Роздум з нагоды. Гараджане едуць у вёску – за чым?

10:32 / 20.07.2020
«Я хачу, каб кожны беларус меў кавалачак зямлі», – сказаў на сустрэчы з актывам Мінскай вобласці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 

Словы гэтыя, мне здаецца, адгукнуліся хваляй надзеі, настальгіі, радасці ў сэрцах большасці нашых суайчыннікаў. Бо, як пісаў Якуб Колас, «зямля не зменіць і не здрадзіць, зямля паможа і дарадзіць, зямля дасць волі, дасць і сілы, зямля паслужыць да магілы, зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля – аснова ўсёй Айчыне».

Так, кавалачак зямлі, на якім стаіць уласны дыхтоўны катэдж ці дзедава старэнькая хаціна, невялікі дачны домік ці ўвогуле пакуль нічога не стаіць, – гэта даўно ўжо не крыніца сродкаў для існавання і не запарука бязбеднага і сытага жыцця. Таму многія гарадскія жыхары і адмовіліся ў свой час ад вясковай спадчыны, разам з тым абрубіўшы сялянскія карані. Іх можна зразумець: якая патрэба ў зямлі, калі сёння можна купіць усё, што заўгодна, былі б грошы – а зарабіць іх, як гэта ні парадаксальна,  заўсёды прасцей на асфальце. 



Але вось надарылася пандэмія з яе каранцінамі, сама­ізаляцыямі і іншымі абмежаваннямі – і стала зразумела, што пераносіць гэтыя выпрабаванні шмат лягчэй, маючы хоць маленькі лапік зямлі перад ганкам, чым седзячы ў чатырох сценах. І няважна, што ты робіш на гэтым лапіку: аполваеш градку, косіш траву ці проста сядзіш, падкурчыўшы ногі, з кніжкай у руках, – галоўнае, што дыхаеш свежым паветрам і ўсёй істотай сваёй адчуваеш еднасць з прыродай, часцінкай якой з’яўляешся.

Чую «смяшкі ў зале»: з узростам усіх да зямлі цягне… І нават не крыўдую, бо гэта і сапраўды так: маладым больш цікавыя шумныя вясёлыя гарадскія тусоўкі, для іх адпачынак – клубы, бары, вечарынкі. Але, па-першае, маладосць, калі хто яшчэ не зразумеў гэтага, хутка заканчваецца. А, па-другое, моладзь – зрэшты, як і людзі ва ўзросце, – неаднолькавая. Вельмі часта, выбіраючы будаваць кватэру ці ўласную сядзібу, маладыя сем’і аддаюць перавагу апошняму варыянту. 

І ўсё часцей, бываючы ў вёсках, якія лічацца паміраючымі, можна пабачыць дыхтоўны дом пад новенькай металачарапіцай і з талеркай спутнікавага тэлебачання – яўна не пенсіянерскае жытло. А часам экскурсавод з мясцовых і на звычайную вясковую хатку з буйствам кветак у гародчыку пакажа: «І тут дачнікі жывуць, на лета прыязджаюць…»



Нядаўна разгаварылася са знаёмым астраўчанінам. 

– Не магу дачакацца адпачынку, каб у вёску рвануць! – падзяліўся ён планамі на лета. – Жонка і дзеці даўно ўжо там. Да верасня ў Астравец вяртацца не збіраемся. Зрэшты, падумаем, мо, і на зіму застанемся. А што за бяда – 20 хвілін на машыне да Астраўца? Я столькі ж часу іду ад кватэры да месца работы. А выгоды – гарачую ваду, цёплы туалет, пральную машыну і іншае – цяпер і ў вёсцы забяспечыць можна, была б электрычнасць. Інтэрнэт ёсць, а з ім – і сувязь са светам: навіны, стасункі з роднымі і сябрамі, музыка, кнігі, кіно. Калі спецыфіка работы дазваляе, то можна нават працоўныя абавязкі выконваць у  крэсле пад яблынькай… А што ў тым Астраўцы рабіць?

Дзіўна: раней гэтыя словы – «Што там рабіць?» – звычайна тычыліся сельскай глухамані…

– Ды і мы раней у вёску не надта рваліся, – расказаў мой выпадковы суразмоўца. – Стаяў там дзедаў дом, спадчыну аформілі, пакупнікоў на яго не знаходзілася, вырашылі: хай будзе. Раз ці два ў год заязджалі праветрыць-перасушыць. А потым неяк выбраліся туды на выхадныя, затым – на тыдзень, на два. І зразумелі, як гэта цудоўна, калі ніхто ў цябе над галавой не тэпае, не стукае, што не трэба падымацца па лесвіцы, баючыся «размініраваць» сляды жыццядзейнасці суседскага ката… Цішыня, спакой, прыгажосць! Жонка кветнік разбіла, грады пасадзіла. Работы ў вёсцы заўсёды хапае, цэлы дзень пры справе, але клопаты тыя – у радасць. Там і дыхаецца, і думаецца, і жывецца па-іншаму: лягчэй, прасцей, шчаслівей.

– Самае нечаканае, што і дзецям у вёсцы падабаецца! – працягваў здзіўляць мяне мужчына. – Сын дык увогуле б адтуль не выязджаў! Цэлы год збіраў грошы, каб купіць газонакасілку. Цяпер трава адрастаць не паспявае: ледзь адскочыць на пару сантыметраў – выходзіць «на пакос».

Тое, што гараджане розных узростаў пацягнуліся да зямлі, вельмі радуе – думаю, не толькі мяне. Бо дае надзею, што чуткі аб непазбежнай хуткай смерці нашых вёсак моцна перабольшаны, што яны будуць жыць – а значыць, не знікне і той вялізны пласт гісторыі, культуры, нацыянальнай самасвядомасці, які яшчэ цепліцца ў гэтых драўляных хатках, прарастае бярозкамі ды дубамі, свеціцца ў мудрых вачах апошніх яе захавальнікаў… 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик