Твая свабода, мая свабода… Дзе кампраміс?

15:26 / 15.06.2020
«Не купляй хату, а купляй суседа», – раіла некалі мая маці. І дадавала: «Добры сусед – што твой сем’янін».

І гэта сапраўды так. Кожны, напэўна, можа ўзгадаць выпадак, і не адзін, калі прыбягаў да суседкі як да персанальнага псіхолага, каб выгаварыцца і зняць цяжар з душы. Ці калі суседзі першымі прыходзілі на выручку ў хвіліну бяды альбо ў цяжкай сітуацыі – родзічы не заўсёды жывуць побач. А трэба пазычыць кавалак хлеба ці шклянку цукру – куды пабяжыш? Можна, вядома, і ў краму – цяпер хоць адна ды знойдзецца паблізу, але ж хутчэй і зручней – да суседа. Можна нават без аддачы – нашто капейкі лічыць, калі заўтра ён прыйдзе да цябе з падобнай просьбай.

Пагаварыце са старэйшымі людзьмі – і ці не кожны другі вам раскажа, што раней не толькі хаты ў вёсках, дзе ўсе ведалі радню адзін аднаго да сёмага калена, але і кватэры ў шматпавярховых дамах не замыкаліся: усе разам адзначалі нараджэнні дзяцей, памінкі, святы – асабістыя, дзяржаўныя, рэлігійныя, не зважаючы на прыналежнасць суседа да той ці іншай канфесіі. 



Чаму ж усё змянілася? Цяпер не кожны ведае, хто жыве з ім на адной лесвічнай пляцоўцы, не кажучы ўжо пра суседні пад’езд. Нам прасцей аббегаць увесь горад ці нават паехаць у іншы, шукаючы патрэбную на гадзіну-другую рэч, чым пацікавіцца, ці ёсць яна ў суседа. Уключаючы дрэль падчас рамонту, людзі не думаюць, ці не ведаюць, ці не хочуць ведаць, што за сцяной у гэты час не спіць малое дзіця альбо пакутуе ад болю хворы… 

Мы так захапляемся сваёй уяўнай свабодай, з вышыні свайго задзёртага носу пазіраем на тых, хто, як нам здаецца, ніжэй за нас, так старанна абараняем уласны ўнутраны і знешні свет ад любога дотыку, нават самага шчырага і добразычлівага… Але аднойчы, калі гэты дотык мог бы стаць выратавальным, калі ён патрэбны, як паветра, прыходзіць разуменне: працягнуць руку няма каму, бо ўсе, хто побач, хто мог бы стаць калі не блізкім сябрам, то хоць бы прыяцелем, – неймаверна чужыя людзі. І не заўсёды ў гэтым вінаваты іх чэрствасць і раўнадушша, часцей за ўсё – наша пыха і ганарыстасць, нежаданне пускаць да сябе ў дом і ў душу, якое, калі капнуць глыбей, вынікае з нежадання браць на сябе чужы боль і клопаты.

Казімір Варановіч, старшыня касцёльнага камітэта з вёскі Дайлідкі, лічыць: справа ў тым, што на змену ваяўнічаму атэізму прыйшоў матэрыяльны практыцызм. Паміж духоўным і матэрыяльным чалавек усё часцей выбірае даброты, якія можна пакласці ў кішэню ці ў банк. І нават, наведваючы храмы, да Бога многія звяртаюцца як да прадаўца ў магазіне: я плачу пэўную суму і прашу ў цябе тое і гэтае, а ты ўжо будзь добры… А тое, што ў «разліках» з Богам іншая «валюта» – добрыя справы і ўчынкі, – успрымаецца як дурыкі непрактычных, не ўмеючых жыць людзей.

1.jpg



Занесла мяне, скажаце: ад суседзяў па пляцоўцы – у храм, і нават вышэй – да Усявышняга. Дык усё ж узаемазвязана! Адзін з Хрыстовых запаветаў «Палюбі бліжняга свайго, як самога сябе» – трансфармуецца ў больш прыземленае – «Адносьцеся да людзей так, як хочаце, каб яны адносіліся да вас». Хочаце, каб на вашу свежапамытую і развешаную на балконе бялізну вытрасла свой дыванок суседка, якая жыве паверхам вышэй? Значыць, выкіньце змесціва мужавай попельніцы на балкон суседзяў, што жывуць пад вамі. А, вы жывяце на верхнім паверсе і ўпэўнены, што вас гэта не датычыцца? Не спадзявайцеся: птушкі лятаюць высока, да таго ж з  імі не паскандаліш… Выпускаеце коціка з кватэры, лянуючыся адчыніць яму дзверы пад’езда і не зважаючы, што ён робіць свае справы на суседскім дыванку? Але ж суседзі таксама могуць завесці коціка ці сабачку, які будзе шчодра меціць вашы дзверы. Чысценька прыбіраеце двор і агарод і складзіруеце «водарную» кучу кампосту пад суседскім плотам? То чаму ж абураецеся, што сусед з другога боку паставіў каля вашага  ўчастка пчаліныя вуллі, хоць вы яго і папярэджвалі пра сваю алергію?

«Свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага» – аўтарства гэтага выказвання прыпісваюць анархісту Бакуніну, французскаму пісьменніку Гюго і многім іншым. Яшчэ ў 12 стагоддзі ў Парыжы суд разглядаў справу парламентарыя, які, размахваючы рукамі падчас размовы, зачапіў нос калегі, і ў адказ на аргумент падсуднага «Я свабодны чалавек і маю права махаць рукамі» вынес вердыкт: «Ваша свабода размахваць рукамі заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага носа».

«Усе мы  суседзі па дому, па вёсцы ці па Сусвеце – бярыце вышэй», – спявае ў вядомай песні гурт «Крамбамбуля». Давайце памятаць пра гэта. Бо з чым мы да суседзяў – з тым і суседзі да нас.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик