Сацыяльныя работнікі: невядомыя героі ці абслуга?

08:49 / 01.07.2020
382
Не, сёння размова не пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, як, магчыма, падумаў нехта, прачытаўшы загаловак. І нават не пра медыкаў, цяжкую і так патрэбную нам усім працу якіх раптам заўважылі і  ацанілі – хочацца спадзявацца, што не толькі на час пандэміі.

Ёсць людзі, якія сёння таксама штодзённа рызыкуюць, прычым не толькі ўласным здароўем. І пры гэтым іх праца мала кім заўважаецца і вельмі сціпла цэніцца: у статыстыцы заробкаў яны традыцыйна займаюць апошні радок. 

Я – пра невядомых герояў нябачнага фронту: сацыяльных работнікаў. 

Да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэя Кунцэвіча, які нядаўна праводзіў у Астраўцы «Прамую лінію», звярнулася з просьбай аб дапамозе жыхарка Альхоўкі Рэгіна Струнгевіч, якая па медыцынскіх паказаннях мае права на сацыяльнае абслугоўванне – і не атрымлівала яго. 

Зварот гэты здзівіў: раней нараканняў на работу сацыяльнай службы чуць не даводзілася. Няўжо цяпер усё так дрэнна?

Каб разабрацца з праблемай, мы з намеснікам старшыні райвыканкама Генадзем Бычко завіталі да Рэгіны Міхайлаўны. Аказваецца, літаральна за некалькі дзён балючае для жанчыны пытанне было вырашана: сацыяльнага работніка, які будзе наведваць яе два разы на тыдзень і дапамагаць з хатнімі справамі, знайшлі. Гэтыя абавязкі ў вольны ад асноўнай работы час за сімвалічную плату – 0,25 стаўкі – пагадзілася выконваць работніца мясцовай кардоннай фабрыкі Вольга Жук. 

IMG_3524.jpg



Але падчас размовы высветлілася, што ў Рэгіны Міхайлаўны тры дарослыя дачкі, адна з якіх, хоць і працуе ў Астраўцы, жыве ў Альхоўцы, другая – у суседняй вёсцы.

– Ім няма калі! – згледзеўшы здзіўлена ўскінутыя бровы Генадзя Паўлавіча, растлумачыла Рэгіна Міхайлаўна. – Яны працуюць, у кожнай свае справы, гаспадарка, агарод. Дый сітуацыя сёння самі ведаеце якая – каронавірус! Яны мяне шкадуюць, баяцца заразіць, вось і не едуць. А сама, без старонняй дапамогі, я ўжо не магу справіцца з хатнімі справамі – у мяне бранхіяльная астма і цукровы дыябет. Таму і папрасіла прызначыць сацыяльнага работніка. Плаціць, праўда, трэба – рубель і 10 капеек за кожнае наведванне. Здаецца, нямнога, а за  месяц амаль дзясятка набягае. З маёй пенсіяй у 346 рублёў і гэта – грошы…

Пакінем пакуль за дужкамі маральны аспект гэтай канкрэтнай сітуацыі. Пасля стасункаў з Рэгінай Міхайлаўнай узнікла іншае пытанне: як ва ўмовах эпідэміі каронавіруснай інфекцыі COVID-19  працуюць сацыяльныя работнікі? Чаму дзеці, абгрунтавана асцерагаючыся прывезці пажылым бацькам вірус, звялі кантакты з імі да дастаўкі ўсяго неабходнага пад дзверы і тэлефонных размоў – а сацыяльныя работнікі па-ранейшаму прыходзяць да сваіх падапечных некалькі разоў на тыдзень? І рызыка тут двайная, калі не трайная: ім жа перад гэтым трэба пабываць у многіх мнагалюдных і таму патэнцыяльна небяспечных з кропкі гледжання распаўсюджання інфекцыі ўстановах: у магазінах, паліклініцы, аптэцы. Абслугоўваюць яны па 8-10 чалавек, наведваючы кожны дзень па дзве-тры кватэры – і вельмі проста могуць перанесці нябачную інфекцыю ад аднаго парога да другога. Сацыяльную дыстанцыю стараюцца захоўваць – але ж прыгатаваць абед і прыбраць кватэру, знаходзячыся на лесвічнай пляцоўцы ці за варотамі, немагчыма. 

Ды і самі сацыяльныя работнікі, як правіла, людзі немаладыя і ўваходзяць у групу рызыкі гэтаксама, як і іх падапечныя…

Дык як жа яны спраўляюцца са сваімі нялёгкімі нават у звычайны, «мірны» час і «пацяжэлымі» шматразова ва ўмовах эпідэміі абавязкамі?

Бясплатная перадавая

20200623_101706.jpg– Усім цяпер няпроста, – раз­во­дзіць ру­­­камі вы­кон­­ва­ю­чая абавязкі дырэктара Тэрыта­рыяль­­нага цэнтра сацыяль­на­га абслу­­­гоў­­вання насельніцтва Ма­рына Мак­сімава. – Нам, магчыма, цяжэй, чым іншым – але што рабіць? Мы павінны ў першую чаргу клапаціцца пра сваіх падапечных і ўвогуле людзей пажылога ўзросту, у тым ліку і пра тых, хто не стаіць у нас на абслугоўванні, але з-за эпідэміі, магчыма, застаўся без звыклай падтрымкі родных і блізкіх. Арганізавалі дзяжурства пасля работы, у выхадныя, каб прыняць любы тэлефонны званок, падключыліся валанцёры з БРСМ і Чырвонага Крыжа, гатовыя выканаць просьбы кожнага, хто апынуўся ў добраахвотнай ці прымусовай ізаляцыі.   

– І, акрамя таго, трэба думаць пра бяспеку нашых сацыяльных работнікаў, якія сёння з’яўляюцца адзінымі сувязнымі паміж знешнім светам і сваімі падапечнымі, – працягвае Марына Баляславаўна. – Дзякуй раённым уладам, што без прамаруджвання выдзелілі дадатковыя сродкі і мы, як толькі каронавірус прыйшоў у Беларусь, змаглі забяспечыць усіх сацыяльных работнікаў і нашых падапечных сродкамі аховы: дэзінфіцыруючымі растворамі, маскамі, пальчаткамі. Але ўсё роўна кожны раз тэлефонную трубку падымаю са страхам: яны ж, лічы, кожны дзень на перадавой. І аблегчыць іх працу ці падтрымаць у гэты цяжкі час, па сутнасці, няма чым… Так, выплачваем з заробленых намі пазабюджэтных сродкаў дадатковую прэмію сацыяльным работнікам, рублёў па 70-80 у залежнасці ад нагрузкі – але даплата гэтая непараўнальная з іх маральнымі і фізічнымі высілкамі. Нагрузка на іх павялічваецца. Людзі ідуць у адпачынкі. А нядаўна звольнілася Тарэса Магадзя – падапечных яе размеркавалі паміж іншымі. І знайсці дастойную замену Тарэсе Іванаўне будзе няпроста. Усё ж сацыяльны работнік – гэта не проста прафесія, а пакліканне, тут патрэбны асаблівыя чалавечыя якасці. У яго павінен быць псіхалагічны кантакт з падапечным – гэта найперш. Думаеце, чаму мы Рэгіне Струнгевіч не маглі падабраць апекуна? Яна жанчына з характарам... Зразумела, што не кожны на гэтую працу пагаджаецца і не любы з ёю справіцца. Тым больш, сёння ў нашым раёне знайсці работу за такую ж ці нават большую зарплату – не праблема. 

Зарплата ў сацыяльных работ­нікаў пакідае жадаць лепшага. Памер яе залежыць ад многіх складнікаў: колькасці падапечных, перыядычнасці іх наведвання, спецыфікі аказваемых паслуг, надбаўкі за стаж і іншага. Па словах Марыны Баляславаўны, у лепшых (але далёка не ва ўсіх!) яна даходзіць да 600 рублёў – столькі ж, а то і больш, атрымліваюць прадаўцы, якіх сёння  наперабой запрашаюць шматлікія магазіны горада.

Пенсіянеры даглядаюць пенсіянераў

З сацыяльным работ­ні­кам Святланай Сінкевіч мы сустрэліся каля палік­лінікі, дзе яна забі­рала рэцэпты адной са сваіх падапечных. 

Часу на размову было ня­шмат: Святлане Пятроўне яшчэ трэба было забегчы ў аптэку, магазін, аднесці ўсё неабходнае кліентцы, прыбраць яе кватэру, зварыць есці… Вядома, усё – з захаваннем супрацьэпідэмічных мер, каб і падапечнай заразы ў хату не прынесці, і сябе засцерагчы ад хваробы. І ўсё гэта паспець  за адведзены на наведванне час – гадзіну і сорак хвілін.

– Але пры любым раскладзе абавязкова з кожным трэба пагаварыць – нават ва ўрон асабістаму часу, – гаворыць Святлана Пят­роўна. – Маім падапечным не хапае многага, але стасункаў – найперш і найбольш. Асабліва цяпер. Раней хоць з суседкай пагавораць, у горад выйдуць, дзеці ды ўнукі прыязджалі, а цяпер адзін іх суразмоўца – тэлевізар. Ды я…

01.jpg



Святлана Пятроўна да кожнага мае падыход: з адным трэба пагаварыць пра Бога і вышэйшую справядлівасць, другому хочацца пахваліцца поспехамі дзяцей і ўнукаў…

– Некаторым пасля хваробы гаварыць цяжка, але ім хочацца паслухаць некага жывога, не голас у тэлевізары – і тады гавару я: навіны расказваю, разважаю пра жыццё-быццё… А іншаму, наадварот, трэба выгаварыцца – ды няма каму: тады маўчу, слухаю… У першы раз ці ў пяты, згодная ці не – няважна: чалавеку трэба выказаць тое, што на душы накіпела. Маладыя, нават калі прыходзяць працаваць у сацыяльную службу, доўга не затрымліваюцца не таму, што яны дрэнныя ці няўважлівыя, – ім не хапае цярплівасці, разумення пажылых людзей, багатых духоўна, але пазбаўленых жыццёвых сіл. Вось і атрымліваецца, што пенсіянеры даглядаюць пенсіянераў…

Цяпер за Святланай Сінкевіч замацавана 11 падапечных. Зарплата, па словах жанчыны, складае каля 500 рублёў.

– Такая ж была, калі 8 чалавек абслугоўвала. Нагрузка павялічылася, рызыка ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса – таксама, а зарплата засталася практычна такой жа, – гаворыць Святлана Пятроўна. – Ці стамляюся? Вядома! Паспрабуйце прыбраць тры кватэры ў дзень – зразумееце. І гэта ж не адзіныя мае абавязкі. Калі б была магчымасць не працаваць, то даўно кінула б работу – я ўжо чатыры гады на пенсіі. А так  за дадатковы заробак я і фрукты магу сабе дазволіць, і мяса, і малочныя прадукты, якія мне падабаюцца. Ды і дзецям з унукамі на дзень нараджэння падарунак купіць.

Сяброўка Святланы Пятроўны, якая жыла ў Літве, выехала ў Германію, дзе таксама працуе сацыяльным работнікам.

– Часта размаўляем з ёй па скайпу. Ні ўмовы работы, ні зарплату маю і яе не параўнаць: я даглядаю 11 чалавек, яна – адну жанчыну, яўрэйку: да іх у немцаў адносіны асаблівыя, яны па сённяшні дзень адчуваюць віну перад яўрэйскім народам за генацыд у гады вайны. У мяне зарплата 500 рублёў, у яе – 1200 еўра. А цяпер, казала, ім яшчэ і за работу ва ўмовах эпідэміі  па 500 еўра даплачваюць. Але, з другога боку, жыллё там дарагое, праезд, камунальныя паслугі. І на пенсію яны выходзяць у 67 гадоў. Так што кожнаму сваё…

Жанчына сядлае персанальны транс­парт – выдзелены тэрыта­рыя­ль­­ным цэнтрам вела­сіпед і ад­праў­ляецца да сваіх падапечных... 

А як там?

Зацікавіўшыся расповедам Свят­ланы Сінкевіч пра калегу-сяброў­ку ў Мюн­хене, я вырашыла паці­кавіцца, як аргані­за­вана сацыяльная абарона пажылых людзей у Германіі. 

Калі прааналізаваць артыкулы па гэтай тэме Інтэрнэт-партала буйнейшага нямецкага СМІ Doutsche welle, то можна прыйсці да высновы, што «багатыя таксама пла­чуць», толькі з іншай нагоды. 

Германія – адна з найбольш імкліва старэючых еўрапейскіх краін, кожны чацвёрты жыхар пе­ра­сяг­нуў 65-гадовы ўзрост, і праблема са­цыяльнай абароны па­жылых там таксама стаіць вост­ра. Да таго ж у Заходняй Еўропе бацькі, як правіла, не дажываюць век з дзецьмі і ўнукамі, і ніхто не стане асуджаць сына ці дачку, што здалі маці ў дом састарэлых – гэта нармальная з’ява. І зусім не азначае, што нямецкія дзеці жорсткія і няўдзячныя: там падобныя сацыяльныя ўстановы моцна адрозніваюцца ад нашых, пажылым людзям сярод равеснікаў і аднадумцаў лепш, чым з вечна занятымі маладымі, у якіх свае ін­тарэсы. Там існуе некалькі раз­на­­віднасцяў дамоў састарэлых, але абавязковая ўмова для ўсіх – без­бар’ернае асяроддзе. У кожнага асобны пакой са сваім душам і туалетам – але ёсць і агуль­ны, для сумеснага адпачынку, сталовая, а ў некаторых – нават цы­рульні. 

Але! Дамы састарэлых, як правіла, платныя, і аплата складае ад 1 000 да 2 000 еўра ў месяц, да таго ж насельнікі павінны аплачваць камунальныя паслугі і рамонт (сярэдняя пенсія па ўзросту ў Германіі, па дадзеных інтэрнэт-партала RU-GELD.DE, скла­дае 1 095 еўра ў мужчын і 633 – у жанчын). Частку расходаў бярэ на сябе дзяржава, здараецца, што дапамагаюць дабрачынныя фонды – але ў любым выпадку разлічваць трэба толькі на сябе. Ну і на дзяцей, калі яны ёсць.

Для тых, хто хоча сустракаць старасць у родных сценах і пры гэтым мае патрэбу ў старонняй дапамозе, яна таксама платная, і размова ідзе не пра дзясятку, якая таксама – грошы, а пра сотні еўра. Але ў Германіі, па дадзеных таго ж Doutsche welle, з 1995 года дзейнічае абавязковае страхаванне на выпадак неабходнасці ў староннім доглядзе: працуючыя адлічваюць пэўны працэнт сваіх даходаў на тое, каб некалі старасць іх была годна дагледжана – і калі ўзнікае такая неабходнасць, часткова пакрываюць расходы на ўтрыманне ў доме састарэлых ці паслугі сацыяльнага работніка на даму з гэтай страхоўкі – на поўнае пакрыццё затрат яе не хапае. 

Не дзіўна, што пры такім раскладзе і зарплата сацыяльнага ра­бот­ніка там непараўнальная з нашай: 1 000-1 500 еўра ў Германіі атрым­ліваюць «гастарбайтары» з Усходняй Еўропы, нямецкія сацыяльныя работнікі працаваць за такія грошы не пойдуць, іх мінімум –  22 еўра ў гадзіну. 

І пры ўсім тым у Германіі сацыяльных работнікаў, як і ў нас, не хапае – таму і запрашаюць усходніх суседзяў.


Пасляслоўе

Пандэмія COVID-19 ускрыла многія праблемы і прымусіла па-новаму паглядзець на існуючыя, у тым ліку – і на сацыяльную абарону пажылых людзей.  Што для нашых немаладых бацькоў большая шкода: апасенне, што пасля сустрэчы з роднымі можна захварэць ці пастаянны стрэс ад немагчымасці абняць любімую ўнучку, якая жыве ў двух кроках ад бабулі? Патэнцыяльная небяспека заразіцца каварным вірусам пасля сустрэчы з сябрамі ці рызыка развіцця дэменцыі ад адсутнасці стасункаў? І для многіх з іх у гэтай сітуацыі – зрэшты, не толькі ў гэтай  –  палачкай-выручалачкай з’яўляюцца сацыяльныя работнікі, якія ратуюць пажылых людзей ад недагледжанасці, адзіноты, суму, фізічных і псіхіч­ных хвароб.

Але мы ўсё яшчэ не бачым гэтых «герояў нябачнага фронту», не цэнім па заслугах – ні маральна, ні матэрыяльна – іх штодзённы незаўважны подзвіг… 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений