Ласяня прыйшло за дапамогай да чалавека. Што здарылася?

10:13 / 26.06.2020
764
Гэтая гісторыя нядаўна здарылася на Спондаўшчыне.

Сядзіба Станіслава і Стані­сла­вы Шушкаў стаіць на водшыбе, і зайцы ды казулі – частыя госці на хутары. А калі і лось пройдзе міма. 

А тут з лесу на хутар прыйшло ласяня. Малое, бездапаможнае, яно ледзь стаяла на тонкіх дрыжачых ножках, тыцкалася пысай у калені гаспадыні і глядзела прама ў душу вялікімі вільготнымі вачыма. Без слоў было зразумела, што ласінае дзіцяня, якое не пабаялася выйсці з лесу да людзей, просіць дапамогі. Але якой? 

23.jpg



Ласяня паспрабавалі накар­міць хлебам – не ўзяло. Адшу­калі недзе соску, што таксама было нялёгкай задачай у хаце, дзе няма малых дзяцей. Але і папіць малака яно не здолела.

Патэлефанавалі ў ахову прыроды – там параілі адпусціць ласяня на волю, каб шукала сваю матку. Гаспадары так і зрабілі – але назаўтра яно зноў ляжала на падвор’і пад ліпкай.

Пасля паўторнага звароту ў службу аховы прыроды і ў лясніцтва знайшлі транспарт і адвезлі ласінае дзіця  ў Дравянікі ў вальер для ланяў і аленяў. Але ўратаваць малое не змаглі: зняможанае, абяссіленае, яно памерла.

Дык што ж прымусіла ласяня выйсці з лесу да чалавека? Што здарылася з яго мамкай?

На гэты конт у мясцовых жыхароў розныя меркаванні. Нехта палічыў, што самку забілі браканьеры, пакінуўшы яе дзіцяня на волю лёсу. Але леснікі не бачылі слядоў варварскага палявання. Ды і час цяпер не той: кожны ведае, што «бяс­платнае» мяса можа каштаваць занадта дорага – не адзін гора-паляўнічы, у тым ліку і ў нашым раёне, можа пра гэта расказаць – а зямля ж, як вядома, чуткамі поўніцца.

– Хутчэй за ўсё, ласіха сама пакінула малое, калі зразумела,  што яно занадта слабае, – выказаў меркаванне ляснічы Спондаўскага лясніцтва Войцех Лукашэвіч. – У дзікіх жывёл  жорсткі натуральны адбор: выжывае мацнейшы, слабы вымушаны загінуць…

…Можа, яны і справядлівыя, гэтыя законы прыроды. І ўсё ж не хочацца верыць, што і сярод ласіх бываюць маці-зязюлі. 

А найбольш шкада ласянятка…

Тамара РАБІНКІНА



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений