Больш за сорак гадоў працуе на вясковым ФАПе Зоя Віюк

13:17 / 20.06.2020
Калі выпускніца медыцынскага вучылішча Зоя Гарошка вясной 1977 года прыехала па размер­каванні працаваць фельчарам у Быстрыцу, то была пераканана: гэта ненадоўга, самае большае – на год. А потым яна абавязкова паступіць у медыцынскі інстытут. 

65.jpgАле, змяніўшы дзявочае прозвішча на Віюк, Зоя Уладзіміраўна засталася на стромкім беразе Віліі назаўжды. Вось ужо 43 гады яна – нязменная сямейная «дакторка» для жыхароў не толькі Быстрыцы, але і навакольных вёсак і хутароў. На многіх з іх сёння засталося па аднаму-два чалавекі – але ж гэта не азначае, што ім не патрэбна медыцынская дапамога, хутчэй наадварот: час і нялёгкае жыццё ўзнагародзілі амаль кожнага вяскоўца букетам хранічных захворванняў. І штодня, правёўшы да абеду прыём на ФАПе і зрабіўшы хворым пры­пісаныя доктарам працэдуры, вясковы фельчар выпраўляецца праведаць сваіх падапечных, занесці рэцэпты ці лекі. І пагаварыць пра жыццё-быццё – для адзінокіх лю­дзей, ды яшчэ ў сённяшніх умовах, калі з-за пандэміі закрыліся граніцы з Літвой, дзе жывуць дзеці і ўнукі многіх мясцовых жыхароў, гэта часам важней, чым парашок ці пілюля.

– Цяпер працаваць не складана, – гаворыць Зоя Уладзіміраўна. – На маім участку 240 чалавек, у тым ліку 32 дзіцяці ва ўзросце да 17 гадоў. А калі пры­ехала ў Быстрыцу, было больш за 700. Рознае здаралася… Неяк, я яшчэ толькі пачынала працаваць, парадзіху на ФАП прывезлі. У яе быў рэўматызм сэрца і роды імклівыя – а тут, як на тое, святло прапала! Санітарка, Стэфанія Бразінская, лямпу, свечкі, якія былі, запаліла – а я пры такім святле жанчыне дапамагаю. Дзякаваць Богу, усё добра абышлося. Слаўная дзяўчынка нарадзілася, здаровенькая, цяпер ужо дарослая, на ўрача вывучылася.

І такі прыклад у працоўнай біяграфіі Зоі Уладзіміраўны не адзінкавы. Сямёра дзяцей, у тым ліку двайняты, могуць лічыць яе сваёй хроснай маці – вясковая фельчарка дапамагла ім з’явіцца на свет. Здаралася ёй і «на даму» прымаць роды. На шчасце,  усё заканчвалася добра – і для нованароджаных, і для парадзіх. Вяскоўцы даўно прыкмецілі, што ў іх «дакторкі» рука лёгкая. А колькі разоў даводзілася сярод ночы ісці ці ехаць ратаваць лю­дзей – не злічыць. Яна ніколі не наракала на ненарміраванасць свайго працоўнага дня: ведала, якую справу выбірала, і выбар гэта зрабіла свядома.

Хоць лёс спачатку павёў яе па іншай сцежцы: мама настояла, каб пасля васьмі класаў Зоя ўслед за старэйшай сястрой паступала ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Дзяўчына правучылася там паўтара месяца – і вярнулася дахаты: не маё... Дачку падтрымаў бацька – і на наступны год яна пайшла ў Жалудоцкае меды­цынскае вучылішча: дзяўчынцы заў­сёды хацелася быць падобнай да сваёй хроснай маці, якая працавала вясковым фельчарам.

Зоя Віюк даўно на пенсіі, але па-раней­шаму з’яўляецца «галоўным урачом» для ўсяго быстрыцкага наваколля – маладыя не спяшаюцца змяніць яе на вясковым ФАПе.

– Вядома ж, шкада, што моладзь пакідае вёску, – уздыхае Зоя Уладзіміраўна. – Вось і нядаўна: закончыла быстрыцкая дзяўчынка медыцынскі каледж – і засталася ў сталіцы. Але я іх разумею. Чым маладым у нашай вёсцы заняцца? Ні клуба, ні бібліятэкі, ні школы, ні нават магазіна… Інтэрнэт, і той не ў кожнай хаце зловіш. Толькі дзве сацыяльныя ўстановы і засталіся – ФАП ды касцёл. 

А Зоя Уладзіміраўна ніколькі не шкадуе, што ўсё жыццё пражыла ў Быстрыцы. 

– Людзі тут вельмі добрыя, – гаворыць вясковы фельчар. – І прырода цудоўная. Адзінае – трохі шкадую, што ўрачом так і не стала… А з іншага боку – тады б у мяне не было маіх дзяцей, цудоўных унукаў. Пяцёра іх ужо – можа, каторы і ажыццявіць маю мару. Міла, напрыклад, абяцае пайсці ў медыцыну. Буду чакаць…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик