22 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»
08:51 / 19.06.2020
Што ж тычыцца апошняга задання, то «цяжкай артылерыі» зноў не атрымалася: усе нашы пастаянныя ўдзельнікі пазналі сядзібу Котвічаў паміж колішнімі вёскамі Турлы і Легаўцы непадалёк ад Міхалішак.
Увогуле лёс гэтай некалі шыкоўнай сядзібы – жывое ўвасабленне прыказкі «Што маем – не беражом, страціўшы – плачам». Гэта сёння цяжка паверыць, што некалі сядзіба Котвічаў у Турлах была вядома далёка за межамі сучаснай Беларусі і займала важнае месца ў эканамічным і культурным жыцці нашага краю. Яна мела 5 тысяч гектараў і злучала ў адзіны комплекс фальваркі Палестына, Чэхі, Лабудзі, Міхалішкі і Газа.
У пачатку 19 стагоддзя гэтыя землі дасталіся ад абанкруціўшагася Міхала Бжастоўскага Яну Котвічу. Новы гаспадар збудаваў тут шыкоўны сядзібны дом у класічным стылі. Цэнтральны ўваход меў порцік з калонамі і балконам. Сцены ўнутры былі паклеены шпалерамі і ўпрыгожаны старажытнымі гравюрамі і выдатнымі творамі жывапісу. Мелася багатая бібліятэка ў некалькі тысяч экзэмпляраў кніг. Дом акружалі велізарны парк на 20 гектараў, дзе былі ўстаноўлены незвычайныя, высечаныя з каменю скульптуры, і сад з кветнікамі.
Гаспадары вельмі любілі коней і мелі вялікую стайню, рэшткі якой прадстаўлены на конкурсным фотаздымку. Будынак вылучаецца прыгожай кладкай сцен і франтонаў з валуноў з закладкай шчылін мураванымі асколкамі. Вуглы складзены шчыльна падагнанымі блокамі, высечанымі з валуноў. Вокны абкладзены чырвонай цэглай.
Вядома, што гэты будынак ацалеў і ў Першую, і ў Другую сусветныя войны, яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя на ім быў дах – цяпер жа ад стайні, як і ўвогуле сядзібы Котвічаў, засталіся руіны.
Першай на заданне адгукнулася жыхарка Міхалішак Аксана Пешка – яна атрымлівае 1 бал. Як заўсёды, цікавымі падрабязнасцямі дапоўніла адказ вядомы краязнаўца Ванда Вайшнаровіч – ёй налічана 2 балы. Цікавую інфармацыю і фотаздымкі прадставілі Алена Памецька і Марына Кімса – яны атрымліваюць па 3 балы. Алег Драган, які да першапачатковага задання дадаў новыя фотаздымкі і відэасюжэт, а Жанна Волк-Леановіч, Вікторыя Іванцэвіч, Ганна Мілашэвіч і Кацярына Вараб’ёва, якія таксама даслалі відэа, атрымліваюць па 4 балы.
У конкурсе па-ранейшаму лідзіруе Марына Кімса – 63 балы, на другім месцы – Алег Драган – 62, на трэцім – Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – у іх па 56.
Дзе гэта, што гэта?
Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.
Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).