Врачи Ивашко переболели коронавирусом – и советуют беречь себя и близких

10:33 / 28.07.2020
970

Пандэмія каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі і ў свеце, даецца, ідзе на спад. Усё больш аптымістычна выглядаюць статыстычныя дадзеныя, адкрываюцца граніцы і курортныя зоны… І людзі прыкметна расслабіліся: усё радзей нават у шматлюдных месцах можна ўбачыць чалавека ў масцы і пальчатках, усё больш масавымі становяцца асабістыя і афіцыйныя мерапрыемствы – і амаль ніхто падчас іх не ўспамінае пра сацыяльнае дыстанцыраванне і іншыя меры перасцярогі.

Між тым, медыкі папярэджваюць аб магчымасці другой хвалі інфекцыі і просяць не забывацца пра гігіену – асабістую і калектыўную.

У сітуацыі, калі ўсе яшчэ крыху баяцца, але кожнаму ўжо надакучыла насіць маску, пальчаткі, трымацца падалей ад людзей, асаблівае значэнне маюць гісторыі людзей, якія перахварэлі «каронай». Іх досвед і парады больш дзейсныя, чым сто тысяч афіцыйных рэкамендацый. Асабліва калі гэтыя людзі – медыкі, якія ведаюць і разумеюць у інфекцыях куды больш, чым мы, простыя смяротныя.

Таму мы звярнуліся да ўрачоў нашай раённай бальніцы мужа і жонкі Сяргея і Наталлі Івашкаў, якія перахварэлі каронавіруснай інфекцыяй COVID-19, з просьбай расказаць пра тое, што з імі адбывалася, і падзяліцца сваімі думкамі і парадамі. 

1.jpg

– Было крыўдна і сорамна: мы, урачы, якія павінны лячыць людзей, самі захварэлі, і нашы калегі вымушаны траціць сілы і час на тое, каб дапамагчы нам паправіцца! – прызнаецца Наталля Іванаўна. – Я нават у нашай групе ў Вайберы прасіла прабачэння ў калег – і, разам з тым, дзякавала за клопат, увагу і прафесіяналізм. Ведаеце, нават карысна апынуцца «па той бок прылаўка», у нашым выпадку – на бальнічным ложку, каб ацаніць работу медыкаў з кропкі гледжання хворага. Я і раней, калі чула незадаволенасць, якая часам гучала ў адрас урачоў, абуралася, бо ведаю, што кожны з маіх калег хоча, каб усё было добра, каб кожны хворы выздаравеў. А што не заўсёды так атрымліваецца, то трэба ж разумець, што і ўрачы – не богі. І паверце: кожны з нас вельмі балюча перажывае любую, нават дробную няўдачу, – хоць у нашай рабоце дробных, напэўна, не бывае. А цяпер, калі сама пабыла пацыенткай нашай бальніцы, зразумела, з якім напружаннем, асабліва ў сённяшніх умовах, працуюць медыкі. Мы ўвесь час былі пад пільным і ўважлівым доглядам – і ў чарговы раз усім, хто дапамог нам паправіцца, хачу выказаць нашу бязмежную ўдзячнасць! Да слова, такія адносіны былі не толькі да нас – да ўсіх хворых.

…Івашкі і самі не разумеюць, дзе і калі «падчапілі» інфекцыю.

– Адно радуе, што ніхто з нашых калег не захварэў ні да нас, ні пасля, – гаворыць Наталля Іванаўна. – Не хацелася б стаць крыніцай інфекцыі для некага з блізкіх…

Напачатку ў Сяргея Станіслававіча паднялася тэмпература – невысокая, 37,4. На другі дзень яна была ўжо больш за 38 гра­дусаў. Стала балець горла.

– Гэта не выклікала асаблівай трывогі: муж не раз хварэў ангінай, – расказвае Наталля Іванаўна. – Спісалі на халодны сок, які ён выпіў у спёку.

– Адзінае, што адрознівала ад ранейшых захворванняў – не так, як звычайна, балела галава, – дадае Сяргей Станіслававіч. – І была незразумелая, нематываваная слабасць. Але гэта ўспомнілася ўжо потым, калі, даведаўшыся дыягназ, аналізаваў сімптомы. А спачатку лячыў ангіну. Калі стала лягчэй, пайшоў закрываць бальнічны ліст. Але трэба было зрабіць флюараграму – там і западозрылі двухбаковую пнеўманію з характэрнымі прыкметамі: ковід…

– У мяне напярэдадні вечарам паднялася тэмпература да 37,4, стала балець галава, – расказвае Наталля Іванаўна. – Калі даведалася, што ў мужа пнеўманія, пайшла на КТ.

З камп’ютарнага даследавання іх адразу адправілі ў бальніцу: у Сяргея Станіслававіча дыягнаставалі двухбаковую «ковідную» пнеўманію, у Наталлі Іванаўны – пачатковыя яе праяўленні.

Адчувалі сябе Івашкі нядрэн­на і нават прасіліся на самаізаляцыю, хацелі лячыцца дома: усё ж у кватэры заставаліся дзеці, 17-гадовая Алёна і 12-гадовы Саша. Але гэтага ім не дазволілі. Адзінай прывілеяй для сямейнай пары стала тое, што іх палажылі ў адну палату.

– Можна сказаць, мядовы месяц з нагоды нашага леташняга сярэбранага вяселля ці то хвароба, ці то калегі нам зрабілі, – смяецца Наталля Іванаўна, якая нават у гэтай сітуацыі імкнецца знайсці пазітыў. – Мы ж пажаніліся яшчэ студэнтамі, пра такі сумесны адпачынак і марыць не маглі. Так што, трапіўшы разам у бальніцу, першыя дні цешыліся стасункамі: чыталі, кінафільмы глядзелі, размаўлялі – у мітусні будняў, працоўных і хатніх клопатаў на гэта не хапае часу. Адзінае, што на першым часе напружвала, – трэба было як мага больш ляжаць на жываце – пасля прывыклі і да гэтага…

А потым, прызнаецца Наталля Іванаўна, воўкам выць хацелася... Турбаваліся за дзяцей. Алёна клопаты па дому ўзяла на сябе, забяспечвалі іх усім неабходным суседзі і сябры – за падтрымку словам і справай Івашкі ім бязмежна ўдзячны. Дарэчы, аналізы паказалі, што дзеці таксама перахварэлі каронавіруснай інфекцыяй, толькі лягчэй, як звычайнай віруснай інфекцыяй

– Не паспелі трапіць у бальніцу, як бацькі Сяргея з Кямелішак ужо тэлефанавалі ў слязах… І за гэта няёмка перад блізкімі: столькі клопатаў усім нарабілі сваёй хваробай! – дзеліцца Наталля Іванаўна.

– Астраўчанам, можна сказаць, моцна пашанцавала, што да пачатку пандэміі паспелі здаць у эксплуатацыю новую бальніцу, – упэўнены Сяргей Станіслававіч. – Хоць інфекцыйнае аддзяленне адкрылі ўжо ў яе разгар, але існуючыя плошчы дазволілі разгарнуць лячэнне ковідных пацыентаў на базе іншых аддзяленняў, а ў паліклініцы разме­жаваць прыём хворых і здаровых наведвальнікаў. Камп’ютарная дыягностыка, пра якую раней мы і марыць не маглі, у выпадку неабходнасці адпраўлялі хворых у Мінск ці ў Гродна, цяпер дазваляе амаль беспамылкова выявіць каронавірусную інфекцыю і своечасова пачаць лячэнне – нездарма ж да нас едуць і з іншых раёнаў. Ды і ўмовы для лячэння хворых, можна сказаць, ідэальныя: у кожнай палаце ёсць кропкі падачы кіслароду, дастатковая колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх – на шчасце, яны нам не спатрэбіліся, але разуменне, што ў выпадку неабходнасці ёсць усе магчымасці аказаць дапамогу, супакойвала. Толькі працуюць нашы калегі, што лечаць ковідных пацыентаў, у вельмі складаных умовах, ім можна шчыра паспачуваць. Уявіце сабе: усю працоўную змену знаходзіцца ў паветранепранікальным камбінезоне, масцы, акулярах, шчытку, гумовых ботах – і гэта ў спёку, што стаяла ў чэрвені. А ім жа ў гэтым абмундзіраванні не проста знаходзіцца – працаваць трэба, і вельмі напружана…

– Таму гэты рух «Дзякуй, доктар!» павінен стаць пастаянным і штодзённым, – упэўнена Наталля Іванаўна. – Магчыма, цяпер наша грамадства ўбачыць і ацэніць складаную і высакародную працу медыцынскіх работнікаў – і маральна, і матэрыяльна. Паверце: яны таго заслугоўваюць!

Дарэчы, пасля выздараўлення Івашкі, як і іншыя медработнікі, якія перахварэлі каронавіруснай інфекцыяй, атрымалі ад прафсаюза матэрыяльную дапамогу – і за гэта таксама ўдзячны арганізацыі.

Далечваліся яны ўжо дома, ва ўмовах самаізаляцыі. А як толькі выйшлі на работу, Наталля Іванаўна, зрабіўшы адпаведныя аналізы на наяўнасць імунітэту, здавала плазму: магчыма, гэта дапаможа выратаваць жыццё некаму з хворых.

Цяпер сямейны тандэм дактароў зноў у страі. Але меры перасцярогі, якія і да таго былі нормай іх жыцця, сталі яшчэ больш строгімі і абавязковымі: на працоўнае месца яны, як і ўсе іншыя супрацоўнікі, не могуць трапіць, не прайшоўшы тэрмаметрыю – гэта іх своеасаблівы пропуск на работу. У кожнага – сродкі індывідуальнай аховы: маска, шапка, халат, пальчаткі, шчыток. Прывычка мыць рукі і апрацоўваць іх дэзсродкамі стала другой натурай.

І да парад тых, хто на сабе праверыў, што такое COVID-19, як мінімум варта прыслухацца…

– Магчыма, захоўванне мер перасцярогі некаму падасца празмерным і неабавязковым: маўляў, навошта, калі мы ўжо перамаглі каронавірус? Але расслабляцца не варта: людзі ўсё яшчэ хварэюць, часта бессімптомна ці ў лёгкай форме, і могуць заразіць іншых. Няўжо так цяжка перад паходам у магазін ці іншае месца, дзе шмат людзей, надзець маску і пальчаткі; вярнуўшыся,вымыць рукі з мылам і апрацаваць антысэптыкам? А гэтая простая мера можа абараніць вас і тых, хто побач, ад небяспечнай і малавывучанай інфекцыі.
Хоць мы перахварэлі ў даволі лёгкай форме, трапляць зноў на бальнічны ложак няма ніякага жадання. Да таго ж ніхто пакуль не ведае наступстваў гэтай хваробы. Так што беражыце сябе і сваіх блізкіх і не хварэйце, – у адзін голас раяць астраўчанам урачы Івашкі.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений