Леанід Лебедзеў успамінае пра гудагайскі вакзал свайго дзяцінства

11:23 / 02.08.2020

Хоць цэнтрам раёна з 1940 года з’яўляўся Астравец, усё ж не паграшу супраць ісціны, калі скажу: усе сцежкі-дарогі вялі і вядуць у Гудагай, на чыгуначны вакзал, дзе заўсёды віравала жыццё. Ёсць у гудагайскага вакзала асаблівы шарм, і кожны, хто пабываў тут аднойчы, імкнуўся вярнуцца сюды зноў і зноў.

IMG_7928.jpg

Тут сустракалі і праводзілі пасажыраў, прымалі і адпраўлялі грузы. Кожную восень на вакзале з’яўлялася мноства маладых хлопцаў у бесказырках і цяльняшках: матросы з Кранштадта прыязджалі ў раён нарыхтоўваць бульбу для Ленінграда – і пры­ўносілі прыкметнае ажыўлен­не ў жыццё станцыі ды ўздымалі настрой мясцовым дзяўчатам. Часта сюды прыбывалі вагон-клуб, вагон-лаўка, вагон з медыцынскімі работнікамі. Кожны дзень з Маладзечна паштова-багажным вагонам дастаўляўся хлеб.

Асабліва заварожваў вакзал летнім ранкам. Я любіў глядзець на яго з узгорку каля Табарышак: назіраць, як клапатлівае сонейка, прачнуўшыся, кідала свае першыя нясмелыя позіркі на чырвоны будынак, які ад гэтага цёплага дотыку, здаецца, вырастаў, прыгажэў. А побач над сажалкай слаўся густы туман і, нібы акіянскі лайнер, павольна рухаўся да Палушаў.

фото3.jpg

Улетку пасажыры звычайна сядзелі ў прывакзальным скверы, напоўненым водарам квітнеючых ліп. А каму дазваляў час і сродкі, не абміналі яшчэ адну адметнасць гудагайскага вакзала – буфет. Там увесь час чуўся перазвон куфляў з півам, лілася жывая гамонка.

Не ведаю, што можа звацца раем?

Хіба мароз і піва ў Гудагаі,

І галасы далёкіх цягнікоў.

– так пісаў пра гудагайскі вакзал Уладзімір Караткевіч, які неаднойчы быў тут са сваім сябрам Адамам Мальдзісам.   

А вечарам зала чакання ператваралася ў танцавальную. Завадатарамі гэтай весялосці былі правадніцы начнога цягніка з Маладзечна. Хлопцы так адбівалі польку, што, напэўна, і ў Астраўцы чувалася.

Будынак вакзала захоўвае памяць пра розныя гістарычныя падзеі, у цэнтры якіх ён аказваўся па волі лёсу. Калі б яго сцены маглі гаварыць, расказалі б многае. У Першую сусветную вайну безліч атручаных пасля газавых атак і параненых адвозіць далей ад фронта не паспявалі – яны асядалі на вакзале, дзе быў адкрыты шпіталь.

У 20-я гады мінулага стагоддзя тут пачалі хадзіць пасажырскія цягнікі, да якіх прычаплялі і таварныя вагоны. Вядома, што састаў з Крулеўшчызны да Вільні ішоў з хуткасцю 50 кіламетраў у гадзіну і прыбываў на станцыю Гудагай у 22 гадзіны 35 хвіліны, прыпыняўся на 1 хвіліну.

А 15 чэрвеня 1940 года ўрадавая дэлегацыя СССР, якую ўзначальваў генерал Дзмітрый Паўлаў, і дэлегацыя Літвы на чале з Вінцасам Віткаўскасам падпісалі пагадненне аб размяшчэнні ў Літве войскаў Чырвонай арміі – так гудагайскі вакзал апынуўся ў эпіцэнтры важных міжнародных падзей.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны на вакзале з’явілася сотні людзей з усходніх раёнаў Беларусі і Украіны, найбольш пацярпелых ад фашысцкай акупацыі. На гэтых бедакоў немагчыма было глядзець без слёз. Мая бабуля Вера Лецкая, якая жыла побач з вакзалам, расказвала:

– Худыя, знясіленыя ад перажытых нягод людзі хадзілі па навакольных вёсках у пошуках працы, абменьвалі тое, што ў іх было, на ежу. Вясну чакалі як паратунку, бо можна было назбіраць шчаўя, а потым і першых паземак на чыгуначным палатне.

А напачатку 50-х сяляне, што прыязджалі на конях сустракаць цягнік з Вільні, на пероне, збіўшыся ў кучкі, абмяркоўвалі сваё незайздроснае жыццё, невыносныя падаткі і калектывізацыю.

– Як гэта я аддам некаму сваю кароўку і каня? – чулася то тут, то там.

І, хоць рэпрэсіі ўжо пайшлі на спад, страх страціць усё, што было нажыта за гады цяжкай працы, а з другога боку – небяспека апынуцца там, «куды макар цялят не ганяў», даводзілі людзей да здранцвення. Ні ў каго не было ўпэўненасці, што бяда абміне яго сям’ю: гудагайскі вакзал бачыў і калючы дрот, і канвой, і этапы. У сталінскай сістэме страху, падазронасці, даносаў абараніць чалавека было справай амаль што немагчымай. Можна толькі здагадацца, колькі духоўных сіл і мужнасці каштавала старшыні мясцовага сельскага Савета Івану Лянкевічу і сакратару Марыі Дубаневіч ратаваць аднавяскоўцаў ад, здавалася б, немінучай бяды.

Иван Ленкевич з жонкай.jpg

Справа МАрия Дубаневич.jpg

На жаль, трагедыі адбываліся і па віне людзей, калі яны забываліся пра пільнасць і асцярожнасць на чыгунцы. У адзін з зімовых вечароў, калі стаяў моцны мароз, ды яшчэ і мяцеліца мяла, сям’я сарціроўшчыка лёну Мікалая Рагуліна з Вавяран, вярнуўшыся з Вільні, загінула пад коламі манеўровага паравоза – тое, што засталося ад родных, ён знайшоў у гурбе снегу толькі назаўтра раніцай…

Хоць здараліся на чыгунцы трагічныя выпадкі, яны былі адзін­кавымі. Успаміны аб маім гудагайскім дзяцінстве пераважна прасветла-чыстыя. Перш за ўсё гэта людзі з нялёгкім лёсам, з мазалямі на руках, працавітыя, шчырыя і добрыя:

браты Шлыковічы, муж і жонка Фяцісавы, Семянчук, Раманчук, Курановіч, Замара, Свірскі, Шляхтовіч, Аўрайцэвіч, Куракевіч. Яны працавалі дзяжурнымі па станцыі, стрэ­лачнікамі, рамонтнікамі, пуцявымі абходчыкамі, а ў вольны час былі адмысловымі садаводамі, заўзятымі паляўнічымі і пчалярамі. А вось зладзеяў, п’яніц, прайдзісветаў сярод іх не было!

Найбольш запомніўся стрэлачнік Пётр Рамацкі, які вельмі любіў дзяцей, – мы часта прыбягалі да яго на працу. Дзядзька Пеця вучыў нас запальваць на семафоры лямпу, пераводзіць стрэлкі, сігналіць сцяжком машыністу. Не абыходзілася і без свавольства: неяк на роварах гналі да самай Груздоўшчыны навыперадкі з таварняком – аж вецер у вушах свістаў!

Чыгунка была для нас цэлым сусветам, яна выхоўвала і натхняла. Калі даведаліся пра подзвіг машыніста цягніка «Чайка» Уладзіміра Яцкевіча, які ў 1967 годзе на станцыі Залессе вы­ратаваў жыцці соцень паса­жы­раў, папярэдзіўшы сутыкненне поезда Мінск-Талін з грузавым цягніком, то пісалі ў школьных сачыненнях: «Радзіма, павер: у час выпрабаванняў мы абавязкова абаронім цябе» – і гэта былі не пафасныя словы, а глыбокае ўнутранае перакананне.

На ўсё жыццё гудкі паравозаў і перастук колаў цягнікоў засталіся для мяне самай узнёслай мелодыяй душы.

Як і ўспаміны пра гудагайскі вакзал: дасканалы архітэктурны ансамбль з еўрапейскім каларытам, арыгінальным непаўторным будынкам з чырвонай цэглы ў цэнтры. Яго ўзводзілі сапраўдныя майстры, якія ведалі многія сак­рэты, таму і атрымаўся ён такім непаўторна-ўзнёслым, вытанчаным, ні на што не падобным.

Гудагайскі вакзал… Усё, як і раней: неба, сонца, зоры… І хата родная непадалёк. Толькі сам ён, стаўшы пасля рамонту больш прыгожым і сучасным, для мяне – незнаёмы і чужы…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Главный администратор