У мястэчку Гудагай адбылася адпустовая ўрачыстасць (абноўлена)

13:43 / 21.07.2020
1351

У мястэчку Гудагай, якое вядома ў Беларусі і далёка за яе межамі , дзякуючы цудадзейнаму абразу Маці Божай, у мінулыя выхадныя адбылася традыцыйная штогадовая шкаплерная ўрачыстасць. Дэвізам фэсту сталі словы біскупскага і папскага служэння вялікага шанавальніка Марыі, святога Яна Паўла ІІ: «Увесь твой!»

Хоць з-за эпідэмічнай сітуацыі свята было не такім шматлюдным, як у мінулыя гады, але невымоўная, адчувальная ўсімі клетачкамі скуры і фібрамі душы энергетыка ўсеабдымнай любові, сусветнай гармоніі і спакою па-ранейшаму панавала тут, у гудагайскім марыйным санктуарыі…

 

04.jpg

Парафія Адзведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі адзіная на Астравеччыне, якой апякуюцца манахі. Да паўстання Тадэвуша Касцюшкі, лічы, пры кожным касцёле існавалі кляштары, якія потым былі зачынены. Іх чакаў незайздросны лёс: толькі кармеліты босыя пасля працяглага перапынку аднавілі сваё служэнне ў Гудагаі.

Айцы вярнуліся ў мястэчка ў 1990 годзе. Да айцоў Бярнарда Радзіка і Браніслава Таркі звярнулася двое парафіян: аказваецца, у алтары знаходзіцца копія абраза, а арыгінал схаваны паміж падвойнымі сценамі табернакулюма – былы пробашч пайшоў на такую хітрасць, каб Маці Божая Гудагайская ніколі не пакідала святыню. Кармеліты адарвалі дошкі – і не паверылі вачам… Так Маці Божая Гудагайская вярнулася на галоўны алтар.

…Трыццаць гадоў кармеліты босыя апякуюцца мясцовымі святыняй і вернікамі. Праз іх шчырае і самаадданае служэнне Богу і людзям цудадзейную выяву Маці Божай ўпрыгожылі Папскія кароны, а касцёл стаў санктуарыем, які штогод збірае безліч вернікаў на шкаплерную ўрачыстасць. На фэсце асабліва маліліся за прадстаўнікоў гэтай манаскай супольнасці – айцоў Бернарда Радзіка з Нарачы і Паўла Леліта з Мядзела, якія сёлета адзначаюць 30-годдзе святарства.

У гэты дзень віншаванне з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў прымала сястра Тэрэзіна. Па старажытнай традыцыі на галаву юбіляркі быў ускладзены вянок. Вочы манахіні свяціліся чыстай радасцю гэтак жа, як і дваццаць пяць гадоў назад, калі яна толькі рабіла першыя крокі па дарозе служэнню Богу.

Бадай што самым кульмінацыйным момантам першага дня ўрачыстасці стаў Крыжовы шлях па самай працяглай у Беларусі Кальварыі. Гудагайскі шлях – унікальны: шаснаццаць стацый (на дзве больш, чым звычайна. – Заўв.аўт.) – раскіданы сярод жытнёвых палёў і лясоў на чатыры кіламетры.

03.jpg

Дарогай Хрыста ішлі сямейныя пары, дзеці з бацькамі, моладзь і людзі сталага ўзросту. Пераадольваючы ўзвышанасці, «выраслыя» па шляху валуны, несучы па чарзе крыж, людзі пакідалі на Кальварыі ўласныя грахі і крыўды. Наводдаль ад жывой людской ручаіны ішлі святары, якія дапамагалі кожнаму, каму гэта было патрэбна, вызваліцца з абымкаў граху праз споведзь.

02.jpg

07.jpg

08.jpg

06.jpg

Прыцемкі… Удзельнікі працэсіі ўкленчылі ля апошняй стацыі Крыжовага шляху на мясцовых могілках. «Дзякуй, усемагутны Божа. Што даў нам сілы прайсці гэтую дарогу разам з Тваім Сынам!»

Адзін з самых кранальных і прыгожых момантаў фэсту – урачыстая працэсія святла, калі агеньчыкі запаленых свечак асвятляюць дарогу перад цудадзейнай Маці Божай. Святую імшу адправіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас казання іерарх засяродзіў увагу на веры.

01.jpg

– Мы чарговы раз сустракаемся з вамі ў незвычайны, нялёгкі, выключны час з розных пунктаў гледжання. Гэтае месца, на якім збіраемся, і тая сітуацыя, якую перажываем, – усё гэта схіляе нас да пэўнай рэфлексіі, разважання над тым, чым ёсць нашая вера, якая яна ёсць, – падкрэсліў біскуп і параўнаў святло запаленых свечак, якія рассейвалі вечаровую цемру, з верай – толькі яна можа напоўніць жыццё паўнатой радасці.

У нядзелю падчас галоўнай імшы вернікі маліліся разам з найстарэйшым біскупам Беларусі – Казімірам Велікасельцам. Іерарху дапамагалі біскупы Юрый Касабуцкі і Алег Буткевіч і іншыя святары.

09.jpg

10.jpg

11.jpg

12.jpg

У казанні Казімір Велікаселец цытаваў вядомых людзей і прыводзіў прыклады з іх жыцця, а таксама расказаў пра ўласную дарогу да Бога. Родная парафія іерарха была зачынена, бліжэйшы касцёл знаходзіўся ў 60 кіламетрах. Нягледзячы на няпросты час, пераследы, дзякуючы падтрымцы сям’і парасткі веры, якія прабіваліся ў душы маленькага Казіміра, закаласіліся на святарскай ніве. Біскуп Казімір заклікаў бацькоў займацца духоўным выхаваннем дзяцей і праз уласны прыклад паказваць ім, што такое вера і любоў.

13.jpg

Пасля імшы многія вернікі прынялі кармеліцкі шкаплер, які, па прызнанні біскупа Алега, бліжэй да цела, чым свая кашуля.

…Маці Божая Гудагайская, мы ўсе твае! Дзякуй за кожнае шчаслівае імгненне, за цуды, якія ты несупынна дорыш нам, сваім дзецям, – і да сустрэчы ў наступным годзе!

05.jpg


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений