Жыццёвыя гісторыі: як Антось са Стасем гарадскімі стаць захацелі

15:23 / 04.08.2020
219

Жывуць са мной па-суседску старажылы нашай вёскі дзед Антось і баба Ганна. Бачу неяк: дзед каля веснічак тэпае. А неўзабаве і прычына высветлілася: машына загула – дачка з унукамі прыехала!

Старэйшы адразу пашыбаваў да сябра. А малодшы разлёгся ў халадку пад яблыняй са смартфонам. Дзед яму то клубніц, толькі што выбраных, паднясе, то на салат са свежай цыбулькай ды радыскай кліча – хлапец у той бок і не глядзіць.

– Знайшлі, – кажа, – чым здзівіць: у ма­газіне ўсё гэта можна купіць нават зімой.

Хвілін праз колькі, пераапрануўшыся ў святочнае, дзед Антось ужо стаяў каля машыны. «Вязі мяне, – загадаў ён дачцэ, – у той магазін!»

…Раніцай Ганна, выправіўшы гасцей, намерылася апалоць памідоры ў парніку і пайшла клікаць Антося, каб паліў іх заадно. Глядзь – а стары сядзіць, разваліўшыся, на лаўцы, убраўшыся ў адзенне большага ўнука: яркія шорты ў вялізныя сланечнікі, майка з чэрапам, белыя шкарпэткі…

– О Божухна! Што гэта з табой?! – ускрыкнула Ганна так, што мой кот спалохана саскочыў з падваконня.

А Антось, не чакаючы, пакуль жонка выпіша «нарад», закінуў нагу за нагу і заявіў:

– Не пайду я паліваць твае памідоры! Я ўчора і агуркоў, і памідораў накупіў, і нават курыцу гатовую – смажыць не трэба. Так што курэй больш трымаць таксама не будзем! Кыш! – адпіхнуў ён нагой квактуху, што падышла падзівіцца на дзедавы шкарпэткі.

– І наогул: пабудую, а лепш – куплю сабе арэлі. Унук казаў, што падорыць мне свой стары смартфон – буду ў інтэрнэце заліпаць!

Ганна моўчкі падняла матычку і пайшла ў агарод…

А пасля абеду вэрхал узняўся ўжо ў другіх суседзяў.

– Што ж гэта робіцца?! – галасіла баба Сабіна. – Твой Антось, пэўна, з глузду з’ехаў! Мой Стась папрасіў яго валасы на галаве крыху зняць, дык ён выстрыг яму пеўневы грэбень – кажа, унук яму такую прычоску ў інтэрнэце паказаў, іракезам завецца, модна так цяпер! У самога лысіна – дык ён з майго пасмешышча зрабіў!

Да вечару ў суседзяў і з аднаго, і з другога боку пацішэла. Сабіна з Ганнай уселіся на адну лавачку, сталі абмяркоўваць свае агароды, мужыкі задымілі цыгаркамі на другой. Я ж па другі бок плоту ў кветніку корпаюся і чую, як Антось напаўголаса суседу расказвае:

– Слухай сюды! Я сёння хадзіў кабылу перавязваць, а з вучэбнага цэнтра якраз жанчыны высыпалі – рабочы дзень, пэўна, скончыўся, да аўтобусаў ішлі. Ото ж, скажу я табе, маладзіцы! – зацокаў дзед языком.

Давай заўтра коней ля самага прыпынку навяжам, каб лепш разгледзець, – прапанаваў сусед.

І тут ціхі летні вечар, хоць на небе не было ні аблачынкі, разрэзалі перуны і бліскавіцы. Аказваецца, не толькі я падслухала размовы старых – і Ганна з Сабінай вушы навастрылі.

…Назаўтра, выязджаючы ў 5 гадзін раніцы на работу, сустрэла дзеда Антося ў запэцканых штанах і выцвілай майцы – ён цягнуў на тачцы збан вады да парніка.

– Чаму ж так раненька? – спытала я, павітаўшыся.

– Дык учора ж не паліваў, – пачухаў патыліцу дзед. – Вельмі ж горача было…

Ззаду абазваўся Стась:

– І я сёння зараней пайду ў лес, грыбоў пашукаю. Бо надта ж у хаце горача…


Марына КАВАЛЕЎСКАЯ, в. Шульнікі.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений