Амаль 180 гадоў складае агульны сямейны стаж дынастыі лесаводаў Зданоўскіх-Дзісько

12:11 / 02.07.2020
437
– Пытання, кім быць, перада мной ніколі не стаяла, – гаворыць ляснічы Падольскага лясніцтва Канстанцін Дзісько. – Я, можна сказаць, нарадзіўся і вырас у лясніцтве: наша кватэра была ў адным будынку з яго канторай. З таго часу, як пачаў усведамляць сябе, ведаў, што хачу і буду працаваць у лесе – як бацька, дзед, прадзед. 

IMG_2980.jpg


Прадзед

Міхаіл Аляксандравіч Зда­ноў­­скі нарадзіўся ў 1893 годзе – па дакументах, а па словах родзічаў – у 1899 годзе. Дом яго стаяў на хутары Якубішкі – цяпер гэта ўскраіна Падольскага лясніцтва. Лясы заў­сёды былі вялікім багаццем, а ляснік – паважаным чалавекам. Міхаіл Аляксандравіч працаваў аб’ездчыкам у Свірскім лясніцтве, акрамя таго, даглядаў панскія зялёныя ўгоддзі, ды і свайго лесу меў гектараў сто – не апошнім чалавекам быў у наваколлі.

У 1939 годзе памянялася ўлада – але не праца і адносіны да яе Міхаіла Зданоўскага: ён па-ра­ней­шаму працаваў у сваім знаё­мым да драбніц лесе, толькі цяпер яго абшары ўваходзілі ў склад Кямелішкаўскага ляс­ніцт­ва Мя­дзельскага, затым – Свір­скага лясгаса, пазней – Міха­­лішкаўскага лясніцтва спачатку Смар­гонскага, а потым Астра­вец­кага лясгаса. Каб было зразу­мела: тагачаснае лясніцтва па плош­чы займала амаль пало­ву цяперашняга ляс­гаса, у яго ўва­ходзілі лясы сённяш­ніх Па­доль­­­скага, Кяме­ліш­каўскага, Мі­ха­­­ліш­каўскага, Спон­даўскага ля­с­­­ніцтваў. І самым на­дзейным па­моч­­ні­кам і транспарт­ным срод­­­кам лес­ніка быў конь. На пен­сію Мі­­хаіл Зданоўскі вый­шаў у 72 гады.  

Снимок.JPG



– Я думаю, што прадзед, каб не пайшоў з лесу, жыў бы, на­пэўна, гадоў да дзевяноста, – з сумам за­значае Канстанцін Дзісько. – Ся­род лесаводаў шмат доўга­жы­ха­роў. Што і казаць – жывая энер­гетыка!
Міхаіл Аляксандравіч выхаваў чацвёра дзяцей. І асаблівым гонарам яго быў Альфрэд, які выбраў справу жыцця бацькі.

Дзед

З іменем дзеда ў сям’і ўзнікла  блытаніна: адны звалі яго Аль­ф­рэ­дам, другія – Альбертам, нават у дакументах былі розныя запісы. Больш таго: у трох яго дачок імёны па бацьку розныя: дзве Альфрэдаўны і адна Альбертаўна. У тыя часы гэтаму не надавалі значэння… 

Працоўную дзейнасць Альберт Міхайлавіч – будзем зваць яго так – пачынаў у 1955 годзе ў Міхалішкаўскім ляс­ніцтве Свір­скага лясгаса майстрам па лясных культурах – сёння гэта адпавядае пасадзе інжы­нера.

Скан_20200423 (8).jpg



Неўзабаве талковага спецыяліста прызначылі бухгалтарам – тады для гэтага неабавязкова было мець адпаведны дыплом. Але праз нейкі час мужчына зразумеў, што адукацыя ўсё ж патрэбная –  і, маючы дзвюх дачок, паступіў на завочнае аддзяленне Полацкага ляснога тэхнікума. Дарэчы, цалкам верагодна, што ў яго калідорах су­стракаўся са сваім будучым зяцем: Альберт Зданоўскі закончыў яго ў 1966 годзе, а Пётр Дзісько паступіў у 1965-м.

Не дачакаўшыся, пакуль Альберт Міхайлавіч прадставіць дып­лом аб спецыяльнай адукацыі, яго ў 1965 годзе прызначылі па­мочнікам ляснічага Міхаліш­каў­скага лясніцтва – з такім вопытам работы справіцца з лю­бымі задачамі!

н.JPG



У 1969 годзе ў Міхалішкаўскім лясніцтве здарылася самае страш­­нае, што можа быць у лесе, – па­жар. За дзве з паловай га­дзі­ны по­лымя знішчыла больш за 200 гек­тараў дрэў. Страты маг­лі б быць куды большымі, і не толь­кі матэ­рыяльнымі, калі б на барацьбу з агнём не ўзняліся ўсе – ад ма­­лога да старога. У ліку першых быў па­мочнік ляснічага Зданоўскі: ён з та­варышамі вынес з агню пацярпелага – ура­та­валі жыццё чалавеку.

Калі ў 1970 годзе тады ўжо ў Аст­равецкім лясгасе ства­рылі Падольскае ляс­ніцтва, узначаліць калектыў прапанавалі Альберту Зданоў­ска­му, хоць на той час ён ужо жыў у Міхалішках. 

– Нічога, пры патрэбе ў бацькі заначуеш, – супакоілі новаспечанага кіраўніка.

Начаваць у бацькі даводзілася часта: тэрыторыя лясніцтва была ад мяжы з Віцебшчынай і да Міхалішак. Хоць і былі ўжо на ўзбраенні леснікоў матацыклы, але з тэхнікай ляснічы не сябраваў, як і яго бацька, больш спадзяваўся на каня, а найперш – на ўласныя ногі. Кожны дзень у любое надвор’е – вецер, снег, дождж –  з дзясятак кіламетраў напрасткі, цераз Сарочча, хадзіў на работу і назад. Гэты шлях за многія гады стаў знаёмы да кожнага прыдарожнага дрэўца і кусціка.

Менавіта Альберт Міхайлавіч фарміраваў у новым лясніцтве калектыў – а справа гэтая няпростая. Пад яго кіраўніцтвам па­саджаны сотні гектараў лясоў, найперш на пуставаўшых землях на мяжы з Літвой. Цяпер тыя кволыя саджанцы выраслі ў гонкія сосны і магутныя елкі, лясы радуюць мясцовых жы­хароў багатымі грыбовішчамі і шчодрымі ягад­нікамі. 

2.jpg

Крайні злева Альберт Зданоўскі


– Я памятаю дзеда – высокі, статны, – узгадвае Кан­стан­цін Дзісько. – На першы погляд ён здаваўся суровым, а на самой справе добрым быў, спра­вядлівым. Вельмі не любіў, калі падманвалі, хітравалі… Мяне, малога, браў у лес, асаб­лі­ва я любіў у спондаўскую зону ездзіць – там усе леснікі мяне ве­далі.

Крыху засмучала Альберта Мі­­хайлавіча, што няма каму таптаць яго лясныя сцежкі: тры дачкі – якія з іх леснікі? 

Ды зялёны бог, мусіць, пачуў яго малітвы – і паслаў зяця-лесавода.

Бацька

89.JPGПётр Дзісько родам з Пастаў­шчыны, з-за Лынтупаў. Закончыў Полацкі лясны тэхнікум у 1969 годзе, з месяц папрацаваў у Крэўскім лясніцтве на Смаргоншчыне, затым – армія. Пасля дэмабілізацыі прасіўся ў Пастаўскі лясгас – там месцаў не аказалася. Напэўна, нехта нябачны вёў яго насустрач лёсу: падказалі, што ёсць вакансіі ў Астравецкім лясгасе. Прапанавалі на выбар некалькі лясніцтваў – Падольскае было бліжэй за ўсіх да дому. Пачынаў майстрам лесу, у яго зону адказнасці ўваходзіла тэрыторыя сённяшняга Спондаўскага лясніцтва: Масцяны, Клюшчаны, Трашчаны – гэта ўвогуле амаль што побач з роднай вёскай. 

Праз тры гады ў жыцці Пятра Дзісь­ко адбылося дзве знамя­нальныя падзеі: яго прызначылі па­моч­нікам ляснічага і ён ажа­ніў­ся з дачкой свайго начальніка – стаў ляснічаму памоч­нікам і на рабо­це, і дома.
 
– Дзед не любіў з паперамі працаваць, ледзь што – «Ты, Іванавіч, дакументамі займіся, а я ў лес». Бацька прызнаваўся, што і сам рад быў бы ў лес – але ж не паспрачаешся! Калі па шчырасці, то і мне лепей працаваць у лесе, на работу з дакументацыяй застаюцца, як правіла, вечары і выхадныя, – пры­знаецца Канстанцін Дзісько.

Доўгі час Зданоўскі і Дзісько змя­нялі адзін другога ў кіруючым крэс­ле: то адзін працаваў лясні­чым, а другі – памочнікам, то наад­­ва­рот. Пакуль у 1988 годзе Аль­берт Мі­хай­лавіч не перадаў канчат­кова справы маладому пера­­емніку, адпра­віўшыся на заслу­жаны адпачынак.

Пётр Іванавіч пасля таго ляс­нічым быў нядоўга: сталі ўводзіць камп’ютары, і ён не знайшоў агульнай мовы з разумнымі ма­шы­намі. А можа, не схацеў… Але лес не па­кінуў: да 2016 года пра­цаваў лесніком.

– Ён і цяпер, можна сказаць, пазаштатны супрацоўнік лясніцтва, – гаворыць Канстанцін Пятровіч. – Ведае ў лесе кожную сцежку, калі што трэба ўдакладніць на мясцовасці, то тата – першы памочнік. Штодня да бацькоў заязджаю і кожны раз павінен даць поўную справаздачу: чым сёння людзі займаліся, дзе лес садзілі ці адкуль драўніну вывозілі, коль­кі лесавозаў адправілі, якія наві­ны ў лясгасе і лясніцтве. Па-раней­ша­му хоча быць у курсе ўсіх спраў. І парады дае слушныя – усё ж 45 гадоў у лясной гаспадарцы!

Сын 

34.JPG– Калі мяне пытаюць, колькі часу працую ў лясніцтве, я звычайна ўдакладняю: афіцыйна ці на самой справе? – усміхаецца ляснічы Падольскага лясніцтва Канстанцін Дзісько. – Увогуле мяне прынялі на работу майст­рам 1 красавіка 2009 года, праз чатыры дні пасля ўручэння дыпломаў – у водпуск я не пай­шоў, хацелася хутчэй пачаць самастойную працу. А ўвогуле я ў лясніцтве з таго часу, як сябе помню, – то з дзедам, то з бацькам. Калі паступіў у Полацкі лясны каледж, аднакурснікі, як нешта іншапланетнае, успрымалі слова «бусоль» – а я ўжо ўмеў гэтым прыборам карыстацца. 

Хоць лёс выпрабоўваў Кан­с­тан­ціна на вернасць мары. Пасля 9 класа бацькі яго не пусцілі ў іх, можна сказаць, сямейную вучэльню – Полацкі лясны каледж: пашкадавалі – маленькі, шчуп­ленькі. «Ну, тады хоць у Кама­рова, – заўпарціўся хлопец, – там таксама на леснікоў вучаць!» Камарова блізка –  ад­пус­цілі. А ў ліцэі падлетку з досыць прыстойнымі адзнакамі па­раілі ісці ў сельскагаспадарчую групу, пасля якой прымалі па ска­рочаны курс у БАТУ. «Хай будзе так», – пагадзіўся Косця. Але, скончыўшы ліцэй, усё роўна пайшоў у той самы Полацкі каледж, які заканчвалі ў свой час дзед і бацька.

– Мне б не сеяць, мне – садзіць! – патлумачыў ён сваё нелагічнае рашэнне: мог праз тры гады мець дыплом аб вышэйшай адукацыі, а атрымаў за той жа час толькі другую сярэдне-спецыяльную.

Зрэшты, і вышэйшую ён мае: пасля каледжа завочна закончыў тэхналагічны ўніверсітэт. 

У працы Канстанцін Пятровіч пайшоў амаль след у след за дзе­дам і бацькам:  у 2014 годзе 26-гадовага юнака прызначылі ляснічым Падольскага лясніцтва. Кіраўніцтва лясгаса, праўда, крыху непакоіла халасцяцкае ста­новішча маладога кіраўніка: каб хоць не звезла перспектыўнага работ­ніка ў горад якая красуня. Ды ён сам «замацаваў» у Падольскай школе маладога спе­цыяліста: на­стаўніца замежнай мовы Алена Сця­панаўна ў мінулым годзе стала яго жонкай, а сёлета да Дня Неза­лежнасці маладая сям’я чакае галоўны ў жыцці падарунак – першынца.

…і іншыя родзічы

65.JPGУ Падольскім лясніцтве пра­цавала да выхаду на пенсію і ма­ці Кан­станціна Пятровіча Яніна Альф­­рэ­даўна – пажарным вар­таў­­ні­ком, майстрам піларамы, ко­ню­хам. Лесніком працуе і яго брат Аляк­сандр. 

А ўвогуле працоўны стаж леса­водаў Зданоўскіх-Дзісько складае амаль 180 гадоў – і можна не сумнявацца, што гэта далёка не канчатковая лічба!






Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений