Верныя справе і людзям работнікі кааперацыі

10:19 / 04.07.2020

У прафесійнае свята, Дзень кааперацыі, падзяку за добрую і шматгадовую працу атрымалі работнікі Астравецкага філіяла Гродзенскага райспажыўтаварыства.

Так, нагрудным знакам Белкаапсоюза «30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі» атрымаў вадзіцель хлебнага фургона Віктар Юркойць.

Виктор Юркойть.jpg

Самае складанае ў яго рабоце, лічыць вадзіцель, – прывыкнуць да графіка: падняцца трэба ў 5 гадзін, бо выязджае машына а шостай гадзіне. За дзень мужчына паспявае праехаць па ўсяму раёну і па горадзе – і чым хучэй, тым лепш, каб хлеб да людзей даехаў гарачым.

– Працую на «хлебнай» машыне ўжо 38 гадоў, – расказвае Віктар Часлававіч. – Спачатку быў падменным вадзіцелем, потым перавёўся на машыну, якая развозіла «кандытарку». Але гэта было нядоўга – мне далі машыну, што развозіла хлеб. Так на ёй і застаўся – прыкіпеў душой. Мая «ГАЗ-57» даўно не маладуха, але іншай, навейшай, не хачу. Яна са мной і на пенсію пойдзе. (Смяецца.)

Ганаровай граматай Гродзенскага аблспажыўтаварыства ўзнагароджаны буфетчык кафэ «Ветразь» аг. Варняны Часлаў Глазко, кладаўшчык аддзела прамысловасці раённага філіяла Яніна Петрык і прадавец аўтамагазіна №1 Леакадзія Янкойць.

Палачка-ратавалачка

Так называе Яніну Антонаўну кіраўніцтва аддзела: з 1998 года і да сённяшняга часу яна змяніла не адну прафесію – была фармоўшчыкам чорнага хлеба, цестамесам, майстрам-перкарам, а цяпер працуе кладаўшчыком – і заўсёдыбыла надзейным і безадказным работнікам.

– На мне збор заявак, своечасовая дастаўка прадукцыі на кропкі продажу і прасоўванне нашай прадукцыі на паліцы магазінаў, – гаворыць жанчына. – А гэта справа не з лёгкіх – хлебны рынак перанасычаны. Каб усё паспяваць, трэба разумець і ведаць «унутраную кухню» яго вытворчасці. Каб быць канкурэнтаздольнымі, мы ўвялі новую лінейку – выпякаем хлеб для здаровага харчавання.

Янина Петрик.jpg

Працаваць тыдзень без выхадных Яніна Антонаўна даўно прывыкла, а вось самым складаным у сваёй рабоце лічыць неабходнасць уставаць раней першых петухоў – работа кладаўшчыка пачынаецца ў 5 гадзін раніцы.

Спачатку цяжка было, прызнаеца кладаўшчык Яніна Петрык, але парады Яніны Ромаш, на змену якой яна і прыйшла, вельмі дапамаглі.

На адказнай лініі

На аўталаўцы Леакадзя Станіславаўна працуе ўжо 4-ы год, да гэтага была загадчыкам прадуктовага магазіна ў Кямелішках, а ўсяго ў кааперацыі працуе ужо 20 гадоў.

– На аўталаўцы цікавей, чым у магазіне: людзей больш бачыш, многія з іх прыходзяць не толькі за пакупкамі, але і падзяліцца радасцю або бедамі, – расказвае прадаваец аўталаўкі №1. – Аднак і працаваць тут цяжэй: большая нагрузка – самой загрузіць і разгрузіць машыну трэба. Нягледзячы на тое што ў многіх вёсках людзей стала менш – у Грышкойцях, да прыкладу, раней доўгія чэргі збіраліся, а цяпер засталося некалькі чалавек, – выручка ў апошні час вырасла. Каронавірус дапамог: людзі менш сталі ездзіць у горад за пакупкамі.

изображение_viber_2020-06-30_11-55-29.jpg

Аўталаўка Леакадзіі Янкойць абслугоўвае Варнянскі сельскі савет – на лініі больш за дзясятак населеных пунктаў плюс хутары. І хоць у канцы працоўнага дня яна думае пра тое, як бы ногі данеслі дадому, самым прыемным і важным яна лічыць, калі пакупнікі застаюцца задаволенымі і ў добрым настроі.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович