Областной этап конкурса «Властелин села»: кто представит Островецкий район?

14:56 / 07.07.2020
726
Сёлета сямейны сельскагаспадарчы праект «Валадар сяла» кардынальна трансфармаваўся  па фармаце правядзення. Па-першае, былі заменены даволі архаічныя выпрабаванні кшталту распілаваць «двухручкай» бервяно альбо запрэгчы каня – яго, між іншым, цяпер далёка не ў кожнай вёсцы зной­дзеш. А па-другое, конкурс пашырыў межы: удзельнічаць у ім маглі не толькі вясковыя жыхары, але і гараджане. 

12.jpg



– У гэтым годзе COVID-19, можна сказаць, скіраваў праект у віртуальную плынь. Конкурс праходзіў завочна і ўтрымліваў усяго два этапы: зрабіць відэаролік ці прэзентацыю пра сям’ю, яе традыцыі, дом альбо падворак, кулінарныя і творчыя здольнасці сямейнікаў, і напісаць эсэ, у якім канкурсантам трэба было пераканаць журы, што іх сям’я – самая лепшая, – тлумачыць першы сакратар Астравецкага РК БРСМ Віялета Алексеявец. – Галоўнае, на чым засяроджвалася ўвага, – паказаць каштоўнасць сям’і, згуртаванасць яе членаў.

Словам, сем’ям замест традыцыйнага сельгасінвентара прыйшлося ўзброіцца камерай і камп’ютарам, а замест таго, каб напружваць мышцы ў сілавым конкурсе, – размінаць пальцы, працуючы з камп’ютарнай мышкай і на клавіятуры.

Жадаючых аказалася няшмат – 3 каманды. За перамогу і права прадставіць Астравеччыну на абласным этапе  спрачаліся Іван, Дзіяна, Алег, Кірыл і Паліна Жытковічы, Арцём, Кацярына і Ягор Соцы з Астраўца і Аляксандр, Жанна, Дар’я і Кірыл Эксцяровічы з Маляў.

Сямя Жытковіч.jpg

Сям'я Жытковіч


Сямя Соц.jpg

Сям'я Соц


Эксцяровічы.jpg

Сям'я Эксцяровіч


СЛОВА ЎДЗЕЛЬНІКАМ

Дзіяна Жытковіч:

– Гарадскія мы напалову: і я, і  муж  выраслі ў вёсцы, ды і цяпер там шмат часу праводзім. 

Раней да конкурсаў рабілі падобныя візітоўкі. Напрацоў­кі былі, вопыт – таксама, то чаму б і не паўдзельнічаць. Спярша накідалі ідэі, як лепш зрабіць, а потым ужо іх адшліфоўвалі. Тэхнічная работа ляжала на мне. Мы зрабілі відэааповесць пра нашу сям’ю, у якой расказалі пра складнікі сямейнага шчасця. Адзінае, што засмуціла, – удзельнічаючы завочна, не адчувалі атмасферы перажыванняў, нейкай эйфарыі, сапраўднага духу спаборніцтва. Але з-за каронавіруса па-іншаму пакуль немагчыма.

Кацярына Соц:

– Прапанавалі паспрабаваць свае сілы – і мы згадзіліся. Увогуле, мы па магчымасці ўдзельнічаем ва ўсіх сямейных святах і конкурсах – гэта яшчэ больш згуртоўвае. Усё адбываецца прыкладна так: мама сказала: «Трэба!», сын і бацька адказалі: «Канешне!» На перамогу разлічваем заўсёды, але не расстраіваемся, калі не атрымліваецца – значыць, яшчэ не ўвесь рэсурс вычарпаны і ёсць да чаго імкнуцца. 
Ідэю візітоўкі на «Валадар сяла» падказала наш сябар, цудоўны чалавек Вераніка Трубкіна. У прэзентацыі гаворыцца пра наш «цэнтр прыцягнення» – бацькоўскі дом у аграгарадку Цялуша, што на Магілёўшчыне; расказалі пра сябе, нашы захапленні і поспехі, узгадалі радавод.

Жанна і Аляксандр Эксцяровічы:

– У гэтым конкурсе мы ўдзельнічалі неаднойчы. Нават  на абласны этап у Каробчыцы ездзілі. Вельмі спадабалася: азарт, на іншых паглядзіш, сябе пакажаш, адпачнеш! А эмоцыі якія: і насмяешся, і паперажываеш, і папацееш. Мы жывём у Малях, асаблівых забаў тут няма, таму, калі ёсць цудоўная магчымасць разнастаіць вольны час – гэтым трэба карыстацца. У мінулым годзе ў нас з мужам не атрымалася трапіць на «Валадара сяла» з-за работы… Таму, як толькі даведаліся, што зноў конкурс аб’явілі, – адразу падалі заяўку. Пра тое, як жаночая палавіна нашай сям’і дапамагае мужчынскай і наадварот,  мы расказалі ў гумарыстычнай форме  – што атрымалася, тое атрымалася. 

Па шчырасці, то любому выніку радыя – галоўнае, мы разнастаілі свой час. Мы ўсім кажам, што важныя не падарункі ці граматы, а настрой, эмоцыі. Праўда, на завочным конкурсе яны ўсё ж не такія, якімі бываюць пры жывых стасунках.


Па выніках двух конкурсаў пераможцам прызнана сям’я Соц – яе работы накіраваны на абласны этап «Валадара сяла». На другім месцы – сям’я Жытковіч, трэцяе – у сям’і Эксцяровіч. 

Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад райкама БРСМ.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений