Крыніца Святога Якуба ў Тракелях: ад росквіту – да забыцця і ўваскрэсення

10:47 / 24.07.2020
Вада з часоў язычніцтва лічылася кры­ніцай жыцця і сілы. У хрысціян­стве ж яна набыла асаблівае значэнне. Хрыстос назваў Самога Сябе «крыні­цай жывой вады», якая натхняе шукаць Божай моцы там, дзе мы адчуваем асаблівую прысутнасць і заступніцтва Яго Самога, Маці Божай ці святых пакутнікаў. Адным з такіх значных духоўных месцаў у нашым раёне з’яўляецца крыніца з гаючай вадой у вёсцы Тракелі – адзіная на тэрыторыі Беларусі, асвечаная ў гонар апостала Якуба.

1.jpg


І сто, і дзвесце гадоў таму вернікі кожны год збіраліся 25 ліпеня ў Тракелях каля кры­ніцы на фэст. Праз малітвы і вы­ка­рыстанне цудадзейнай вады многія вылечваліся ад хвароб. Нашы продкі выкарыстоўвалі ваду з гэтай крынічкі для пры­га­та­вання ежы, мылі сябе і дзяцей. Заўважалі, што ад вады з кры­ніцы Святога Якуба на целе знікалі высыпкі і прэласці, скура станавілася прыгожай і гладкай. Вада з гэтай цудадзейнай крыніцы да­памагае пры хваробах скуры, вачэй, аблягчае стан анкалагічна хворых, пры іншых хваробах.

У 1820 годзе пад кіраўніцтвам ксяндза Юстына-Корвіна Сако­віча, які, да слова, пахаваны каля сцен дайлідскага касцёла, распачата, а ў 1822-м закончана будаўніцтва цэментнай студні і драўлянай капліцы на крыніцы Святога Якуба. У ёй было 4 акны – па 2 з бакавых старон. Накрылі гонтай. З двух бакоў выкапалі 2 равы, якія абсадзілі нізкімі кусцікамі. Унутры капліцы зрабілі драўляны алтар з абразам святога Якуба. Перад ім з правага боку знаходзілася студня з цудадзейнай вадой. 

2.jpg



Штогадовы фэст у Тракелях ля крыніцы Святога Якуба ад­бы­ваўся да 1939 года. З пры­хо­дам савецкай улады яго заба­ранілі. А ў  1949 годзе закрылі  і касцёл у Дайлідках.

Калі ў вёсцы арганізавалі калгас, каля крыніцы ўстанавілі вя­лікае карыта, адкуль паілі коней. А ў 1968 годзе капліцу ў Тракелях ра­забралі.

У 1982-м каля Тракеляў пачалі будаваць вадасховішча. Крыніцу завалілі бураломам і друзам, верхні круг студні разламалі. Але жыхары вёскі Ядвіга і Франц Ма­тыя­шкойці з сынамі Юзафам і Уладзімірам знайшлі і адкапалі крыніцу.

У 1989 годзе вернікам вярнулі дайлідскі касцёл. У 2010 годзе на свята Божага Цела працэсія вернікаў на чале з ксяндзом Алегам Шпенем прайшла ад храма да Тракеляў. 

Пасля гэтага да святара прый­шоў былы старшыня дай­лід­скага касцёльнага камі­тэта Міхаіл Матыяшкойць і расказаў пра  цудадзейную крыніцу  Святога Якуба.  Ксёндз звярнуўся за парадай да Аляксандра Каш­кевіча: як можна аднавіць свя­ты­ню? Біскуп параіў шукаць да­кументы, якія б пацвердзілі іс­на­­ванне крыніцы Святога Якуба ў вёсцы Тракелі, у віленскіх архі­вах.

Знайсці іх дапамагла Ядвіга Сабюн, ураджэнка Тракель, якая жыве ў Вільнюсе.  Дарэчы, пазней жанчына расказала пра цікавы выпадак. Аднойчы, прыехаўшы цягніком з Вільні на станцыю Ашмяны, яна ішла ў родную вёску. На павароце на Тракелі  ўбачыла бедна апранутага старога, што сядзеў на дарозе. «Чаму вы тут сядзіце?» – здзівілася Ядвіга. «Мне вельмі цяжка, але я ведаю, што ты мне дапаможаш!» – адказаў стары – і ўзняўся ў неба.  Што гэта азначае, жанчына зразумела толькі тады, калі ў 2012 годзе прывезла на радзіму копіі дакументаў пра крыніцу Святога Якуба. З імі ксёндз-пробашч Алег Шпень і старшыня касцёльнага камітэта Казімір Варановіч звярнуліся да біскупа Аляксандра Кашкевіча і ў Астравецкі райвыканкам і  атрымалі дазвол на правядзенне богаслужэнняў у Тракелях.

Тым часам мясцовыя жыхары ўзяліся за аднаўленне кры­­ніцы. Міхаіл Матыяшкойць сабраў вернікаў, яны павысякалі  кусты і дрэвы, устанавілі новы цэментны круг, ахвяраваны Філамэнай Карвэцкай. Яшчэ адзін круг для студні ахвяравала Алёна Шубінская. Драў­ляны крыж зрабіў і ўста­навіў Станіслаў Баніцэвіч. 

1.jpg



25 ліпеня 2012 года пры кры­ніцы Святога Якуба пасля больш як 70-гадовага перапынку адбылася імша, якую цэле­б­равалі ксёндз-про­башч Дай­лідскай па­ра­фіі Алег Шпень і ксёндз-про­башч Міхалішкаў­скай пара­фіі Анатоль Заха­рэў­скі. З гэтага часу тут зноў сталі адбывацца фэсты, на якія з кожным годам збіралася ўсё больш святароў і вернікаў. 

У 2014 годзе крыніцу наведаў біскуп Юзаф Станеўскі з Гродна, у 2017-м святую імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч з Віцебскай дыяцэзіі, а ў 2018-м – біскуп Юрый Касабуцкі з Мінска.

Сёлета пад кіраўніцтвам Алега Шпеня на крыніцы Святога Якуба ўзведзена новая капліца. Акрамя смаргонскіх будаўнікоў, вялікі ўклад у агульную справу ўнеслі мясцовыя майстры пад кіраўніцтвам Вячаслава Ба­бекі са станцыі Ашмяны. Яму дапа­магалі Андрэй Шаблінскі, Андрэй Тытуш, Міхаіл Янч, Генадзь Янч, Уладзімір Рыбак, Раман Лапата, Іван Аўгуль і іншыя ахвярадаўцы і дабрадзеі. Мастачка Вікторыя Варановіч зрабіла праект аздаблення капліцы металічнымі ўзорамі – гэтую работу па-майстэрску выка­наў Віталь Філіпчык. Грошы на новы металічны крыж ахвя­равалі расія­не – будаўнікі атамнай электра­станцыі. Шмат дапамаглі намеснік старшыні КСУП «Гервяты» Ста­ніслаў Івашка і яго жонка Марына, галоўны эканаміст гаспадаркі; Віктар Гродзь, Станіслаў Барта­шэвіч, многія сем’і са станцыі Аш­мяны, Дай­лідак, Тракель, у пры­ватнасці, Раціна, Бабек, Шу­бін­скіх, Максімавых, Сінке­вічаў, Трахневічаў  і многія іншыя. Значную дапамогу і падтрымку ў гэтай важнай справе аказалі старшыня Гервяцкага сельвыканкама Люцыя Лях, дэпутат парламента Віктар Свіла, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч 30 чэрвеня гэтага года выдаў дакумент, які   зацвярджае значнасць крыніцы Святога Якуба ў вёсцы Тракелі Астравецкага раёна як адзінай падобнай у Беларусі, рэлігійна-культурнага і паломніцкага месца, ад якога будуць пачынацца пілігрымкі з Беларусі праз краіны Еўропы да рэліквій святога Якуба ў Іспанію.


Сёлета ў Дайлідскай парафіі адзначаецца 200-годзе пачатку будаўніцтва першай капліцы на крыніцы Святога  Якуба. Упершыню ў гісторыі парафіі ў нова­пабудаванай капліцы адбудзецца першая камунія.  Запрашаем усіх на свята! Пачатак а 12 гадзіне.



Казімір ВАРАНОВІЧ,
старшыня 
касцёльнага камітэта Дайлідскай парафіі

(Малюнкі першай капліцы на крыніцы Святога Якуба па расповедах старажылаў зрабіла Вікторыя ВАРАНОВІЧ)


Текст: Главный администратор