай краіны.

– Камуністы, крок наперад! – прагучала каманда.

Разам з Валодзем Астапцом са строю выйшла яшчэ сем чала­век. Партбілеты ў іх забралі, схавалі ў сейф – крый божа страцяць – і адправілі ў вучэбку.

Пасля прыняцця прысягі вы­клікалі ў палітаддзел.

– Служыць будзеш на 22-й лясной заставе ў Белавежскай пушчы, – паведаміў камандзір. – Але, акрамя службы, будзе дадатковая нагрузка. Там пакуль што толькі два камуністы: начальнік заставы і старшына, ды зампаліт кандыдат. Ты станеш трэцім членам партыі і ўзначаліш пярвічную партыйную арганізацыю.

Навабранец, радавы – і сакратар партарганізацыі! Здаралася і такое.

Больш таго, на акружную партыйную канферэнцыю вой­скаў Заходняй акругі ў Кіеў адправілі пагранічніка першага года службы, выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі, камуніста Ула­дзі­мі­ра Астапца. І нават даверылі яму выступіць з высокай трыбуны! Калені ў яго ад такога гонару і адказнасці трэсліся – але голас не здры­гануўся.

З Кіева ўчарашні радавы Астапец вяртаўся ўжо старшыной.

Запомнілася служба на заставе яшчэ і тым, што аднойчы сюды, вяртаючыся з палявання, без папярэджання – праваліўся зімой у ваду, тэрмінова трэба было пераапрануцца – заехаў Мікіта Хрушчоў. Начальніка заставы на месцы не было, і сустракаў высокіх гасцей зампаліт – яго абавязкі на той час выконваў Уладзімір Астапец.

Калі прыйшоў час дэма­бі­лі­зацыі, яму прапаноўвалі заставацца на звыштэрміновую службу. Уладзімір за два гады службы палюбіў Беларусь, яе неабсяжныя зялёныя лясы, рэкі, азёры, мяккі клімат. Але дома была мама, якая пасля смерці дзеда з бабай засталася зусім адна. І ён выбраў Беларусь – але грамадзянскае жыццё, каб можна было забраць да сябе матулю і на схіле гадоў акружыць яе сыноўнім клопатам і ўвагай.

Забягаючы наперад, скажам, што маці і сапраўды прыехала да сына ў Беларусь, як толькі выйшла на пенсію…

IMG_3014.jpg 

Куды партыя накіруе…

Пасля дэмабілізацыі Ула­дзі­мір паступіў у Гродзенскі педа­гагічны ўніверсітэт. Але пасля двух курсаў перавёўся на завочнае аддзяленне: у матэрыяльным плане ён мог разлічваць толькі на сябе. Ён ужо паспеў ажаніцца з юнай зямлячкай Валянцінай, якая чакала яго з арміі два бясконца доўгія для яе гады…

Першым сакратаром Гродзенскага абкама партыі ў 60-я гады быў Уладзімір Фёдара­віч Міцкевіч, які неаднойчы прыязджаў на 22-ую «лясную» заставу, добра ведаў Уладзіміра Астапца, і пасля яго дэмабілізацыі не выпусціў перспектыўнага юнака з поля зроку. Па рэкамендацыі Міц­кевіча накі­равалі Уладзіміра Якаўлевіча на Астравеччыну.

– Работы хапае на розных участках, – увёў у курс спраў тага­часны першы сакратар райкама партыі Уладзімір Паспелаў. – Але ў райцэнтры жылля няма і не прадбачыцца. Таму, калі хочаш атрымаць кватэру, едзь на раён. Да прыкладу, у саўгасе «Кямелішкі» патрэбен сакратар партыйнай арганізацыі – чым дрэнна? Далекавата, праўда, 50 кіламетраў – затое з жыллём праблем не будзе.

І праўда, кватэру далі адразу. І работа знайшлася не толь­кі для яго, але і для жонкі: Валянціна Іванаўна стала працаваць выхавацелем у школьным інтэрнаце. І нават асабісты транспарт выдзелілі – матацыкл. Што яшчэ? Працуй, старайся!

– У партыйнай арганізацыі, калі я яе ўзначаліў, было, як цяпер помню, 37 камуністаў – не толь­кі працаўнікоў саўгаса, але ўсіх, хто жыў і працаваў на яго тэрыторыі. А затым мы сталі хутка прырастаць: праз тры гады ў нашай пярвічцы налічвалася ўжо 60 камуністаў: у партыю ўступалі механізатары, жывёлаводы, – успамінае Уладзімір Якаўлевіч.

Вельмі хутка кямелішкаўская пярвічная арганізацыя ўвайшла ў лік лепшых. Аднойчы падчас жніва сюды нават Пётр Машэраў прылятаў – без папярэджання, без аховы.

– Механізатарам якраз абед прывезлі, яны спынілі камбайны, селі перакусіць. І я каля іх на полі, – расказвае Уладзімір Якаўлевіч. – І раптам – верталёт. Нехта пажартаваў: «Мусіць, Машэраў ляціць!» А верталёт садзіцца – і сапраўды Пётр Міронавіч выходзіць! Павітаўся з усімі за руку, пра справы распытаў. Я прапанаваў яму паабедаць з механізатарамі – адмовіўся: сказаў, што Рынкевіч (старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік». – Н.Р.) накарміў толькі што. Просты, прыемны чалавек, не ведаючы, і не скажаш, што кіраўнік рэспублікі.

Ды, мусіць, так не бывае, каб усё ішло гладка. Адбылося ў лепшай пярвічцы надзвычайнае здарэнне: загадчыца фермы, камуністка, украла і прадала 16 мяхоў мукі. Сакратар парткама выклікаў яе, стаў праводзіць «выхаваўчую работу»: які ж прыклад член партыі падначаленым падае?! А жанчына дастала партыйны білет і парвала: маўляў, не трэба мне ваша партыя!

На адкрыты партыйны сход, сабраны па прычыне гэтага надзвычайнага здарэння, прыехалі не толькі ўсе члены райкама, але і прадстаўнікі абкама, і нават двух цэнтральных камітэтаў – з Мінска і Масквы.

Сход працягваўся з 6 гадзін вечара да 2 ночы. Выступілі ўсе камуністы. Загадчыцы фермы ўспомнілі ранейшыя грахі і выключылі з партыі. А сакратару партыйнай арганізацыі праз некалькі дзён на бюро райкама за прыніжаную выхаваўчую работу сярод камуністаў аб’явілі строгую вымову з занясеннем ва ўліковую картку – пакаранне надзвычай строгае, пасля якога мінімальны «пракол» мог каштаваць партбілета, а значыць – кар’еры.

Уладзімір Якаўлевіч вырашыў вяртацца на Радзіму – хоць да Беларусі да таго часу душой прыкіпеў, але ж такога жорсткага пакарання за чужы ўчынак, лічыў, не заслужыў. Паехаў у адпачынак у Крым, дамовіўся з дырэктарам мясцовай школы, што той возьме яго на работу. Вярнуўся, каб звольніцца, – і тут яго зноў выклікалі ў райкам і прызначылі дырэктарам Рытанскай васьмігадовай школы. «Мы кадрамі не раскідваемся» – сказаў, даючы наказ на новую работу, тагачасны першы сакратар райкама партыі Дзмітрый Арцыменя.

Ну, школа дык школа… Ме­сцілася яна тады ў прыстасаваным будынку – былым панскім доме. Зрабілі рамонт, задумалі ўзводзіць прыбудову... Ды паступіў новы загад: трэба ўма­цоўваць сельскія Саветы, збі­райся, Астапец, у Падольцы…

Што ж, раз партыя сказала «Трэба!», то адказ мог быць толькі адзін: «Слухаюся!»


Прыстань жыцця – Падольцы

Многія цікавыя і ўнікальныя мя­сціны пакінулі ў душы Ула­дзіміра Якаўлевіча незабыўны след: Крым, дзе ён нарадзіўся і вырас; Белавежская пушча, дзе ў многім адбылося яго ста­наўленне як асобы; Кямелішкі, дзе нарадзілася двое дзяцей.

І ўсё ж Падольцы ў гэтым шэрагу займаюць асаблівае месца. След тут пакінуты немалы, і гэтая вёска, цяпер ужо аграгарадок – канечная прыстань яго жыцця.

Тэрыторыя Падольскага сельса­вета, старшынёй якога яго абралі, прасціралася ў 70-я гады ажно да міхалішкаўскага моста. На яго балансе знаходзілася 7 школ, тры з якіх – васьмігадовыя. І школы немалыя: у Караняцкай вась­мі­­годцы, да прыкладу, было 78 вуч­няў, у Свіранках займалася 93 дзіцяці.

А вось у саміх Падольцах на той час была толькі пачатковая школа. Сярэдняя знаходзілася ў Жукойнях, дырэктарам там працавала Лідзія Іванаўна Рубан, жонка дырэктара саўгаса «Падольцы».

Вырашыў Леанід Рубан: Падольцам патрэбна сярэдняя школа! Ну і што, што ў планах няма? Трэба, каб уключылі! Для настырнага Леаніда Сцяпанавіча невырашальных задач не існавала.

Першым памочнікам дырэктара ў ажыццяўленні гэтай ідэі, якая многім здавалася авантурнай, стаў старшыня сельсавета. Некалькі разоў ездзілі яны на прыём да міністра адукацыі, давялося падключаць і старыя сувязі – важкае слова першага сакратара Гродзенскага абкама Уладзіміра Міцкевіча таксама адыграла сваю ролю. Рашэнне аб будаўніцтве Падольскай сярэдняй школы было прынята! Узводзілі яе, лічы, усёй вобласцю і пабудавалі ў рэкордна кароткія тэрміны. Пазней гэтую школу наведвала нават першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова, якая любіла летам адпачываць у сяброў на адным з мясцовых хутароў. На школе была нават мемарыяльная дошка, прысвечаная гэтай падзеі, – ды знікла немаведама куды ў ліхія 90-я…

А няўрымслівыя натуры кі­раў­­­нікоў саўгаса і сельсавета пат­ра­бавалі новых здзяй­снен­няў. Неўзабаве ў Падольцах пабу­давалі сталовую, затым – двухпавярховы гандлёвы цэнтр, Дом культуры. Зрэшты, практычна ўсё, што ёсць сёння ў Падольцах, з'явілася ў час, калі тут працаваў дырэктарам чалавек суровага характару, але незвычайнай гаспадарскай хваткі Леанід Рубан, а дапамагаў яму па меры сваіх сіл і магчымасцей старшыня сельсавета Уладзімір Астапец.

Апроч іншага, у Падольцах за­асфальтавалі вуліцу, вяскоўцам за палову кошту паставілі агароджу. Яна і стала для Астапца чарговым выпрабаваннем: зноў давялося яму з-за чужой правіны развітацца з пасадай.

Пасля таго Уладзімір Якаўлевіч працаваў у школе настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі. Затым партыя накіравала ў саўгас старшынёй прафсаюзнага камітэта… Былі і іншыя работы і пасады, ні за адну з якіх Уладзіміру Якаўлевічу, які рыхтуецца адзначыць 80-годдзе, не сорамна.

Для яго, ураджэнца Крыма, радзімай стала Беларусь, у прыватнасці, Астравеччына. Ёй мужчына аддаў лепшыя гады свайго жыцця, сілы і здароўе. І сёння Уладзімір Якаўлевіч радуецца, калі справы яго жыцця знаходзяць працяг, засмучаецца да слёз, калі руйнуецца тое, што стваралася некалі энтузіязмам тагачасных працаўнікоў. І ме­на­віта Падольцы ён лічыць сваёй малой радзімай, самай дарагой і любімай…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик